Навошта Лукашэнка чарговы раз паехаў да Пуціна? Чаму Лукашэнка зьвязаў недзяржаўныя арганізацыі з замахам на Алега Гайдукевіча? Што азначае артыкул Пуціна пра «адзіны народ» расейцаў і ўкраінцаў?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў «Праскім акцэнце» адказваюць палітоляг, кіраўнік варшаўскага Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў і палітычны аналітык Віталь Цыганкоў.
Вусаў
- Тое, што адбываецца зь недзяржаўнымі арганізацыямі ў Беларусі, — у рэчышчы таго, што адбывалася з НДА ў Расеі ў апошнія гады.
- Там таксама жорстка прайшліся па НДА, увялі закон аб «замежных агентах».
- Расейскі абсурд адбываецца і на Беларусі.
- Лукашэнка паехаў да Пуціна ня столькі скардзіцца, колькі прасіць дапамогі ў рэалізацыі паглыбленага тэрору ў Беларусі.
- Усе гэтыя замахі на Азаронка, на Гайдукевіча, «змова» Зянковіча-Фядуты, пасадка самалёта Ryanair — я мяркую, што Расея да ўсяго гэтага мела дачыненьне.
- Лукашэнка ў Санкт-Пецярбургу хацеў атрымаць палітычную і ідэалягічную падтрымку Пуціна ў зьнішчэньні рэштак грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.
- Расея цяпер у даволі глыбокім сацыяльна-эканамічным заняпадзе.
- Расейскія ўлады спрабуюць кампэнсаваць гэты заняпад зьнешнепалітычнымі посьпехамі.
- Пуцін у сваім артыкуле паўтарае старую імпэрскую парадыгму пра трыадзіны народ расейцаў, украінцаў і беларусаў.
- Зьяўленьне гэтага артыкула Пуціна сьведчыць аб тым, што Расея будзе рэалізоўваць праект аднаўленьня адзінства гэтых трох народаў.
- Часткова ён ужо рэалізуецца гібрыднымі ўплывамі на Ўкраіну.
- У дачыненьні да Беларусі Расея імкнецца рэалізаваць паказальны праект удалай інтэграцыі.
- Маскве ўжо мала эканамічнай інтэграцыі зь Беларусьсю, мэта — поўны кантроль прынамсі над зьнешняй палітыкай Беларусі.
- Артыкул Пуціна — маніфэст цяперашніх расейскіх элітаў.
Цыганкоў
- Лукашэнка езьдзіць да Пуціна скардзіцца на кепскіх заходнікаў.
- Больш няма каму скардзіцца.
- Ён скардзіцца, каб атрымаць дапамогу.
- Што тычыцца «мярзотных НДА», то яшчэ раней кіраўнік МЗС Беларусі Макей папярэджваў, што ў выніку ўвядзеньня санкцыяў грамадзянская супольнасьць Беларусі зьнікне.
- Улады ўзялі курс на выкананьне гэтага папярэджаньня.
- Гэта будзе суправаджацца яшчэ большым пагаршэньнем адносінаў з Захадам.
- Пуцін дэманстраваў, што яму, як кіраўніку вялікай дзяржавы, размаўляць пра «мярзотныя НДА» не да твару.
- У Лукашэнкі ў сустрэчах з Пуціным застаецца ўсё менш свабоды манэўру.
- Страты ад санкцыяў Беларусі можа аплаціць толькі Расея.
- Артыкул Пуціна пра адзінства расейцаў і ўкраінцаў — гэта дэклярацыя прынамсі пажаданьняў.
- Адзін расейскі публіцыст дзяліўся досьведам размоваў з расейскімі людзьмі ў правінцыі.
- Яны разумеюць усе недахопы сучаснай сыстэмы ў Расеі, абураюцца карупцыяй, пагаршэньнем жыцьця.
- У даляравым эквіваленце там пэнсіі за 5 гадоў зьменшыліся ў 2 разы.
- Але дастаткова завесьці зь людзьмі ў расейскай правінцыі гутарку пра Крым, яны ўсе — за «Крымнаш» і за Пуціна.
- Гэты артыкул — не абавязкова пралёг уварваньня.
- Пуцін умее адступаць, мы памятаем, як увесну сёлета войскі падвялі да межаў Украіны, а потым адвялі.
- Пуцін бачыць праблему ва Ўкраіне. А ў Беларусі ён ня бачыць праблемы, там яму ўсё зразумела.
Што было раней
- Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў аўторак дамовіліся аб крэдытнай падтрымцы Беларусі ў сувязі з падатковым манэўрам у РФ.
- Пра гэта паведаміў журналістам прэсавы сакратар расейскага лідэра Дзьмітры Пяскоў па выніках перамоваў, якія прайшлі ў Санкт-Пецярбургу.
- «Дамовіліся пра аб’ёмы крэдытнай падтрымкі ў сувязі з падатковым манэўрам у Расеі», — сказаў Пяскоў.
- Таксама ён паведаміў, што Пуцін і Лукашэнка дамовіліся пра захаваньне цаны на расейскі газ у 2022 годзе на ўзроўні бягучага году. Апрача таго, былі ўзгодненыя захады супрацоўніцтва ў канкрэтных галінах, у прыватнасьці ў энэргетыцы.
- Пяскоў адзначыў, што ў Пуціна і Лукашэнкі была «грунтоўная і працяглая па часе размова». Сустрэча працягвалася больш за пяць гадзін.
- Падчас размовы з Пуціным Лукашэнка сказаў, што ворагі яго ўлады «перайшлі да індывідуальнага тэрору», маючы на ўвазе распаўсюджаныя дзяржаўнымі СМІ гісторыі пра напады на тэлевядоўцу Рыгора Азаронка і на дом палітыка Алега Гайдукевіча.
- «Мы вельмі актыўна цяпер пачалі працу па ўсіх гэтых НКА, НДА, так званых заходніх СМІ, якія тут дэмакратыю нам дарылі, — а фактычна накідалі — і не дэмакратыю, а вось гэты вось тэрор», — сказаў Лукашэнка.
- «Мы ня можам інакш, таму што гэтыя мярзотныя паўтары тысячы НКА, — аж паўтары тысячы, аказваецца, розных там фондаў, яны фінансаваліся звонку, а мы ўсё думаем: ну добра, дэмакратыя, давайце будзем гаварыць, давайце будзем супрацоўнічаць, ну вось і атрымалі адпаведны вынік», — заявіў ён.