Як піша Праваабарончы цэнтар «Вясна», Уладзіслава Марціновіча абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу — заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы. Яму пагражае пазбаўленьне волі ад 2 да 7 гадоў.
Справу разглядае судзьдзя Алена Ананіч, бок абвінавачваньня прадстаўляе Аляксандар Рамановіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Звольнімся ўсе. Будзеце самі лячыць, прышываць рукі і ногі». Як мэдыкі абаранялі калегаў ад звальненьняУ чым вінавацяць?
Паводле абвінавачваньня, Уладзіслаў Марціновіч у жніўні 2020 году «стварыў тэлеграм-канал „Белыя халаты“, распаўсюджваў матэрыялы, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі, штучнае нагнятаньне напружанасьці і супрацьстаяньня ў грамадзтве, прапаганду ідэалёгіі экстрэмізму, а таксама паслабленьне пачуцьця патрыятызму».
Згодна з матэрыяламі справы, у тэлеграм-канале «Белыя халаты» зафіксаваныя неаднаразовыя факты заклікаў да масавага звальненьня мэдработнікаў, няякаснага аказаньня дапамогі і ўдзелу ў пратэстах. Акрамя гэтага, выяўлены публікацыі аб падтрымцы ў правядзеньні масавых акцый мэдработнікамі, спосабах супрацьдзеяньня ўладзе, а таксама паведамленьні, якія дыскрэдытуюць супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдыкі Беларусі і замежжа запусьцілі акцыю ў падтрымку страйкоўцаў«Мэтай рэсурсу зьяўляецца ўзьдзеяньне на сьвядомасьць і волю работнікаў аховы здароўя і мэдыцыны Рэспублікі Беларусь, а таксама навучэнцаў і выкладчыкаў мэдустановаў адукацыі краіны», — гаворыцца ў абвінавачваньні.
Такім чынам, Уладзіслаў Марціновіч нібыта зьдзейсьніў злачынства, прадугледжанае ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу — публічна заклікаў да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаньнем глябальнай кампутэрнай сеткі інтэрнэт.
Пазыцыя абвінавачанага
Падсудны сваю віну не прызнае. На пытаньне, ці зразумела яму абвінавачваньне, ён адказаў, што не.
«Спачатку гаворыцца аб стварэньні каналу, потым аб распаўсюдзе. Хацелася б ведаць, мне ставіцца ў віну ўсё гэта ў сукупнасьці — і распаўсюджваньне, і стварэньне, і публікацыя? Ці зьяўляецца стварэньне і вядзеньне каналу злачынствам? Ці сапраўды кожны пост зьмяшчае заклікі і шкоду?»
Студэнт заявіў, што «ў сваіх дзеяньнях ён не знаходзіць ніводнага парушэньня Крымінальнага кодэксу». Ён таксама абверг адміністраваньне каналаў у тэлеграме. Па яго словах, гэта ён казаў і супрацоўнікам міліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Закрываюць установы і звальняюць мэдыкаў тыя, хто не стварыў нічога». Інтэрвію з былым міністрам аховы здароўя ЗелянкевічамАднак пасьля затрыманьня прэс-служба МУС апублікавала «пакаяльнае відэа», дзе ён прызнаецца, што ён нібыта зьяўляецца адміністратарам тэлеграм-каналу «Белыя халаты». Праваабаронцы зазначаюць, што відэа змантаванае са словаў Уладзіслава.
Уладзіслава Марціновіча затрымалі 19 лістапада — у той самы дзень, што і журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч, і лекара Арцёма Сарокіна, якіх асудзілі за абнародаваньне мэдычных дакумэнтаў забітага жыхара менскай «плошчы Перамен» Рамана Бандарэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё, што робіцца цяпер, катастрофай адгукнецца ў будучыні», — знаныя лекары пра арышты і ад’езд дактароўУ навіне прэс-службы МУС аб затрыманьні Ўладзіслава Марціновіча адзначылі, што «падчас затрыманьня той спрабаваў разьбіць тэлефон, каб заблякаваць доступ да акаўнта, зь якога адміністраваў рэсурсы».
На судзе малады чалавек абверг гэта, бо на той момант ужо «ня мог рухацца».