Санкцыі ўводзяцца пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску і наступнага затрыманьня Рамана Пратасевіча і Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.
У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца:
- санкцыі, уведзеныя ЭЗ у 2012 годзе
- асуджэньне Эўразьвязам у траўні 2021 году прымусовай пасадкі рэйсу Ryanair у Менску, пагрозы авіяцыйнай бясьпецы і затрыманьня ўладамі Беларусі журналіста Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі
- эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.
У сувязі з гэтым уводзяцца наступныя абмежавальныя захады:
- У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
- У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
- У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
- Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.
Адпаведныя пункты рашэньня фармулююцца наступным чынам:
- Забараняецца закупка, імпарт альбо перадача зь Беларусі 5 гатункаў нафтапрадуктаў.
- Забараняецца закупка, імпарт альбо перадача зь Беларусі 5 гатункаў вырабаў з хлёрыстага калію.
- Забараняецца наўпрост ці ўскосна купляць, прадаваць, надаваць інвэстыцыйныя паслугі альбо дапамогу ў выпуску зваротных каштоўных папераў з тэрмінам пагашэньня больш за 90 дзён Беларусбанку, Белінвэстбанку і Белаграпрамбанку.
- Забараняецца наўпрост ці ўскосна заключаць альбо ўдзельнічаць у якіх-небудзь дамоўленасьцях аб выдачы новых пазыкаў альбо крэдытаў з тэрмінам пагашэньня больш за 90 дзён Беларусбанку, Белінвэстбанку і Белаграпрамбанку.
Што было раней
- На пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня міністры замежных справаў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцыяў супраць беларускага рэжыму.
- 17 чэрвеня высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў, што трыгерам для ўвядзеньня эканамічных санкцыяў супраць беларускага рэжыму стаў інцыдэнт з самалётам Ryanair у Менску.
- «У выпадку зь Беларусьсю, калі б не было згону гэтага самалёта, мы б не абмяркоўвалі эканамічных санкцыяў. Гэтая падзея справакавала адказ», — заявіў ён.
- 21 чэрвеня Бурэль заявіў, што эканамічныя сэктаральныя санкцыі ЭЗ супраць Беларусі будуць разгледжаныя на саміце ЭЗ 24–25 чэрвеня і зацьверджаныя пасьля яго.
Эўразьвяз на мінулым тыдні зацьвердзіў чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году пакет санкцыяў супраць уладаў Беларусі. У абмежавальным сьпісе 78 чалавек і восем кампаній, актывы якіх будуць замарожаныя. Усьлед за ЭЗ санкцыі супраць фізычных і юрыдычных асобаў, зьвязаных з рэжымам Лукашэнкі, увялі ЗША, Канада і Вялікая Брытанія.
У санкцыйны сьпіс трапілі такія кампаніі, як МАЗ, БелАЗ, «Белаэранавігацыя», Bremino Group, Globalcustom, «Новая нафтавая кампанія», Logex і Sohra. Сярод фізычных асобаў — судзьдзі, сьледчыя, пракуроры, дэпутаты, прадстаўнікі дзяржаўных мэдыя, адміністрацыя некаторых ВНУ, чыноўнікі і бізнэсоўцы.
Аляксандар Лукашэнка, камэнтуючы новы пакет санкцыяў Захаду супраць яго рэжыму, заявіў, што «сьвет сёньня не замыкаецца толькі на Эўрапейскім Зьвязе» і на плянэце дастаткова краін для супрацоўніцтва.