Ужо сёньня: дзень памяці Сержука Вітушкі

Сяржук Вітушка. Купальле. Другая палова 1980-х

Падзеі 2 ліпеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

2 ліпеня 2012 году ў Вільні памёр Сяржук Вітушка, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, кіраўнік легендарнай менскай «Талакі» — аднаго зь першых моладзевых нацыянальна-дэмакратычных згуртаваньняў у часы СССР.

Быў канец 1980-х. Купальле ў лесе пад Менскам — шматлюднае, з магутным вогнішчам, карагодамі, скокамі цераз агонь, зь сьпевамі і вянкамі. З атмасфэраю сапраўднага сьвята, напоенай чаканьнем дзівосаў — і ад гэтае ночы, і ад блізкае будучыні, у якую ўступала Беларусь.

Рэй вёў ён, Сяржук: завіхаўся каля купальскіх колаў, распараджаўся наконт дроваў, выбіраў Купалінку і, здавалася, зусім не зважаў на дзясяткі захопленых дзявочых позіркаў. Малады, прыгожы, з румянцам на шчоках. Кроў з малаком. Хто мог падумаць, што гэты румянец — сьведчаньне ягонае цукроўкі...

Студэнт гістфаку БДУ Сяржук Вітушка тады старшыняваў у моладзевым гістарычна-культурным клюбе «Талака».

Курапаты. Першае шэсьце і мітынг у Курапатах 30 гадоў таму, 19 чэрвеня 1988 году. Унікальныя фота Міколы Таранды. На фота — Сяржук Вітушка

Калі «Талака» спыніла існаваньне, бо бальшыня яе сяброў уступіла ў Беларускі Народны Фронт (які разам з старэйшымі аднадумцамі і стварала), Сяржук пераехаў у любую ягонаму сэрцу Вільню, у якой меркавалася ўскалыхнуць беларускую супольнасьць.

На ягоных уроках вучні віленскай беларускай школы імя Францішка Скарыны спасьцігалі таямніцы гісторыі. Вітушка займаўся аднаўленьнем Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча і выдаваў газэту «Vilnia i kraj», пісаў для «Нашай Нівы» і газэты віленскіх беларусаў «Рунь».

А бязьлітасныя абдымкі хваробы рабіліся ўсё мацнейшымі. Кожная справа давалася Сержуку шматкроць цяжэй, чым сябрам.

Надышоў дзень, калі ў Вітушкавых вачах назусім пагасла сьвятло.

Памятаю, я сказаў яму пра свайго ўлюбёнага Борхэса, які пятнаццаць гадоў жыў і ствараў у цемры. Але Сяржук і сам быў невераемна моцны духам, хоць тады яшчэ ня ведаў, што наперадзе ампутацыя нагі й інвалідны вазок.

Страціўшы зрок, ён не разгубіўся, застаўся ў сваёй сыстэме каардынатаў.

Ён вынайшаў «сьляпыя экскурсіі» па Вільні для прыежджых беларусаў. Ён навучыўся добра наўсьлеп кулінарыць. Пачаў пісаць казкі, п’есы і беларускія тэксты на папулярныя мэлёдыі.

Усе апошнія гады Сяржук пакутліва шукаў асабісты шлях да Бога і казаў, што ня можа зразумець, чаму абедзьве галоўныя хрысьціянскія канфэсіі Беларусі не падымаюць голасу супроць перасьледу нязгодных з уладай, супроць зьнішчэньня мовы, якое вядзе нацыю ў нябыт.

Душу закутага ў вечную ноч пакутніка пасьпеў асьвятліць прамень радасьці ад выхаду ягонай першай кніжкі «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі», неўзабаве паўторанай у аўдыёвэрсіі.

Другая кніга — «Тэатар Сержука Вітушкі» пабачыла гэты сьвет, калі ён ужо бачыў іншы. Выданьне нездарма назвалі цудам.

Калі ў вас у сям’і ёсьць дзеткі, гэтая кніжка — з пальчыкавым тэатрыкам для маленькіх, з тэатрам ценяў, з пантамімамі, гульнямі, забаўлянкамі й казкамі-пірамідкамі — можа стаць цудоўнай знаходкай.

...З кім мне цяпер размаўляць пра тое, што віленскія будынкі могуць зьнікаць і зноў зьяўляцца, а жыхары — адначасова быць у розных месцах?

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, с. 628–629

Таксама ў гэты дзень


1776 — у Філядэльфіі Другі кантынэнтальны кангрэс прыняў рашэньне аб аддзяленьні паўночнаамэрыканскіх калёній ад Вялікай Брытаніі.

1875 — заснавана Нясьвіская настаўніцкая сэмінарыя.

1900 — адбыўся першы палёт дырыжабля канструкцыі графа Фэрдынанда фон Цэпэліна.

У гэты дзень нарадзіліся

1877 Герман Гесэ, швайцарска-нямецкі пісьменьнік і мастак, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ганна Янкута – пра найлепшыя кнігі беларускіх перакладаў сусьветнай клясыкі

1923Віслава Шымборска, польская паэтка, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

У памяці

1778 — памёр Жан-Жак Русо, францускі філёзаф-асьветнік.

1961 — памёр Эрнэст Гэмінгуэй, амэрыканскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Увесь Гэмінгуэй у Інтэрнэце – Альпійская мядзьведзіца-эмігрантка – Як не застрэліць сваіх – Імша для байкераў ды іншыя гісторыі

1977 — памёр Уладзімір Набокаў, амэрыканскі і расейскі пісьменьнік.

1989 — памёр Андрэй Грамыка, ураджэнец Беларусі, савецкі дзяржаўны дзеяч і дыплямат, міністар замежных справаў СССР у 1957–1985 гадах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксей Грамыка: «Трагедыя — калі прымушаюць выбіраць»