Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГУБАЗіK кіруе краінай


Менавіта такая фармулёўка мне ўжо не здаецца мэтафарай і моцным мастацкім перабольшваньнем. ГУБАЗіКу, і ў шырокім сэнсе сілавікам, далі поўную волю, і зараз яны весяляцца, шалеюць ад паху крыві і ўсёдазволенасьці.

Раней былі нейкія процівагі хаця б у выглядзе таго ж Міністэрства замежных спраў, якое адстойвала пэўныя адносна лібэральныя рашэньні, тлумачыла, чым могуць абярнуцца рэпрэсіі, фактычна магло нават спыняць іх, як гэта было ў 2017 годзе. Былі нейкія тармазы, аналітычныя запіскі, было нейкае ўзважваньне магчымых нэгатыўных для краіны наступстваў.

Былі нейкія ўмоўныя галубы і ястрабы, якія, вядома, працавалі ў рамках адной сыстэмы і адных аўтарытарных прынцыпаў — але ўсе прапаведавалі розныя формы дасягненьня мэтаў. А цяпер той жа міністар замежных спраў Макей, спрабуючы захаваць сваё месца ў новым намэнклятурным раскладзе, першым заяўляе пра зьнікненьне грамадзянскай супольнасьці і пра сьмерць непатрэбнай нікому шматвэктарнасьці.

І цяпер яны паводзяць сябе і стылістычна, і сутнасна як хунвэйбіны, якім усё дазволена. Як апрычнікі. Як людзі, якім у гэтай канкрэтнай сытуацыі ніхто ня можа сказаць «стоп» альбо «давайце падумаем, узважым гэтыя крокі».

Граміць офіс Радыё Свабода і затрымліваць журналістаў Свабоды менавіта напярэдадні візыту Ціханоўскай у ЗША — гэта, вядома ж, моцны аргумэнт для паскарэньня санкцыяў і радыкалізацыі стаўленьня амэрыканскай палітычнай эліты да афіцыйнага Менску.

І тут паказальны момант, які «губазікі» проста ня здольныя зразумець. Цяпер ім дадзены загад граміць усё і яны маюць поўную ўсёдазволенасьць. Але гэта ня будзе цягнуцца доўга.

Лукашэнка адчувае, што аддаў сілавікам надта шмат улады, і, у адрозьненьне ад іх, лічыць, што гэта часова і што гэта трэба будзе «падкарэктаваць». Менавіта ў сілавых ведамствах за 2020–21 год адбылося найбольш кадравых зьменаў на найвышэйшым узроўні. Менавіта ў сілавых структурах найбольш актыўна тусаваліся кадры і мяняліся міністры — каб нехта, атрымаўшы карт-блянш на пагром грамадзянскай супольнасьці, не пачаў пераацэньваць свае магчымасьці і свой уплыў.

Калі кажуць пра 1937 год, то ня варта забываць адну акалічнасьць. Пасьля рэвалюцыі бальшавікі спачатку зьнішчылі палітычных апанэнтаў, а потым узяліся за сваіх. Мала хто са старых бальшавікоў дажыў да 1938-га. Большасьць з тых сьледчых, якія шчыравалі ў 1937-м, не дажылі да 1938-га. Дый тыя ж апрычнікі і хунвэйбіны пераважна кепска скончылі. Лёс тых, хто сёньня з падлеткавай радасьцю хапае людзей з крыкам «нам усё дазволена», — пры любым разьвіцьці падзей будзе незайздросны.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG