У гэтых інтэрвію прыдуманыя толькі пытаньні, але кожнае зь іх максымальна дапасаванае да тэматыкі адказу, каб ня ўвесьці чытача ў зман. Кожны адказ — гэта завершаная думка, без маніпуляцый. Гэта поўныя цытаты, якія можна зь лёгкасьцю адшукаць у публіцыстычных творах герояў інтэрвію.
Чарговая гутарка — з Бруна Бэтэльгеймам (1903–1990), псыхолягам, псыхіятрам і пісьменьнікам. Ягоныя словы ўзяты з кнігі «Прасьветленае сэрца».
Хто такі Бруна Бэтэльгейм?
Нарадзіўся ў габрэйскай сям’і ў Вене. Захапляўся псыхааналізам. У 1938–1939 як габрэй быў вязьнем Дахаў і Бухэнвальду. Быў вызвалены паводле амністыі да дня нараджэньня Гітлера. Пасьля вызваленьня жыў і працаваў у ЗША. Аўтар шматлікіх твораў з псыхалёгіі і псыхатэрапіі. На досьведзе канцлягеру напісаў кнігу «Прасьветленае сэрца».
Вывучаў паводзіны людзей у экстрэмальных сытуацыях канцлягеру, дасьледаваў аўтызм, псыхалягічную ролю чытаньня для дзяцей.
Учыніў самагубства пасьля працяглай дэпрэсіі.
«Каб выжыць у нечалавечых умовах ціску, патрэбная ўнутраная сіла»
— Спадар Бруна, няўжо так важная салідарнасьць іншых народаў і краінаў з Беларусьсю, калі гэта ня «іх асабістая справа» і калі нібыта «нельга ўмешвацца ва ўнутраныя справы краіны»? Што могуць зрабіць жыхары краінаў Эўропы для беларусаў? Якое значэньне мае зьнешняя падтрымка?
— Так было і з габрэямі ў Эўропе. Каб свабодны сьвет меў гатоўнасьць дапамагаць ім больш, больш бы іх знайшло сілы для супраціву, больш бы іх схавалася на час ці выжыла. Той факт, што сьвет ізаляваўся ад іх, пазбавіў габрэяў жыцьцёвай сілы, зламаў іх волю да супраціву.
Каб выжыць у нечалавечых умовах ціску, патрэбная ўнутраная сіла. Каб яе сабраць, важна, каб чалавек адчуваў падтрымку іншых. Напрыклад, многія габрэйскія дзеці ў Францыі выжылі б, каб іх бацькі адчувалі падтрымку французаў. Тыя, хто выжыў, апавядаюць, што іх бацькі здолелі знайсьці францускія семʼі, якія былі гатовыя даць прытулак габрэйскім дзецям. Так унутраная воля да жыцьця залежыць у большай меры ад дапамогі звонку — і яны дзіўным чынам пераплецены.
Нацысты зьнішчалі эўрапейскіх габрэяў і мільёны людзей іншых нацыянальнасьцяў, якіх яны лічылі непажаданымі. Але ніхто, акрамя габрэяў, не дапамагаў габрэям, і нават многія габрэі ў вольным сьвеце не занадта клапаціліся аб габрэях, вось чаму іх воля да жыцьця першай аслабла і затым зьнікла. Адно з апошніх пасланьняў варшаўскага гета абвяшчае: «Сьвет маўчыць, сьвет ведае і маўчыць. Папа Рымскі маўчыць. Маўчыць Лёндан і Вашынгтон. Маўчаць амэрыканскія габрэі. І гэтае маўчаньне страшнае і неспасьцігальнае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму беларусы такія? (Не)прыдуманае інтэрвію з філёзафам Абдзіраловічам— А што з унутранай падтрымкай?
— Сама па сабе воля да жыцьця можа стаць той сілай, якую чалавек чэрпае звонку — з падтрымкі рэальнай ці ўяўнай. Вось чаму тыя, хто аддана клапоцяцца аб тых, хто трапіў у бяду, зьяўляюцца самай моцнай уяўнай ніткай, якая зьвязвае іх з жыцьцём. Адсутнасьць такой зьніжае жыцьцёвы тонус амаль да нулю.
Забойцы могуць толькі забіць. У іх няма ўлады пазбавіць нас волі да жыцьця, адняць здольнасьць барацьбы за жыцьцё. Мэтады, якія ўжывалі нацысты да габрэяў — гвалтоўная дэградацыя, зьнясіленьне, зьнямога катаваньнямі, голадам, хваробамі — гэта сурʼёзна аслабіла волю да жыцьця і адкрыла шлях сьмерці. Калі такі стан абцяжарвалі пачуцьцём пакінутасьці, чалавек цалкам пазбаўляўся сіл, неабходных для барацьбы за выжываньне. І тады ён ужо не мог адмовіцца капаць уласнаю магілу або ісьці ў газавую камэру.
«Разбурыць асобы арыштаваных і ператварыць іх у паслухмяную масу»
— Чаму нашых «палітычных» у ізалятарах і турмах катуюць голадам, холадам, сьпёкай, не перадаюць лекі, перадачы і лісты ад родных? Гэта нейкі сьвядомы плян? Якая мэта ў катаваньнях?
— Вязьні праводзілі на сьпёцы, пад дажджом і на марозе па 17 гадзін у дзень, усе сем дзён на тыдзень. Умовы жыцьця, ежа і адзеньне былі такімі, каб трымаць вязьняў на мяжы выжываньня. Пры паўгалодным стане яны мусілі выконваць цяжкія працы. Кожнае імгненьне іх жыцьця строга рэглямэнтавалася і асочвалася. Ні хвіліны адзіноты, ніякіх спатканьняў, адваката ці сьвятара. Мэдычная дапамога не гарантавалася, калі-нікалі вязьні атрымлівалі яе. Вязьні ня ведалі, за што яны трапілі ў лягер і на які тэрмін.
Лягеры служылі розным, хоць і зьвязаным паміж сабой мэтам. Галоўная — разбурыць асобы арыштаваных і ператварыць іх у паслухмяную масу, дзе немагчымы ані індывідуальны, ані калектыўны супраціў. Другая мэта — тэрарызаваць астатняе насельніцтва, выкарыстоўваючы вязьняў як закладнікаў і як прыклад запалохваньня ў выпадку супраціву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кожны можа пачаць рэформы зь сябе і цяпер». (Не)прыдуманае інтэрвію з Вацлавам ГавэламВязьню дазвалялася атрымліваць толькі два вельмі кароткія лісты ў месяц. Вельмі часта як пакараньне абмен лістамі спыняўся, часам на месяцы. Але нават калі дазвол быў, працэдура перапіскі абстаўляліся так, што станавілася страшна балючай, і лісты гублялі цану. Праз некаторы час пачынала здавацца, што наогул ня варта зьвяртаць занадта шмат увагі на зьвесткі з хаты. Напрыклад, прыходзіць эсэсавец з вялікім мяшком пошты і чытае імёны зьняволеных, якім прыйшлі лісты. Скончыўшы пералік, ён са словамі: «Цяпер вы, сьвіньні, ведаеце, што атрымалі пошту», спальвае ўвесь мяшок.
Нягледзячы на паступовую страту старых эмацыйных сувязяў, замены ім у лягеры не было. Уся эмацыйная энэргія сыходзіла на барацьбу за элемэнтарнае выжываньне. Сямʼя заставалася ледзь не адзінай крыніцай папаўненьня эмацыйных сілаў. Але ўсё звонку і ўнутры лягера спрыяла эмацыйнай ізаляцыі.
— Як магчыма патлумачыць паводзіны міліцыянтаў, канваіраў у ІЧУ і СІЗА, якія, здаецца, ня маюць ані кроплі чалавечнасьці, спачуваньня да вязьняў?
— Лягеры служылі таксама палігонам для выпрабаваньня СС. Тут іх вучылі вызваляцца ад сваіх ранейшых чалавечых рэакцый і эмоцый, ламаць супраціў безабароннага грамадзянскага насельніцтва. Лягеры былі экспэрымэнтальнай лябараторыяй, дзе адпрацоўваліся мэтады найбольш «эфэктыўнага» кіраваньня масамі. Там вызначаліся мінімальныя патрэбы ў ежы, гігіене, мэдычным абслугоўваньні, неабходныя, каб падтрымліваць у вязьнях жыцьцё і здольнасьць да цяжкай працы, калі страх пакараньня замяняе ўсе нармальныя стымулы.
Палітычныя вязьні
— Як перажыць шок ад затрыманьня і не дэградаваць у ізалятарах і калёніях, не «здрадзіць сабе»? Ці аднолькава паводзяць сябе ў турме «абывацелі» і «ідэйныя»?
— Успрыманьне траўматычнай сытуацыі залежыць ад асобы чалавека, ад яго сацыяльнага паходжаньня і палітычных поглядаў. Непалітычныя зь сярэдняй клясы (меншасьць у лягеры) цяжэй за ўсіх перажывалі зьняволеньне. Яны доўга не маглі зразумець — што зь імі здарылася і чаму. Пры пакараньнях яны запэўнівалі СС, што ніколі не супраціўляліся нацызму і былі паслухмяныя закону. Яны лічылі сваё зьняволеньне памылкай. Эсэсаўцы зьдзекаваліся зь іх як маглі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зло чыняць ня монстры, а звычайныя людзі. (Не)прыдуманае інтэрвію з дасьледчыцай дыктатур Ганнай АрэнтГэтых арыштаваных найбольш за ўсё падаўляла, што да іх ставіліся, як да звычайных крымінальнікаў. Іх паводзіны паказваюць, наколькі была слабой апалітычная сярэдняя нямецкая кляса ў супрацьстаяньні нацыянал-сацыялізму. У гэтай клясы не было прынцыповасьці ні ў філязофскіх, ні ў этычных, ні ў палітычных і сацыяльных пытаньнях. Іх самапавага была заснаваная на сямейным ці прафэсійным дабрабыце. У лягеры іх найбольш прыніжалі зварот на «ты» і пагарда да іх статусу. І менавіта гэтая страта статусу разбурала іх асобу. Часьцей за ўсё самазабойствы былі сярод людзей з гэтай групы. Многія з іх упадалі ў дэпрэсію, побытавыя канфлікты, пастаяннага шкадаваньне сябе. Яны былі няздольныя да самастойнасьці і капіявалі паводзіны іншых, у асноўным — крымінальнікаў. Некаторыя прыслужвалі эсэсаўцам, рабіліся іх шпіёнамі (звычайна ў лягеры шпіёнілі толькі крымінальнікі).
Што тычыцца палітычных, то яны былі псыхалягічна гатовыя да зьняволеньня. Яны прымалі яго сьвядома. Канечне, яны трывожыліся за свой лёс, за лёс сваіх сем’яў і сяброў, але не дэградавалі толькі ад аднаго факту зьняволеньня.
«Ініцыяцыя»
— Чаму затрыманых вельмі жорстка зьбівалі амапаўцы? Чаму іх білі як пры затрыманьні, так і ў аўтазаках, так і ў камэрах, актавых залях міліцыі? Чым можна патлумачыць такую жорсткасьць і зьдзекі, брудную лаянку, пагрозы згвалціць?
— Гэта была «ініцыяцыя». На ўсім шляху да лягеру іх паддавалі амаль пастаянным катаваньням. Характар катаваньняў залежаў ад фантазіі эсэсаўца-канваіра. Але і тут быў абавязковы набор — зьбіцьцё плёткай, удары ў твар, жывот і пахвіну, агнястрэльныя і штыкавыя раненьні. Усё гэта перамяжоўвалася працэдурамі, якія выклікалі крайнюю стому, напрыклад, вязьняў прымушалі гадзінамі стаяць на каленях.
Час ад часу каго-небудзь расстрэльвалі. Была забарона перавязваць раны сабе ці таварышам. Ахоўнікі вымушалі вязьняў абражаць і біць адзін аднаго, блюзьнерыць, паліваць брудам сваіх жонак. Я не сустрэў ніводнага вязьня, які б пазьбег працэдуры «ініцыяцыі», якая працягвалася ня менш за 12 гадзінаў, а часта і нашмат больш.
Мэта такой пачатковай масавай траўматызацыі — зламаць супраціў вязьняў, зьмяніць калі ня іх асобы, то іх паводзіны. Катаваньні рабіліся ўсё менш жорсткімі ў меру таго, як вязьні спынялі супраціў і падпарадкоўваліся любому загаду эсэсаўцаў.
«Ініцыяцыя» была часткай добра распрацаванага пляну. Цяжка сказаць, наколькі працэс зьмяненьня асобы паскараўся «ініцыяцыяй». Большасьць вязьняў даволі хутка апыналася ў стане поўнага зьнясіленьня: фізычнага — ад зьдзекаў, страты крыві, смагі і гэтак далей, псыхалягічнага — ад неабходнасьці падаўляць свой гнеў і пачуцьцё безвыходнасьці, каб не сарвацца і не загінуць. Пагрозы і брудная лаянка з боку эсэсаўцаў амаль заўсёды тычыліся анальнай сфэры.
Другім сродкам рэгрэсіі да дзіцячых паводзінаў была праца. Вязьняў, асабліва «навічкоў», прымушалі рабіць абсалютна бессэнсоўную працу. Напрыклад, перацягваць камяні з аднаго месца на другое, а потым назад. Ці капаць ямы голымі рукамі, калі рыдлёўкі ляжалі побач. Праца, якую выконвалі вязьні, і зьдзекі, якім яны падвяргаліся, разбуралі самапавагу і не дазвалялі бачыць у сабе і таварышах паўнавартасных дарослых людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Былі крыкі ў экстазе». (Не)прыдуманае інтэрвію з прэм’ерам БНР Луцкевічам пра 25 сакавіка 1918 годуКаб не пераўтварыцца ў «хадзячы труп»
— Спадар Бруна, як у турэмных умовах захаваць сябе, ня толькі фізіялягічна выжыць, але застацца асобай?
— Ва ўмовах крайняй ізаляцыі ўплыў навакольнай абстаноўкі на асобу можа стаць татальным. Выжываньне чалавека тады залежыць ад яго здольнасьці захаваць за сабой некаторую сфэру свабодных паводзінаў, утрымаць кантроль над нейкімі важнымі аспэктамі жыцьця, нягледзячы на ўмовы, якія здаюцца непераадольнымі. Каб застацца чалавекам, ня стаць ценем СС, неабходна было выявіць дастаткова важныя для нас жыцьцёвыя сытуацыі, якімі мы маглі б кіраваць.
Для выжываньня неабходна, нягледзячы ні на што, авалодаць некаторай свабодай дзеяньня і свабодай думкі, хай і нязначнай. Дзьве свабоды — дзеяньня і бязьдзеяньня — нашы самыя глыбокія духоўныя патрэбы.
Зьнікала ўпэўненасьць, што твае ўчынкі маюць хоць нейкі сэнс, таму многія вязьні проста пераставалі дзейнічаць. Але, перастаючы дзейнічаць, яны пераставалі жыць.
Вязьні, якія засвоілі пастаянна навязаную СС думку, што ім няма на што спадзявацца, што яны могуць выйсьці з лягеру толькі ў выглядзе трупа, якія паверылі, што яны ніяк ня могуць уплываць на свой стан — такія вязьні рабіліся, у літаральным сэнсе слова, хадзячымі трупамі.
Каб не пераўтварыцца ў «хадзячы труп», а застацца чалавекам, хай прыніжаным і дэградаваным, неабходна ўвесь час усьведамляць, дзе праходзіць тая рыса, за якой няма вяртаньня, рыса, далей якой нельга адступаць ні пры якіх абставінах, нават калі гэта азначае рызыкаваць жыцьцём. Усьведамляць, што калі ты выжыў коштам пераходу за гэтую рысу, то будзеш працягваць жыцьцё, якое страціла свой сэнс.
Тыя, хто выжылі, зразумелі тое, чаго раней не ўсьведамлялі — яны валодаюць апошняй, але, можа быць, самай важнай чалавечай свабодай — у любых абставінах выбіраць сваё ўласнае стаўленьне да таго, што адбываецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Янка Купала — пра геапалітыку, рэпрэсіі, мову і аптымізм. (Не)прыдуманае інтэрвію пісьменьніка Свабодзе«Схавацца сярод людзкой масы»
— Цяпер вельмі цяжкі час для многіх нашых людзей, і для журналістаў у тым ліку. Атрымаць ад людзей нейкі камэнтар стала практычна немагчыма. Людзі, калі і пішуць нешта ў рэдакцыю — то толькі ананімна. Гэта нагадвае нечым паводзіны вязьняў у Дахаў і Бухэнвальдзе?
— Не прыцягваць увагу, быць незаўважаным — адзін з асноўных спосабаў выжываньня ў лягеры. Але менавіта гэты спосаб больш, чым нейкі іншы, дапамагаў СС «вывесьці» масу па-дзіцячы пакорных, лёгка кіраваных стварэньняў.
Зьняволены павінен быў стаць «яшчэ больш дзіцем»: яго ня толькі не павінна было чуваць, але і відаць. Яму настолькі трэба было зьліцца з масай, у такой ступені пазбавіцца індывідуальнасьці, каб ні на імгненьне не вылучацца з натоўпу. Выпадкаў, якія пацьвярджаюць карысьць такіх паводзінаў, было мноства. Напрыклад, падчас ранішняга шыхтаваньня начальнікі памяшканьняў і блёкаў, і яшчэ горш СС, вылівалі сваю злосьць перш за ўсё на тых, хто стаяў бліжэй.
Былі і іншыя прычыны схавацца сярод людзкой масы. Стоячы наперадзе, нельга было не бачыць таго, што адбывалася на пляцы. Тут, там, — усюды начальнікі і эсэсаўцы абражалі і білі ўсіх, хто варушыўся або выступаў з шэрагу. Ня бачыць гэтага было ня толькі бясьпечней, але і пазбаўляла ад бясьсільнай злосьці. Стаць нябачным — першае правіла самаабароны ў любой сытуацыі. Але патрэба адчуваць сябе нябачным зводзіць чалавека да стану дзіцяці, які хавае свой твар ад спалоху. Ананімнасьць была спосабам барацьбы зь лягернай небясьпекай. Але яна ж азначала, што чалавек сьвядома імкнецца пазбавіцца ад сваёй індывідуальнасьці і ініцыятыўнасьці.
«Не хавацца ў асабістае жыцьцё»
— Беларусаў «грамяць» ужо вельмі даўно, хутка будзе гадавіна выбараў, якія адбыліся 9 жніўня 2020 году. Але кожны дзень машына рэпрэсій знаходзіць сабе новае і новае паліва. Многія таленавітыя, разумныя людзі, бачачы, што адбываецца, разумеючы сыгналы ўлады, маглі б зьехаць. Але не зрабілі гэтага. Ёсьць ідэйныя, але ці толькі ідэяй тлумачацца паводзіны людзей, якія сьвядома застаюцца пад ударам у нашым «канцлягеры»?
— Калі гаворка ідзе пра жыцьцё і сьмерць ці фізычную свабоду, то для чалавека, які яшчэ поўны сілаў, параўнальна лёгка прымаць рашэньні і дзейнічаць. Калі ж справа тычыцца асабістай незалежнасьці, выбар губляе сваю пэўнасьць. Мала хто захоча рызыкаваць жыцьцём праз дробныя парушэньні сваёй аўтаноміі.
І калі дзяржава зьдзяйсьняе такія парушэньні адно за адным, то дзе тая рыса, пасьля якой чалавек мусіць сказаць: «Усё, дастаткова!», нават калі гэта будзе каштаваць яму жыцьця?
І вельмі хутка дробныя, але шматлікія ўступкі так высмакчуць рашучасьць з чалавека, што ў яго ўжо не застанецца сьмеласьці дзейнічаць.
Тое самае можна сказаць і пра чалавека, які ахоплены страхам за сваё жыцьцё ці свабоду. Зьдзейсьніць учынак пры першым сыгнале трывогі адносна лёгка, бо трывога — моцны стымул да дзеяньня. Але калі дзеяньне адкладваецца, то, чым больш цягнецца страх і чым больш энэргіі і жыцьцёвых сілаў марнуецца, каб яго супакоіць, не зьдзяйсьняючы ўчынку, тым менш чалавек адчувае сябе здольным на нейкі ўчынак.
У розных частках сваёй кнігі я паказваў, як падпарадкаваньне таталітарнай дзяржаве прыводзіць да распаду асобы і да праяўленьню ў ёй інфантыльных рысаў. Калі былі ўведзеныя абмежаваньні на перамяшчэньне габрэяў па Нямеччыне, тыя, хто не паддаўся інэртнасьці, успрыняў гэта як сыгнал, што прыйшоў час сысьці ў падпольле, далучыцца да руху супраціву, займець фальшывыя дакумэнты. Большасьць такіх людзей выжыла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэвалюцыя ня робіцца ў белых пальчатках». (Не)прыдуманае інтэрвію з бальшавіком N1Мой малады сваяк далучыўся да падпольля. Ён папярэджваў сваю габрэйскую сямʼю пра небясьпеку. Чым большай была пагроза, тым мацней яго сямʼя чаплялася за стары распарадак, за нажытую маёмасьць. У іх была ілюзія бясьпекі, якую давала ім маёмасьць. Зноў-такі як дзеці, яны адчайна чапляліся за прадметы, надзяляючы іх тым сэнсам, якога яны больш не бачылі ў навакольным жыцьці. Паступова адмаўляючыся ад барацьбы за выжываньне, яны ўсё больш і больш засяроджваліся на гэтых мёртвых прадметах, крок за крокам губляючы сваю асобу.
У Бухэнвальдзе я размаўляў з сотнямі нямецкіх габрэяў, прывезеных туды ўвосень 1938 году. Я пытаўся ў іх, чаму яны не пакінулі Нямеччыну, калі жыцьцё стала ўжо зусім невыносным. Адказ быў: «Як мы маглі зьехаць? Гэта значыла б кінуць свае справы, свой бізнэс». Зямныя даброты набылі над імі такую ўладу, што прыкавалі іх да месца. Замест таго, каб выкарыстоўваць наяўныя ў іх сродкі для свайго выратаваньня, людзі трапілі да іх у падпарадкаваньне.
Не сустракаючы супраціву, перасьлед габрэяў паволі ўзмацняўся. Магчыма, што менавіта пакорлівасьць габрэяў прывяла нацыстаў да думкі, што іх можна давесьці да стану, калі яны самі пойдуць у газавыя камэры.
Калі сьвет разьлятаецца ўшчэнт, калі пануе нялюдзкасьць, нельга працягваць жыць як звычайна. Трэба радыкальна пераацаніць усё, што ты робіш, у што верыш, за што змагаесься. Карацей, трэба заняць пазыцыю ў новай рэальнасьці, моцную пазыцыю, а не хавацца ў асабістае жыцьцё.
«Абязвольваньне»
— Спадар Бруна, што адбылося з нашым грамадзтвам, з нашымі людзьмі? Чаму большасьць здаецца, на першы погляд, сапраўды абыякавай аморфнай масай? Чаму, калі штодзень ідуць затрыманьні, людзі атрымліваюць вялікія тэрміны турмы, пакутуюць там, іншыя робяць выгляд, што ўсё добра — вяселяцца і жывуць «сваім жыцьцём»? Чым патлумачыць такія паводзіны?
— Пры станаўленьні рэжыму чым далей адкладалася супрацьдзеяньне яму, тым слабей рабілася здольнасьць людзей да супраціву. А такі працэс «абязвольваньня» варта запусьціць, і ён імкліва набірае хуткасьць. Многія былі ўпэўненыя, што пры наступным парушэньні дзяржавай іх аўтаноміі, ушчамленьні свабоды, пры яшчэ адной прыкмеце дэградацыі яны напэўна прымуць рашучыя дзеяньні. Аднак да таго часу яны былі ўжо ні на што ня здольныя. Позна ім давялося пераканацца ў тым, што шлях да распаду асобы і нават у лягер сьмерці вымашчаны нязьдзейсьненымі ў патрэбны час учынкамі.
Зьнішчыць усе групы, якія валодалі нейкай ступеньню свабоды, было б нерэнтабэльна — гэта магло пашкодзіць дзяржаве і парушыць працу прамысловасьці. Значыць, іх трэба было прымусіць да поўнага падпарадкаваньня шляхам запалохваньня. Гестапа называла такія групавыя меры «акцыямі» і ўжыло іх упершыню ў 1937 годзе.
Спачатку сыстэма разьвівалася марудна і разбурала асобу хутчэй сваімі якасьцямі, тыповымі для таталітарнай дзяржавы, чым загадзя прадуманымі акцыямі. Толькі пазьней, калі акцыі даказалі сваю эфэктыўнасьць, яны сьвядома плянаваліся для зьнішчэньня аўтаноміі вялікіх груп.
У час першых акцый каралі толькі лідэраў «неспакойных» груп. Патрабавалася знайсьці спосаб поўнага кантролю над усімі, і начальнікамі, і падначаленымі.
Рашэньне заключалася ў наступным: каб запалохаць чальцоў групы да такой ступені, каб іх страх за сваё жыцьцё ўраўнаважваў імкненьне цалкам падпарадкавацца начальніку. Гэтага можна было дасягнуць з дапамогай кантролю зьнізу, які, тым ня менш, ня мусіў бы ўмацоўваць нізы. Наадварот, іх варта было, наколькі магчыма, аслабіць, для чаго выкарыстаць пачуцьці азлабленьня і трывогі. Начальніка прыбіралі пры дапамозе даносу.
Быў рух супраць рэглямэнтацыі ў сфэры культуры. Важна адзначыць, што каралі нават і тых дзеячаў мастацтва, якія ня мелі ніякіх адносінаў да руху пратэсту. У выніку мала хто задаваўся пытаньнем «За што?», і былі запалоханыя ўсе дзеячы мастацтва, у незалежнасьці ад іх перакананьняў.
На першым этапе толькі некалькі прафэсійных груп, напрыклад, лекары і адвакаты, былі «прарэджаныя» падобным чынам за непрыняцьце новага, нязвыклага для іх стану ў грамадзтве. «Акцыі» супраць гэтых груп адразу паставілі іх на калені, паказаўшы, наколькі цяпер небясьпечна нават для іх мець уласнае меркаваньне ці адчуваць сябе асобай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ГУБАЗіK кіруе краінайПасьля таго, як некаторыя зь іх апынуліся ў канцлягеры, тыя, хто застаўся, адразу паказалі, што выдатна засвоілі ўрок: «добраахвотна» распусьцілі свае арганізацыі і знайшлі сабе іншую працу.
Насельніцтва адчувала страх перад канцлягерамі з моманту іх стварэньня. Аднак да ўвядзеньня групавых акцый «маленькі чалавек» мог пераконваць сябе, што лягеры створаны не для такіх нязначных людзей, як ён. Не «прымяралі» іх да сябе і чальцы нацысцкай партыі, якія лічылі, што іх становішча дазволіць ім адкрыта выражаць незадаволенасьць ці зьдзяйсьняць дробныя парушэньні дысцыпліны.
Аднак таталітарная дзяржава непазьбежна з часам пачынае ўсьведамляць важнасьць запалохваньня сваіх жа прыхільнікаў. Таму што небясьпека заключалася не ў канкрэтным меркаваньні, якога прытрымліваўся чалавек, а ў тым, што ён увогуле меў меркаваньне. Калі раней людзі зразумелі, што небясьпечна адхіляцца ад нормаў, якія ўсталявала Гестапа, то цяпер ім варта было ўсьведамляць, што ня менш небясьпечна ўвогуле мець асабістыя перакананьні.
Падначалены таталітарнай дзяржавы, нязгодны з рэжымам, мусіў стаць на шлях самападману, шукаючы сабе апраўданьні. Але тым самым ён якраз губляў павагу да сябе, якую так стараўся захаваць.
— Спадара Бруна, і што цяпер? Нічога не мяняць?
— Калі я правільна чытаю знакі нашага часу, мы толькі робім першыя крокі да таго, каб авалодаць новымі ўмовамі існаваньня. Але няварта і падманваць сябе: барацьба будзе доўгай і цяжкай, і запатрабуе ад нас усіх інтэлектуальных і маральных сіл. Калі, канечне, мы хочам апынуцца ў сьвеце розуму і чалавечнасьці, а не ў «1984».