У ачэпленым СІЗА ў Гомлі пачаўся закрыты суд над блогерамі і палітыкамі. Статкевіч выгукнуў «Жыве Беларусь!»

Перакрыты праезд да СІЗА, часовыя знакі забароны прыпынку ўздоўж вуліцы

Яшчэ з 22 гадзін 23 чэрвеня пад гомельскім СІЗА-3 пачалося «ўзмацненьне». Жыхары Кніжнай вуліцы паведамілі, што каля ізалятара ад 22:00 і ўначы стаяў АМАП, а на вуліцы — супрацоўнікі ДАІ.

Тут а 10-й гадзіне ў закрытым рэжыме пачаўся судовы працэс над Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам, Уладзімерам Цыгановічам, Дзьмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта пэрсанальная расправа». Ціханоўская выказалася пра закрыты суд над сваім мужам і іншымі палітвязьнямі

«Не разумею, што адбываецца ў нас. Нават калі былі пратэсты, не было на нашай вуліцы столькі супрацоўнікаў АМАП», — сказаў адзін з жыхароў дому каля СІЗА.

Гомельскае СІЗА

Кніжную вуліцу напярэдадні вечарам вызвалілі ад аўтамабіляў. Супрацоўнікі ДАІ сказалі аўтамабілістам паркавацца ў іншым месцы, бо тут будуць «весьціся рамонтныя работы».

Зранку вакол СІЗА выставілі ачапленьне. Апроч унутраных войскаў, тут стаіць мікрааўтобус з АМАП, а на Кніжнай вуліцы — аўтамабілі зь людзьмі ў цывільным.

Усе пад’езды да СІЗА, акрамя аднаго, перакрылі. Той адзіны кантралююць людзі ў цывільным. Яны спыняюць усе машыны, якія паварочваюць у бок ізалятару. Каля самога СІЗА шмат міліцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сказалі, што забяруць мяне, калі буду здымаць». Дар’я Лосік пра першы дзень ля СІЗА, дзе судзяць яе мужа

Родным абвінавачаных забараняюць здымаць каля будынку СІЗА. Ва ўсіх, хто праходзіць побач з ізалятарам, правяраюць торбы.

Побач зь СІЗА перад пачаткам працэсу затрымалі сябра Мікалая Статкевіча Аляксея Кірэева. Яго павезьлі ў РАУС Чыгуначнага раёну Гомля. Пра гэта паведаміла Марына Адамовіч.

Марына Адамовіч і Дар’я Лосік, жонкі палітвязьняў Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка, праводзяць першы дзень суду над сваімі блізкімі пад сьценамі СІЗА-3 у Гомлі.

Таксама, паводле жонкі палітыка, Мікалай Статкевіч адмаўляецца ўдзельнічаць у судовым працэсе і накіраваў адпаведны ліст у Гомельскі абласны суд.

А 10-й гадзіне каля СІЗА зьявіліся дыпляматы. Група дыпляматаў Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі і ЗША адзначыла, што зноў, як і ў справе палітвязьняў Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча, улады Беларусі «адмовіліся забясьпечыць празрыстасьць судовага працэсу; сваякам зьняволеных, іншым прадстаўнікам грамадзкасьці і дыпляматам было адмоўлена ў праве прысутнічаць на працэсе», хоць права на публічны суд замацавана некалькімі міжнароднымі дакумэнтамі ў правах чалавека, у тым ліку Ўсеагульнай дэклярацыяй правоў чалавека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замежныя дыпляматы пра суд у Гомлі: «Улады Беларусі зноў адмовіліся забясьпечыць празрыстасьць судовага працэсу»

«Ад імя ўсіх дыпляматычных місій краін ЭЗ, што працуюць у Менску, амбасадар Румыніі, кіраўнік місіі Нідэрляндаў, намесьнік кіраўніка Прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі, калегі з амбасадаў Чэхіі і Швэцыі разам з брытанскімі і амэрыканскімі калегамі наведалі Гомель, каб прысутнічаць на судзе па справе палітычных зьняволеных Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Дзмітрыя Папова, Уладзімера Цыгановіча і Арцёма Сакава», — паведаміла прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі.

Замежныя дыпляматы выказалі салідарнасьць з палітвязьнямі, іхнымі сем’ямі і падкрэсьлілі, што ўрады краінаў Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі і ЗША працягваюць заклікаць да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў у Беларусі.

А 10-й гадзіне каля СІЗА зьявіліся дыпляматы

Потым каля СІЗА зьявіліся супрацоўнікі дзяржаўнай тэлевізіі. Яны спрабавалі ўзяць камэнтар у прадстаўнікоў дыпкорпусу, тыя камэнтаваць адмовіліся.

Жонка Ігара Лосіка Дарʼя Лосік у атачэньні эўрапейскіх дыпляматаў каля СІЗА

На працэс пусьцілі аўтара дзяржаўнага выданьня «СБ. Беларусь Сегодня» Людмілу Гладкую.

На апублікаваным ёй кароткім відэа відаць, як Мікалай Статкевіч, зайшоўшы ў залю суду, выгукнуў «Жыве Беларусь!». Сяргей Ціханоўскі сказаў, пэўна, ківаючы ў бок дзяржаўных прапагандыстаў: «Нармальны закрыты працэс!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакатка Ціханоўскага расказала пра ягоны настрой у першы дзень суду

Стаяць тварам наперад Ігар Лосік і Сяргей Ціханоўскі

У клетцы — Дзьмітры Папоў (ня бачны за міліцыянтам), Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч, калі яго заводзілі ў клетку, выгукнуў «Жыве Беларусь!»

Дзьмітры Папоў, Уладзімер Цыгановіч, Сяргей Ціханоўскі на лаве падсудных

Раніцай да гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай прыехалі міліцыянты, каб прымусова завезьці яе на суд у АУС Гомельскага раёну. Позву на працэс за супрацу зь «Белсатам» без акрэдытацыі Шчыракова атрымала толькі ўчора ўвечары. Калі журналістка паабяцала, што ня пойдзе да СІЗА, дзе пачынаецца працэс над блогерамі і палітыкамі, міліцыя зьехала. На свой суд Шчыракова не пайшла, працэс пачаўся ў 9:30 безь яе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што варта ведаць пра суд над Ціханоўскім, Статкевічам, Лосікам ды іншымі

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дапамажыце нашым родным выйсьці на волю!» Відэазварот сваякоў палітвязьняў

Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бачыў Сяргея „на калідорах“ у пачатку 2023-га». Як выглядае звычайны дзень Ціханоўскага за кратамі