Адарʼя Гуштын непакоіцца за стан здароўя мужа, якому падчас допыту ў Сьледчым камітэце выклікалі хуткую дапамогу. Паводле жонкі, Ягор ня меў праблемаў са здароўем, і ў такой сытуацыі можна меркаваць пра магчымыя катаваньні.
Журналістка расказала пра абставіны затрыманьня Ягора Марціновіча. Паводле яе, гэта адбылося, калі ён выгульваў сабаку Альму. Яго ў кайданках разам з сабакам пасадзілі ў спэцтранспарт і павезьлі ў рэдакцыю.
«Затрыманыя сумленныя людзі, патрыёты», — такім чынам яна пракамэнтавала арышт супрацоўнікаў «Нашай нівы». «Трэба трымацца праўды і закону», — такім было жыцьцёвае крэда яе мужа, падкрэсьлівае журналістка.
Сёньня тэлефон Ягора Марціновіча быў пэрыядычна актыўны ў інтэрнэце. Адарʼя кажа, што паролі на тэлефоне былі вельмі надзейныя, і калі нехта ў яго заходзіў, то, магчыма, мужа прымусілі іх назваць, мяркуе Адарʼя.
На частае пытаньне, якое ёй задаюць сёньня, чым можна дапамагчы, Адарʼя заклікае людзей працягваць чытаць «Нашу ніву» і іншыя незалежныя СМІ на розных плятформах. «Назад дарогі няма, у нас сумленьне чыстае. Журналісты Беларусі павінны працаваць», — лічыць яна.