Яшчэ на пачатку вясны 2020 году Рыгор Азаронак працаваў у рэгіянальным аддзяленьні Сталічнай тэлевізіі і рыхтаваўся асьвятляць чарговую пасяўную. Аднак за год кар’ера маладога тэлежурналіста зрабіла вялізны крок наперад.
Бацька
Прозьвішча Азаронак добра вядомае тым, хто глядзеў беларускую тэлевізію у сярэдзіне 1990-х — пачатку 2000-х гадоў. Яно дагэтуль моцна зьвязанае з вобразам беларускай дзяржаўнай прапаганды дзякуючы Юрыю Азаронку, аўтару скандальна вядомага фільма «Нянавісьць. Дзеці хлусьні». Яго паказалі на беларускай тэлевізіі праз год пасьля прыходу на пасаду прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, перад рэфэрэндумам аб зьмене сымболікі.
Рэжысэру фільма Юрыю Азаронку тады было каля 30 гадоў. Да прыходу на працу на БТ ён пасьпеў скончыць Акадэмію мастацтваў і нейкі час пабыць актывістам арганізацыі «Славянскі сабор. Белая Русь». У фільме Юрыя Азаронка праводзіліся паралелі паміж калябарантамі часоў Другой сусьветнай вайны і прыхільнікамі Партыі БНФ і нацыянальнай сымболікі. «Нянавісьць. Дзеці хлусьні» сталі для Азаронка-старэйшага не толькі пачаткам творчай кар’еры, але і прычынай асабістага знаёмства зь Міколам Статкевічам, які стаў адным з «герояў» стужкі.
«У сваім фільме ён (Юры Азаронак. — РС) выкарыстаў забаронены прыём — перабіўку кадра, — расказваў сам Мікола Статкевіч пра знаёмства з Азаронкам-старэйшым. — Калі кадар з адным чалавекам тут жа зьмяняецца кадрам з адмоўнымі пэрсанажамі. Так, спачатку ў фільме паказвалі мяне, затым танцуючых паліцаяў часоў Айчыннай вайны. Сьледам Пазьняка, потым зноў паліцаяў і гэтак далей. Паколькі мая сям’я ў час вайны пацярпела ад паліцаяў, мы ўспрынялі гэта як абразу. Я даведаўся адрас Азаронка, выклікаў яго на лесьвічную пляцоўку і прадставіўся. Ён сказаў, што ведае мяне. „Тады нічога тлумачыць ня трэба“, — сказаў я і даў яму аплявуху. Гэта была размова двух мужчын».
Скандальнае звальненьне
Фільмы пра апазыцыю і калектыўны Захад Юры Азаронак здымаў яшчэ дзесяць гадоў. Самымі вядомымі сталі «Тайныя спружыны палітыкі» (перад выбарамі 2001 году) і «Духоўная вайна» (2006), прысьвечаныя Аляксандру Мілінкевічу і Аляксандру Казуліну. Апошні твор Азаронка-старэйшага нават выклікаў абурэньне Беларускай праваслаўнай царквы, якая забараніла паказваць яго на сваіх мерапрыемствах. У тым жа 2006 годзе Юрыю Азаронку забаранілі ўезд у ЗША і краіны Эўразьвязу. На той момант Юры Азаронак ужо быў намесьнікам старшыні «Белтэлерадыёкампаніі».
Далейшаму разьвіцьцю кар’еры перашкодзіў міжнародны песенны конкурс «Эўравізія». Спачатку ў 2007 годзе кіраўнік беларускай дэлегацыі Юры Азаронак у выніку канфлікту атрымаў поўху ад Філіпа Кіркорава (той кіраваў падрыхтоўкай нумару беларускага артыста), а праз год у Бялградзе ўвогуле ўчыніў штосьці «несумяшчальнае са знаходжаньнем на дзяржаўнай службе». Вызваляў Азаронка-старэйшага ад пасады асабіста Лукашэнка.
«Разграмілі нас на „Эўравізіі“, было пэўнае засмучэньне, — расказваў у 2014 годзе „Народнай волі“ сам Азаронак-старэйшы. — Тое, што здарылася, адбылося не праз хваробу або залежнасьць. Быў усяго адзін выпадак. Так, я папаўся пад гарачую руку. Але крыўдаў ні на каго не трымаю — сам вінаваты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым цяпер займаюцца тэлепрапагандысты 1990-х і 2000-хПасьля звальненьня з БТ Юры Азаронак перайшоў на працу ў Адміністрацыю прэзыдэнта, стаў чыноўнікам аддзела інфармацыі і грамадзкіх сувязяў. Паводле «Народнай волі», на працу Юрыя Азаронка браў сам Шэйман, зь якім Азаронак-старэйшы добра знаёмы. Ён працаваў прэс-сакратаром Генэральнай пракуратуры ў часы, калі Шэйман быў генпракурорам, пісала «Народная Воля».
Вядома таксама, што Азаронак-старэйшы некаторы час узначальваў тэлеканал для інвалідаў па слыху «Жэст-ТВ», які ўваходзіў у структуру СТВ. Чым займаецца цяпер бацька Рыгора Азаронка, дакладна невядома.
Сын
Рыгор Азаронак прыцягнуў да сябе ўвагу таксама дзякуючы сюжэтам пра дзейнасьць апазыцыі. У канцы 2019 году на СТВ выйшаў прысьвечаны парлямэнцкім выбарам сюжэт з удзелам 23-гадовага Азаронка-малодшага, у якім ён згадвае Сяргея Ціханоўскага, а апанэнтаў дзейнай улады называе «балбатунамі» і «клоўнамі».
Пра жыцьцё Азаронка-малодшага да працы на тэлевізіі вядома няшмат. Ён адзінае дзіця ў сям’і. Як і бацька, скончыў Акадэмію мастацтваў па спэцыяльнасьці «рэжысура». Акадэмію Юры Азаронак скончыў у 2017 годзе, ягоная дыплёмная праца называлася «Салдат Хрыста», а адным зь яе галоўных пэрсанажаў быў расейскі пісьменьнік-кансьпіроляг Юры Вараб’ёўскі, аўтар кніг «Чёрный снег на белом поле. Массовый идиотизм как наукоёмкий продукт», «Орден Иуды. Измена не отменяет победу», «Аненербе — оккультный меч рейха» і шэрагу іншых.
Як праходзіла абарона дыплёмнай працы Рыгора Азаронка, у сваім фэйсбуку апісала кінакрытык Марыя Касьцюковіч.
Пасьля вучобы ў Акадэміі мастацтваў Рыгор Азаронак адслужыў у войску, быў сувязістам і атрымаў там званьне яфрэйтара.
«Уся праўда» пра каранавірус
10 красавіка 2020 году на СТВ выйшла чарговая праграма з удзелам Рыгора Азаронка. У ёй малады аўтар названы ўжо аглядальнікам. Расказвае Азаронак-малодшы на гэты раз не пра палітыку, а пра каранавірус, пандэмія якога толькі набірае тэмп па ўсёй плянэце. У пашырэньні захворваньня Юры вінаваціць ЗША, якія такім чынам вырашылі спыніць разьвіцьцё выгаднай Кітаю глябалізацыі. Сам вірус COVID-19 Рыгор Азаронак назваў «танцам каронашаленства» і «хваляй інфармацыйнай пандэміі».
Аб шчырасьці стаўленьня прапагандыста да каранавірусу можа ўскосна сьведчыць тое, што ў сакавіку 2021 году Азаронак-малодшы паспрабаваў бяз маскі на твары даваць паказаньні ў судзе ў справе перакладчыцы Вольгі Калацкай. Надзеў яе ён толькі пасьля ўмяшаньня судзьдзі.
Працяг «Тайных спружын палітыкі» і гісторыі з поўхамі
У прысьвечаным пандэміі каранавірусу сюжэце Юры Азаронак актыўна хваліў пазыцыю Аляксандра Лукашэнкі (ён у той час прапаноўваў лячыць хваробу з дапамогай трактара. — РС), а Беларусь называў ці не адзінай дзяржавай, якая супрацьстаіць сусьветнай эпідэмічнай змове.
Ужо ў траўні 2020 году Азаронак-малодшы пачынае зьяўляцца ў эфіры СТВ рэгулярна, яго сюжэты прысьвечаны прэзыдэнцкай кампаніі, якая пачынае набіраць абароты. Як і бацька, Азаронак-малодшы актыўна параўноўвае ўдзельнікаў пратэстаў, якія шырацца, з нацыстамі часоў Другой сусьветнай вайны.
Новая перадача Азаронка-малодшага называецца «Тайныя спружыны палітыкі 2.0» — непасрэдная адсылка да творчасьці бацькі. Паралелі паміж імі можна правесьці яшчэ і таму, што ў сваіх сюжэтах, акрамя барацьбы з апазыцыяй, Азаронак-малодшы актыўна выкрывае сусьветныя антыбеларускія змовы.
У верасьні 2020 году менавіта Рыгор Азаронак здымаў сюжэт у ізалятары на завулку Акрэсьціна. У ім разам з начальнікам ЦІП маёрам Яўгенам Шапецькам Азаронак-малодшы пераконвае, што на Акрэсьціна не магло быць катаваньняў і біцьця затрыманых за жнівеньскія пратэсты, а ўмовы ў ізалятары нагадваюць інтэрнат.
Гісторыя з поўхамі Азаронкам, запачаткаваная Міколам Статкевічам у 1995-м і падхопленая Філіпам Кіркоравым у 2007-м, працягнулася 15 лістапада 2020 году. У гэты дзень Азаронак-малодшы здымаў сюжэт для сваёй перадачы на адным зь нядзельных маршаў у раёне праспэкту Пушкіна. Яго хутка пазналі і абступілі пратэстоўцы, а адна зь іх, перакладчыца Вольга Калацкая, не стрымалася і выцяла Рыгора Азаронка па твары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азаронак прызнаўся, што справу супраць перакладчыцы Калацкай ініцыяваў Сьледчы камітэт. Пракурор просіць два гады «хатняй хіміі»«Праваахоўнікі» шукалі Калацкую два месяцы, затрымалі яе толькі 15 студзеня 2021 году. У канцы сакавіка адбыўся кароткі суд, на якім перакладчыца прызналася ва ўчыненым, але вінаватай сябе так і не назвала. Пацярпелы Рыгор Азаронак на суд прыйшоў разам з апэратарам. Даючы паказаньні, ён заявіў, што прыцягваць да адказнасьці Калацкую не прасіў, а ў тым, што адбываецца ў краіне, вінаваціць недзяржаўныя СМІ і Захад.
Суд прызнаў Калацкую вінаватай і прысудзіў перакладчыцы два гады «хатняй хіміі». Аплявуха Азаронку-старэйшаму ў 1995-м для Міколы Статкевіча скончылася штрафам. Ці быў нейк пакараны Філіп Кіркораў, дакладна невядома.
Мэдаль
11 студзеня Рыгор Азаронак стаў уладальнікам мэдаля «За адвагу». Указ аб узнагароджваньні падпісаў асабіста Лукашэнка. У ім сьцьвярджалася, што высокая дзяржаўная ўзнагарода даецца Азаронку-малодшаму «за высокі прафэсіяналізм, вялікі асабісты ўклад у разьвіцьцё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і нацыянальнай журналістыкі».
Старэйшыя і больш вядомыя калегі Азаронка-малодшага тым жа ўказам атрымалі меншыя ўзнагароды. Аўтар «СБ» Андрэй Мукавозчык стаў уладальнікам мэдаля «За працоўныя заслугі», а Дзьмітры Крат, рэдактар аддзелу «СБ», які асьвятляе дзейнасьць Лукашэнкі, мэдаля Францішка Скарыны. Узнагароду Азаронку-малодшаму ўручаў асабіста Лукашэнка.
Пра падвышэньне па кар’ернай лесьвіцы Рыгора Азаронка пакуль нічога невядома. Ён па-ранейшаму застаецца вядоўцам і карэспандэнтам на СТВ.
Латвія, Літва і Эстонія забаранілі ўезд нас ваю тэрыторыю. На тэрыторыю Украіны Рыгор Азаронак трапіць таксама пакуль ня зможа, ён унесены ў базу «Миротворець» з фармулёўкай «за адмаўленьне расейскай агрэсіі, антыўкраінскую прапаганду, перавышэньне службовых паўнамоцтваў, умяшаньне ў справы Украіны і пашырэньне крамлёўскай прапаганды».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад танкіста да намесьніка міністра. Гісторыя кар'еры Мікалая Карпянкова ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баксэр, які абяцаў зьмяніць імідж міліцыі. Як разьвівалася кар’ера Юрыя Караева ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад патрульнага ў Маладэчне часоў Карпенкі да камандзіра АМАПу пры Лукашэнку. Як складвалася кар’ера Дзьмітрыя Балабы