Сьледчы камітэт паскардзіўся заснавальніку Telegram Паўлу Дураву на «дэструктыўныя» каналы

Telegram

Сьледчы камітэт накіраваў зварот заснавальніку Telegram. Сілавікі зь Беларусі чакаюць, што Павел Дураў разьбярэцца з каналамі, якія СК лічыць «дэструктыўнымі».

У фатакопіі звароту СК назвы каналаў закрытыя. У ім гаворыцца, што камітэт расьсьледуе крымінальную справу за «распальваньне сацыяльнай варожсьці» паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Разьмяшчэньне асабістай інфармацыі ў тэлеграм-каналах, як напісана ў заяве сілавікоў, «суправаджалася заклікамі да гвалтоўных дзеяньняў».

Такія дзеяньні, паводле СК, пацьвярджаюцца «заявамі вінаватых асобаў, прыцягнутых да крымінальнай адказнасьці». Звычайна яны даваліся на фоне чырвона-зялёнага сьцяга, а некаторыя людзі выглядалі на такіх відэа моцна пабітымі, што пазьней пацьвярджалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі трансьляцыйны зьвяз прыпыніў сяброўства Белтэлерадыёкампаніі ў арганізацыі

Сьледчы камітэт прапануе Паўлу Дураву азнаёміцца зь некаторымі допісамі, выкладзенымі ў тэлеграм-каналах і на Youtubе. Спасылкі на ролікі, таксама як і назвы каналаў, зарэтушаваныя. У лісьце паведамляецца, што названыя тэлеграм-каналы прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі.

СК настойвае на тым, што тэлеграм-каналы парушаюць палітыку мэсэнджара, «міжнародныя нормы маралі і права», а таксама згадвае, што ў лютым 2021 году «сьледчыя падчас маніторынгу інтэрнэту выявілі допіс Паўла Дурава, у якім ён паведамляў пра блякаваньне каналаў, якія выкладвалі асабістыя зьвесткі ўдзельнікаў пратэстаў і расейскіх сілавікоў».

«У сувязі з тым, што „ўмовы выкарыстаньня прама забараняюць публічныя заклікі да гвалту“, а „правілы прымяняюцца да ўсіх парушальнікаў, незалежна ад іх палітычных поглядаў“, Сьледчы камітэт чакае аб’ектыўнай ацэнкі ад Telegram Messenger Inc. накіраванага ім звароту», — гаворыцца ў дакумэнце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі накіравалі ў Інтэрпол запыт на экстрадыцыю фігурантаў пратэставых спраў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрыст тлумачыць, што атрымаецца ў беларускай крымінальнай справе супраць мэра Рыгі і кіраўніка МЗС Латвіі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд над маці-адзіночкай з Івацэвічаў за «смайлікі какашак» зрабілі закрытым