Акрамя дэфіцыту больш як 6 тысяч лекараў і мэдсёстраў, у Беларусі не хапае 1225 санітараў, амаль паўсотні памочнікаў лекараў, 550 фармацэўтаў і правізараў. У краіне недахоп акушэраў, мэдычных рэгістратараў, статыстыкаў.
Мінздароўя: усё стабільна, праблемы няма
Міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч тыдзень таму, напярэдадні Дня мэдыка,заявіў у эфіры тэлеканалу БТ1
«Калі б мы з вамі бачылі масавае звальненьне мэдыкаў, мы б іх бачылі наяве».
Паводле Мінздароўя, «аналіз афіцыйнай статыстычнай інфармацыі па выніках 2020 году паказаў, што ў арганізацыях сыстэмы Мінздароўя працуе 48 635 лекараў-спэцыялістаў (у 2019 годзе — 49 018), то бок зьмяншэньне склала 383 асобы».
Асноўная прычына — праз каранавірус звальняліся лекары-пэнсіянэры.
У апошнія 5 гадоў патрэба застаецца на ўзроўні 2,5–3 тысяч лекараў, — сьцьвярджае Мінздароўя.
Ігар Зелянкевіч, які ў 1997–2001 гадах працаваў міністрам аховы здароўя Беларусі, мяркуе, што праблема ёсьць, і вельмі сур’ёзная.
«Прасьцей за ўсё казаць, што ніякіх праблем наагул няма, але гэта прымітыўна. Дэфіцыт лекараў ёсьць. І пры наяўнасьці чатырох мэдычных ВНУ гэты дэфіцыт штогод не зьмяншаецца, а наадварот, павялічваецца. Сыходзяць ня проста мэдыкі, а цэлыя навуковыя школы, клінічныя школы. У мяне душа проста баліць», — кажа Ігар Зелянкевіч.
Сёлетнімі выпускнікамі мэдунівэрсытэтаў тэарэтычна можна закрыць усе вакансіі
У Беларусі 4 мэдычныя ўнівэрсытэты (у Віцебску, Гомлі, Горадні і Менску) і 16 мэдычных каледжаў. Штогод яны выпускаюць у сярэднім каля 3 тысяч мэдыкаў з вышэйшай адукацыяй і 4 тысячы спэцыялістаў зь сярэдняй мэдычнай адукацыяй.
Здавалася б, выпускнікамі мэдунівэрсытэтаў і мэдкаледжаў можна закрыць усе вакансіі, аднак гэтага не адбываецца.
Прычым мэдычныя ВНУ, бадай, адзіныя, дзе прыём абітурыентаў штогод павялічваецца.
У 2020 годзе дыплёмы Менскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту атрымалі 1012 выпускнікоў, зь іх 750 лекараў. Сёлета МДМУ выпускае 790 лекараў. У 2021 годзе на бюджэт сталічнага мэдунівэрсытэту будзе прынята 660 студэнтаў, 295 — мэтавы прыём, 310 будуць прынятыя на платнае аддзяленьне.
«Чарга на холтэр — 6 месяцаў. Параілі дачакацца, не памерці»
У Беларусі бракуе нэўролягаў, кардыёлягаў, ЛОР, хірургаў, траўматолягаў і нават участковых і пэдыятраў.
Вялікая праблема і ў сталіцы, і асабліва ў рэгіёнах — трапіць да вузкага спэцыяліста. Вось што пішуць чытачы Свабоды.
- «У 5-й паліклініцы Менску мой бацька спрабаваў запісацца да нэўроляга. Прапанавалі прыём толькі праз 2,5 тыдня. Пры вострым болі ў сьпіне».
- «У 2-й менскай паліклініцы немагчыма трапіць да хірурга, талён можна заказаць толькі да аднаго, і то на бліжэйшы месяц у яго прыёму няма. Другі год не магу зрабіць апэрацыю па выдаленьні варыкозных венаў».
- «Рэўматоляга ў паліклініцы няма, участковы працуе з ковіднымі хворымі, да нэўрапатоляга спрабую трапіць ужо трэці месяц. Цягам месяца адсутнічае базісны прэпарат для „рэўматоідных“ хворых сульфасалазін (адзін з самых танных — і то не змаглі закупіць своечасова)».
- «Прыхапіла сэрца — а прыём кардыёляга толькі па накіраваньні тэрапэўта. Тэрапэўт накіраваньня не дае, бо патрэбныя паказаньні холтэра. Чарга на холтэр — 6 месяцаў. Параілі дачакацца, не памерці», — сумна жартуе жанчына.
- «У Цэнтры памежных станаў на Мендзялеева, 4 да лекара запісвацца на прыём даводзіцца за два тыдні. Пару гадоў таму запісвалі празь дзень-два, а калі запісвалі на трэці дзень, выбачаліся: „Даруйце, у нас моцная загрузка“».
А што ў рэгіёнах?
«У Мазыры да дзіцячага нэўрапатоляга нават за месяц запісацца нерэальна. У журнале запісаў месцаў няма ўжо цягам паловы году», — піша чытачка Свабоды.
Двойчы звольнены за апошнія паўгода дзіцячы траўматоляг Рустам Айзатулін нядаўна ў інтэрвію ўзгадаў выпадак з уласнай практыкі:
«У мяне нядаўна была на прыёме жанчына зь Берасьцейскай вобласьці, якая расказала, што некалькі сем’яў зь дзецьмі прыехалі ў Менск, нанялі на тыдзень жытло і правялі прафіляктычны агляд дзяцей: нэўроляг, пэдыятар, хірург, афтальмоляг, ЛОР, бо ў раённай лякарні спэцыялістаў не засталося».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нас выціснулі з прафэсіі». Звольнены зь дзьвюх клінік доктар Айзатулін пра тое, што адбываецца ў мэдыцынеКадраў бракуе і ў райбальніцах, і ў вядучых РНПЦ
Асабліва адчувальны недахоп лекараў у раённых шпіталях. У Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы нестае 107 работнікаў, зь іх 33 дактароў, 38 мэдсёстраў, 5 фэльчараў. У даволі вялікую Полацкую цэнтральную гарадзкую бальніцу патрабуецца 108 працаўнікоў: мяркуючы па інфармацыі ў разьдзеле «Вакансіі», бракуе дактароў, здаецца, усіх спэцыяльнасьцяў, якія толькі бываюць.
У невялікай Бешанковіцкай раённай бальніцы адкрытыя вакансіі для двух дактароў агульнай практыкі, доктара лябараторнай дыягностыкі, доктара УЗІ, хірурга, гінэколяга, афтальмоляга, псыхіятра-нарколяга.
Складаная сытуацыя з кадрамі і ў вядучых РНПЦ краіны.
Чытач Свабоды напісаў пра свае праблемы:
«Жыву ў Менску. З 2018 году стаю ў чарзе на эндапратэзаваньне тазабедранага суставу. У другой палове 2020 году павінны былі зрабіць апэрацыю ў РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі, але адклалі з прычыны каранавірусу. Зьвязваўся з РНПЦ крыху пазьней — параілі чакаць. А паўмесяца таму сказалі, што няма лекараў-хірургаў па эндапратэзаваньні, і што будзе далей — невядома. Ужо пачаў разбурацца другі тазабедраны сустаў. Падобна, што дзякуючы ну вельмі паказальнай мэдыцыне будзем папаўняць шэрагі інвалідаў».
Паводле інфармацыі галіновай арганізацыі ў складзе Свабоднага прафсаюзу «Панацэя», толькі з РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі са жніўня 2020 году звольненыя як мінімум 15 чалавек.
«Сярод іх унікальныя спэцыялісты: практыкуючы хірург, загадчык аддзяленьня вострай траўмы РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі Сяргей Худніцкі, траўматоляг-артапэд, які кансультуе дзяцей з нэўрацягліцавымі ды іншымі рэдкімі захворваньнямі Рустам Айзатулін.
А з выстаўленых на сайце РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі вакансій вынікае, што ў кансультацыйны аддзел вядучай мэдычнай установы краіны гатовыя ўзяць спэцыяліста са стажам працы 1 год.
У РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі звольніліся 6 адмыслоўцаў анколягаў-гематолягаў, якіх замяніць проста няма кім. Звальнялі вядучых адмыслоўцаў і з РНПЦ „Маці і дзіця“ — дзіцячага кардыёляга, нэанатоляга-рэаніматоляга. І яны ня могуць знайсьці працу ў іншых мэдустановах краіны. Частка ўнікальных адмыслоўцаў вымушаная зьяжджаць за мяжу — яны працаўладкоўваюцца ва Ўкраіне, Польшчы, Чэхіі.
Хутка ня зможаш знайсьці добрага спэцыяліста нават па блаце — няма каму будзе лячыць», — кажа мэдык з «Панацэі».