Мінімум 14 прадстаўнікоў мэдыясфэры і грамадзкіх актывістаў затрымалі 8 ліпеня па ўсёй Беларусі. Пра гэта сьведчаць дадзеныя праваабаронцаў.
Затрыманыя:
- галоўны рэдактар сайту «Нашай нівы» Ягор Марціновіч затрыманы ў Менску, на 72 гадзіны зьмешчаны ў ІЧУ, падазраецца ў справе па арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»;
- галоўны рэдактар часопісу «Наша гісторыя» Андрэй Дынько (Менск, на 72 гадзіны зьмешчаны ў ІЧУ, падазраецца па аналягічнай альбо той самай справе);
- рэдактар «Нашай нівы» Андрэй Скурко (Менск, на 72 гадзіны зьмешчаны ў ІЧУ, падазраецца па аналягічнай альбо той самай справе);
- галоўная бухгальтарка рэдакцыі «Нашай нівы» Вольга Раковіч;
- праваабаронца і галоўны рэдактар сайту Orsha.eu Ігар Казьмярчак (Ворша, затрыманы на 72 гадзіны, падазраецца па арт. 218 КК («Наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці»);
- экс-старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў (Гомель, падазраваны ў крымінальнай справе паводле артыкулу, зьвязанага з тэрарызмам);
- тэлежурналіст-фрылансэр Зьміцер Лупач (затрымалі падчас адпачынку ў санаторыі «Пліса» ў Глыбоцкім раёне, прычыны невядомыя);
- актывіст Сьцяпан Кулік (Ворша);
- Аляксандра Гаўрусік (Берасьце);
- Дзяніс Ільюковіч;
- пэдагог Арцём Стадольнік (Докшыцы, затрымалі на 72 гадзіны, крымінальная справа невядомая);
- экс-сьледчы Юры Мацяюн (Докшыцы, крымінальная справа невядомая);
- студэнтка Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ганна Багданава;
- актывіст Ільля Міронаў (Гомель, затрыманы на 72 гадзіны).
У большасьці затрыманых па месцы жыхарства прайшлі ператрусы. Таксама ператрусы праводзіліся ў рэдакцыях выданьняў «Наша ніва», Intex-press (Баранавічы), Orsha.eu (Ворша), «Мэдыя-Палесьсе» (Пінск). У Пінску ператрус адбываўся на падставе крымінальнай справы аб «акце тэрарызму». Сілавікі прыходзілі і ў офіс «Брестской газеты». Акрамя таго, вядома аб правядзеньні ператрусаў або аглядаў яшчэ ў васьмі актывістаў у розных раёнах Віцебскай вобласьці.
9 ліпеня рэдакцыя Intex-press паведаміла, што ператрус па месцы жыхарства кіраўніцтва выданьня і ў самой рэдакцыі праводзілі супрацоўнікі КДБ. Ператрус доўжыўся амаль 7 гадзін. Пасьля чаго сілавікі канфіскавалі тэхніку, а дырэктару ТАА «Выдавецкі дом „Інтэкс-прэс“» і галоўнага рэдактара выданьня Ўладзімера Янукевіча і рэдактара сайта Руслана Равяку выклікалі на допыт у аддзел КДБ. Паводле Янукевіча, яму сказалі, што іх выклікаюць у якасьці сьведак па крымінальнай справе. Астатнія супрацоўнікі рэдакцыі працягваюць сваю працу.
З ператрусам у Intex-press сілавікі прыйшлі днём 8 ліпеня. У пастанове, якую яны прад'явілі Уладзімеру Янукевічу, паведамлялася, што ператрус праводзіцца ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы па ч.2 арт.289 КК (Акт тэрарызму, дасканалы паўторна або групай асоб па папярэдняй змове) і што ў рэдакцыі могуць знаходзіцца «прадметы і прылады злачынства », а таксама дакумэнты і іншыя каштоўныя для расьсьледаваньня матэрыялы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Эўразьвязу асудзіў перасьлед «Нашай нівы» і іншых беларускіх журналістаўПасьля допытаў і дачы падпіскі аб невыдаваньні матэрыялаў сьледзтва адпусьцілі журналістку «Нашай нівы» Натальлю Лубнеўскую, фотакарэспандэнтку выданьня Шуру Піліповіч-Сушчыц, а таксама журналістку Алесю Лацінскую з сайту bobr.by (Бабруйск) і фотакарэспандэнта Orsha.eu Дзяніса Дубкова, у якіх правялі ператрусы.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, сьледчыя дзеяньні з затрыманымі праводзілі супрацоўнікі міліцыі, Сьледчага камітэту і Камітэту дзяржбясьпекі.
Сайт «Нашай нівы» перастаў адкрывацца раніцай 8 ліпеня. Міністэрства інфармацыі паведаміла, што блякавала рэсурс nn.by «на падставе апавяшчэньня Генэральнай пракуратуры ў сувязі з разьмяшчэньнем інфармацыі, распаўсюд якой забаронены пунктам 1 артыкулу 38 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У рэдакцыі «Брестской газеты», Orsha.eu і баранавіцкага выданьня Intex-Press таксама прыйшлі сілавікіПерасьлед «Нашай нівы» і журналістаў выданьня
19 траўня дадому да галоўнага рэдактара «Нашай нiвы» Ягора Марціновіча прыходзілі сілавікі. Пра гэта яму паведамілі суседзі. Дома нікога не было. Ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы, але ня быў зьвязаны з «Нашай нівай».
Яшчэ ў красавіку Эканамічны суд Менску аштрафаваў «Нашу ніву» на 300 базавых велічынь (8700 рублёў) фармальна за «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць» — за друкаваньне 20 асобнікаў газэты на прынтэры. Суд даў штраф, хоць падатковая інспэкцыя так і не знайшла доказаў, што прадпрыемства «Суродзічы», якое надрукавала газэту, атрымала хоць які даход ад друку.
Акрамя таго, шэраг буйных кнігарняў, у тым ліку «Акадэмкніга», адмовіліся прадаваць часопіс «Наша гісторыя», які выпускае рэдакцыя «Нашай нівы».
Галоўны рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч у інтэрвію Свабодзе паведамляў, што пасьля падзей жніўня 2020 году ніхто з супрацоўнікаў рэдакцыі ня звольніўся. Пры гэтым усе 20 супрацоўнікаў пабывалі на допытах у Сьледчым камітэце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік рэдактара «Нашай нівы»: «Усё вычышчаецца, бо на вуліцах няма людзей»Выключэньне з падпіскі і закрыцьцё газэт
Пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году шэраг незалежных друкаваных выданьняў сутыкнуўся з праблемамі — ім адмаўлялі ў паслугах друкарні, а «Белпошта» выключала іх з падпісных каталёгаў.
З праблемамі друку і распаўсюду, ініцыяванымі ўладамі, сутыкнуліся «Народная воля», «БелГазета», «Свободные новости Плюс», «Комсомольская правда в Беларуси», «Газета Слонімская», «Брестская газета», «Новы час». Большасьць зь іх прыпынілі выхад у друкаванай форме і перайшлі ў інтэрнэт. Разам з тым працягваецца і перасьлед онлайн-выданьняў, напрыклад, Tut.by пазбавілі статусу СМІ, а цяпер могуць прызнаць матэрыялы парталу «экстрэмісцкімі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заблякаваць Zerkalо ва ўладаў ужо не атрымаецца». Каманда Tut.by пра новы праект