Уладзімер Някляеў — беларускі паэт, празаік і грамадзка-палітычны дзеяч. У 2010-м быў кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах. У дзень выбараў яго жорстка затрымалі, пазьней абвінавацілі па артыкуле «Масавыя беспарадкі». Асудзілі на 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай. Быў прызнаны палітычным зьняволеным.
Уладзімер Някляеў расказвае, як праводзіць гэты дзень.
— Чым адметны для вас гэты юбілей?
— Тым, што перад ім было 74, а пасьля яго будзе 76. Яшчэ адметны, больш значна, тым, што адбываецца ў краіне. І праз тое, што адбываецца, ніякі юбілей не спраўляецца так, як ён мусіў бы справіцца. Бо палічыўшы сваіх гасьцей, якіх звычайна запрашаю на такія сьвяты, я ўбачыў, што палова зь іх у турме. Ну, і пры такіх абставінах не засьпяваеш, бо можа горла перасмыкнуць.
— А каго вы хацелі запрасіць на юбілей?
— Усе гэтыя прозьвішчы ведаюць: Мікола Статкевіч, які быў на ўсіх юбілеях, Павал Севярынец, Каця Андрэева, унучка аднаго з маіх найлепшых сяброў, якую я вельмі люблю. Я магу называць гэтыя прозьвішчы доўга. Я налічыў, што ня менш за сотню людзей, якіх я ведаю, цяпер зьняволеныя, а палову зь іх я ведаю ці блізка, ці зусім блізка, і гэта перажываць, канечне, вельмі няпроста.
— Вы зь імі лістуецеся?
— Так, але, як відаць па адказах, наўрад ці мае лісты да іх даходзяць. І іхнія апошнім часам сталі даходзіць усё радзей. Напачатку неяк лепш усё выглядала, а цяпер каму ні пішу, амаль што ніхто не адказвае. Прычым не адказваюць тыя людзі, якіх я ведаю, што яны абавязковыя ў гэтым, значыць, проста пазбаўляюць іх інфармацыі. Тое самае было і са мной, калі я сядзеў, тут ніякага дзіва няма. Мне лісты, якія я пісаў найперш да сваёй жонкі і да сяброў, аддалі толькі пасьля таго, як уся там скончылася справа. Сказалі, што забыліся адправіць. Добра, што хоць так вярнулі.
— На свае юбілеі вы звычайна едзеце ў Крэва, а на гэты раз?
— Нават у Крэва не паехаў. Там улады мясцовыя, дый смаргонскія, ня самі, зразумела, а праз тэлефанаваньні наверх, не дазволілі мне зрабіць невялічкую імпрэзу каля Крэўскага замка, дзе я нарадзіўся і рос. І я падумаў, што каб не адбылося як у Сяргея Гапона з Крэва, калі ён наладзіў https://www.svaboda.org/a/31151706.html асабістае сьвята, а да яго прыйшлі ў падворак. То і тут у падворак могуць прыйсьці, ды яшчэ гасьцей пазабіраць. Таму давядзецца абысьціся безь ніякага, ва ўсялякім выпадку без фанфарнага на гэты раз сьвята.
— А якую імпрэзу вы хацелі зладзіць у Крэве з нагоды юбілею?
— Акторы, музыкі, прачытаўшы маю драму «Ягайла», якая была надрукавана ў «Дзеяслове», вырашылі ў падарунак мне паставіць сцэны з гэтай драмы, калі ня ў Крэўскім замку, дык каля замка. Я заўсёды адзначаў свае юбілеі ў Крэве: на 60 гадоў езьдзіў зь сябрамі ў Крэва, і мы паклалі ў сьцяну Крэўскага замка 60 камянёў, на 70 мы паклалі 70 камянёў. Вось у гэтым годзе пакласьці 75 ня выпала.
— Што вас найбольш хвалюе ў сёньняшняй сытуацыі ў краіне?
— Сытуацыю абазначыла ўлада вуснамі КДБ: мы праводзім зачыстку. Вось яны самі сказалі пра тое, што яны робяць, яны проста зачышчаюць. Калі б гэтыя людзі зьбіраліся заставацца ва ўладзе і нешта рабіць для народу і дзяржавы, яны б таго не рабілі, што цяпер твораць. Гэта нешта дзікунскае, што ня мае вызначэньня.
Я спрабаваў неяк кваліфікаваць, сфармуляваць сутнасьць, і мне не ўдалося гэта зрабіць, бо гэта ўнікальная зьява ня толькі ў гісторыі Беларусі, а ў чалавечай гісторыі. Так што, разумеючы, што яны сыдуць, яны хочуць пагуляць. Як кажуць, паміраць, дык з музыкай. Як мой знаёмы аднаклясьнік крычаў, мне паміраць аднаму страшна, а вось калі разам з усімі рвануць гэты сьвет, дык нават парадаваўся б. Вось яны разам з сабой хочуць рвануць нас усіх. Гэта наўрад ці ўдасца, але крыві нашай яны яшчэ, як клапы, пап’юць.
— Як праводзіце гэты дзень?
— Я дома ў Менску. Устаў і працаваў з раніцы, бо днём такая сьпякота і духата, што працаваць немагчыма. І наогул з узростам графік жыцьця зьмяняецца. Я зьдзіўляўся, калі быў зусім малады, калі там старэйшыя пісьменьнікі Брыль, Быкаў, Барадулін, Гілевіч зь пеўнямі прачыналіся, калі я толькі соладка засынаў, і пачыналі цюкаць на машынках ці пісаць. Думаў, ну што ім ня сьпіцца? А цяпер бачу, што гэта проста так вось прырода кіруе намі. Калі ты хочаш нешта зрабіць, то выбірай найлепшы час.
— Хто вас ужо павіншаваў?
— Ой, шмат, бясконцая колькасьць людзей, пісьменьнікі, паэты, хапіла віншаваньняў і ўсялякіх падарункаў. З амбасадаў надасылалі вінаў, белыя ёсьць і чырвоныя, так што сёньня вечарам вып’ю келіх белага, пасьля чырвонага і зноў белага. Так што будзе бел-чырвона-белае віно за Беларусь.
— Да гэтага юбілею вы завяршылі новы раман, ён надрукаваны ў «Дзеяслове». Раскажыце пра яго.
— Чалавек стараецца сам сябе павіншаваць, самому сабе зрабіць падарункі. Я такі падарунак сабе зрабіў — пад гэты юбілей скончыў раман «Гэй Бэн Гіном», што можна перакласьці як «геена вогненная». Раман пра жыцьцё і сьмерць Янкі Купалы, пра ягоную гібель у гатэлі «Масква». Але гэта такая зьнешняя канва сюжэту.
А ўнутрана гэта раман пра Беларусь, пра беларусаў, пра лёс кожнага з нас. У тым ліку пра мой лёс, бо я там прысутнічаю як пэрсанаж з такімі відавочнымі прыкметамі біяграфіі.
Я доўга абдумваў гэты раман, доўга да яго рыхтаваўся — эсэ пра Купалу напісана недзе 30 гадоў таму. Я задаваўся пытаньнем да сябе і да маёй краіны — ці той шлях і лёс, які мы пражылі, мы самі выбралі, ці яго ўсё-ткі выбралі за нас?
У рамане нароўні з Купалам асноўным пэрсанажам зьяўляецца Хрыстос. І там у самым пачатку як бы відавочная ідэя, калі Хрыстос кажа Купалу, што ёсьць людзі, якія бачаць дарогу толькі тады, калі іх па ёй вядуць. І вось Купала ў рамане таксама пачынае думаць пра сваю дарогу, пра свой лёс.
Па тых водгуках, якія я маю ад людзей, якіх паважаю, мне калі ня цалкам, то збольшага рэалізаваць гэтую задуму ў рамане ўдалося. Ён, ва ўсякім разе, атрымаўся чытэльны.
— Калі ён выйдзе асобнай кнігай?
— Тут ёсьць праблемы, але, спадзяюся, яны будуць пераадоленыя. Там жа часы купалаўскія, там няма ніякага «экстрэмізму» і проста быць ня можа. Ён не чапляе сёньняшні час, і, дарэчы, гэта добра. Ня ведаю, як каму, а мне вельмі цяжка пісаць пра сёньняшні час, таму што трэба скарыстоўваць тых пэрсанажаў, якія рэальна ў гэтым часе прысутнічаюць. А я б іх не хацеў ні на яве, ні ў сьне бачыць, а ня тое што ў літаратуры.
Я таксама думаў нешта пісаць пра падзеі жніўня і пасьля жніўня, але, па-першае, я адчуў, што пакуль што дыстанцыя ня тая. Каб аб’ектыўна і аб’ёмна напісаць, трэба адысьці, паглядзець трохі зводдаль на тое, што адбываецца перад табой сёньня.
А па-другое, усе тыя, хто міжволі ўлазіць у сюжэт, гэта ня тыя людзі, якіх я хацеў у сваіх тэкстах бачыць.
Сам па сабе сёньняшні час, ад пачатку выбарчай кампаніі, па сюжэце — гэта падарунак, гэта клайндайк для пісьменьніка. Можна, нічога не выдумляючы, проста пісаць падзею за падзеяй. Але я так ня ўмею, і трэба ўгледзецца ў гэта больш глыбока, каб ня зьбіцца на займальную бэлетрыстыку. Бо тут жа шмат займальнага, гэтыя нашыя «тры грацыі», гэта проста «брадвэй». Але трохі пачакаем, можа Бог дасьць здароўе, то напішу.