Як стала вядома Свабодзе, у шпіталь на належнае лекаваньне Сяргей Верашчагін так і ня трапіў, а падпісантам пэтыцыі далі адказ, што яны ня маюць паўнамоцтваў прадстаўляць інтарэсы зьняволенага. Вязень пабываў у глыбоцкай лякарні, але нядоўга.
Гомельскі валянтэр Ільля Міронаў атрымаў адказ ад Верашчагіна з глыбоцкай калёніі.
«Пра сябе пісаць няма чаго. Таму што ўсё, як было, так і ёсьць, ніякіх зьменаў няма. Усё, як у бункеры — адна шэрасьць, што дзень, што цемра, вось так, Ільля і жыву», — напісаў жыхар Гомля.
30-гадовага Сяргея Верашчагіна 12 жніўня моцна пабіла міліцыя. З вакна сваёй кватэры ў цэнтры Гомля ён назіраў за жорсткімі затрыманьнямі. Таму закрычаў на міліцыянтаў і кінуў у іх бок плястыкавую бутэльку. Да яго ў кватэру ўварваліся міліцыянты і моцна яго зьбілі — дома, а затым у РАУСе. На судзе Сяргей расказваў, што міліцыянты скакалі па ягонай галаве, абражалі і сьмяяліся зь яго.
Адвакатка казала, што ён атрымаў сама меней 100 удараў у розныя часткі цела.
Абаронца дамаглася, каб Сяргея завезьлі ў шпіталь. Там у яго зафіксавалі чэрапна-мазгавую траўму, шматлікія гематомы і траўмы, у тым ліку грудной клеткі, шыйнага, груднога і паясьнічнага аддзелаў хрыбта.
Але крымінальную справу завялі на самога Верашчагіна. Бо ён нібыта ўдарыў пры затрыманьні міліцыянта нагой у вока, што «не пацягнула за сабой кароткатэрміновага разладу здароўя».
У выніку 26 лістапада судзьдзя Сяргей Салоўскі вырашыў, што віна Верашчагіна даказаная, і пакараў яго пазбаўленьнем волі на 5 гадоў у калёніі агульнага рэжыму.
У калёніі ў Сяргея значна пагоршыўся стан, ён рызыкуе цалкам страціць зрок.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без нагі, хворы на рак, з розумам дзіцяці. Хто сядзіць «за палітыку» з сур’ёзнымі хваробамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самаму малодшаму 4 гады. Хто яны — шматдзетныя маці, якіх перасьледуюць у Беларусі «за палітыку»? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы занепакоеныя: палітвязень Вадзім Гурман у калёніі рызыкуе страціць зрок