- 26 траўня абвінавачаны ў пратэстах 18-гадовы Дзьмітрый Стахоўскі скокнуў з 16-га паверха, напісаўшы, што віной таму стаў Сьледчы камітэт.
- 65-гадовая Людміла Хлусевіч, якую абвінавачваюць у абразе міліцыянта, у запісцы папярэдзіла пра магчымы суіцыд празь ціск.
- 1 чэрвеня ў судзе падсудны Сьцяпан Латыпаў паспрабаваў парэзаць сабе і заявіў пра пагрозы з боку ГУБАЗіК...
Як вытрымаць зьнешні ціск і захаваць сваё жыцьцё? Парады дае псыхоляг-суіцыдоляг Юлія Мяцеліца.
Якія дзеяньні іншых людзей могуць давесьці чалавека да самагубства?
«Найбольш сур’ёзныя дзеяньні, якія могуць давесьці людзей да суіцыду, — гэта сыстэматычныя пагрозы, прыніжэньні і гвалт, — кажа Юлія Мяцеліца. — Аднак на практыцы штурхнуць да самагубства можа што заўгодна, усё вельмі індывідуальна. Што для аднаго невыносна, абразьліва, для іншага можа быць пасільным выпрабаваньнем. Калі чалавек мае падтрымку звонку, можа зьвярнуцца да кагосьці са сваёй бядой, гэта значна зьніжае рызыку суіцыду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Занадта шмат бед абрынулася на яго». Што кажуць сябры пра загінулага 18-гадовага Дзьмітрыя Стахоўскага?Што рабіць, каб супрацьстаяць ціску?
Устойлівасьць псыхікі да зьнешняга ціску можна трэніраваць. Псыхоляг прапанавала тры спосабы, асноўны сэнс якіх — не трымаць эмоцыі і праблемы ў сабе.
«У псыхіцы ёсьць мэтафарычны кантэйнэр, куды мы складаем (падаўляем) свае эмоцыі. У нейкі момант там можа не хапіць месца, дах сарве — і здарыцца непапраўнае. Таму так важна не замоўчваць эмоцыі, а вызваляць і прапрацоўваць іх. Гэта можна рабіць і самастойна, і разам з блізкімі або спэцыялістам.
Можна весьці дзёньнік эмоцый: кожны дзень запісваць свае эмоцыі і тыя падзеі, што іх выклікалі. Напрыклад: „Я адчувала радасьць, калі мяне абнялі“, „Мне было страшна, калі на мяне павысілі голас“. Гэта дапамагае зразумець свае пачуцьці, а праз гэта — лепш кіраваць сваімі эмоцыямі і рэакцыямі.
Можна пісаць тэрапэўтычныя лісты крыўдзіцелям. У гэтым лісьце можна напісаць што заўгодна: „5 траўня ты мяне абразіў, мне было страшна, балюча, але я больш не дазволю сабе спалохацца...“ Гэты ліст трэба прачытаць і тут жа зьнішчыць.
Яшчэ адзін дзейсны мэтад — прасіць аб дапамозе. Так, гэта не ўласьціва нашай мэнтальнасьці. Але трэба сябе перасіліць. Калі чалавек разумее, што сам не спраўляецца, трэба папрасіць дапамогі ў іншага. Камунікацыя — аснова зносін. І калі мы не прагаворым нешта, іншы не здагадаецца, што нам трэба. Каб атрымаць дапамогу, трэба агучыць гэты заклік: „Мне дрэнна“, „Мне патрэбная падтрымка“.
Калі нікога побач няма ці ня хочацца зьвяртацца да знаёмых, можна патэлефанаваць на лініі экстраннай псыхалягічнай дапамогі. Гэта вельмі добры варыянт, спэцыялісты такіх сэрвісаў ведаюць, што рабіць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ахвяры сілавікоў: іх нашмат больш, чым мы думаемШто рабіць, калі ўзьнікаюць думкі пра самагубства?
Суіцыд заўжды мае канкрэтныя мэты. Ведаючы, што стаіць за рэальнымі матывамі самагубства, чалавек можа знайсьці альтэрнатыўнае выйсьце. Калі родзяцца думкі пра самагубства, важна задаваць сабе як мага больш пытаньняў, бо адказы на іх могуць дапамагчы правільна ацаніць праблему, і яна ўжо ня будзе выглядаць непераадольнай.
Адна з магчымых мэтаў суіцыду — гэта пратэст ці помста крыўдзіцелям, маўляў, «вам будзе горш пасьля маёй сьмерці». Як па-іншаму выказаць гэты пратэст?
«Трэба задаць сабе два галоўныя пытаньні: „Чаму я хачу іх пакараць?“ і „Ці будзе маё самагубства пакараньнем для іх?“ — раіць суіцыдоляг. — Магчыма, тады чалавек прыйдзе да высновы, што для крыўдзіцеляў гэта ня будзе пакараньнем: калі яны ўжо так зь ім паступалі, наўрад ці ў іх ёсьць сумленьне, якое будзе іх турбаваць. Атрымліваецца, ён зробіць горш толькі сабе.
Можна таксама задаць пытаньне: „Ці маю я права караць іншых?“ Здавалася б, а чаму не, калі яны зьдзекуюцца з вас? Але ж вы — не яны, вы нармальны чалавек. Трэба разумець: калі мы пратэстуем, гэта ня значыць, што мы павінны шкодзіць сабе ці іншым. Пратэст — гэта нязгода. А не згаджацца можна розным чынам, у залежнасьці ад сытуацыі. Можна агаласіць факты пагроз, ціску ў СМІ, можна падаць скаргу, зьвярнуцца да праваабаронцаў. То бок трэба сфакусавацца на сабе, на сваіх інтарэсах, а не на „пакараньні“ іншых — толькі так можа нарадзіцца пазытыўная рэакцыя на сытуацыю».
Яшчэ адна мэта — Кліч аб дапамозе. Тады ў аснове суіцыдальнай спробы — жаданьне атрымаць дапамогу звонку, каб зьмяніць сытуацыю.
«Асноўнае пытаньне, якое трэба сабе задаць: ці сапраўды я хачу сябе зьнішчыць? І, магчыма, тады чалавек зразумее, што ён проста шукае падтрымкі, а не самазьнішчэньня. І тады яе трэба проста папрасіць», — раіць псыхоляг.
Учынак Сьцяпана Латыпава ў судзе — якраз спроба прыцягнуць увагу, дапамогу, каб нешта зьмяніць у жудасным становішчы, папярэдзіць блізкіх і грамадзтва.
Таксама падставай суіцыду можа стаць спроба пазьбегчы пакараньня, пакут. Падмурак такога суіцыду — страх пакараньня. Што рабіць з такім страхам?
«Трэба падзяліцца страхам з блізкімі і паспрабаваць яго рацыяналізаваць, — рэкамэндуе Юлія Мяцеліца. — Да прыкладу, чалавек вельмі баіцца трапіць за краты, бо гэта зусім незнаёмы і страшны для яго сьвет. Каб рацыяналізаваць гэты страх, трэба, зноў жа, задаваць сабе пытаньні. Умоўна і спрошчана гэта можа выглядаць, напрыклад, так:
— Я баюся трапіць у калёнію. А што я ведаю пра калёнію?
— Я ведаю, што туды людзі трапляюць за дрэнныя ўчынкі.
— Якія ўчынкі?
— Забойства.
— Гэта дрэнны ўчынак?
— Так.
— Яшчэ за крадзеж.
— Гэта дрэнны ўчынак?
— Так.
— Яшчэ за тое, што выказаў грамадзянскую пазыцыю.
— Гэта дрэнны ўчынак?
— Не.
— Ага. Значыць, людзі туды не заўсёды трапляюць за дрэнныя ўчынкі, значыць, я там магу сустрэць і добрых людзей...
Падобныя пытаньні як бы раздрабняюць страх, і ў выніку прыходзіць разуменьне, што ня ўсё так страшна.
Трэба таксама думаць пра тое, што ўсё можа пайсьці інакш, магчымыя самыя неверагодныя варыянты».
Суіцыд можа разглядацца як самапакараньне праз паталягічнае пачуцьцё віны. Як прапрацаваць гэтае пачуцьцё віны без самазьнішчэньня?
«Важна ведаць, што паталягічнае пачуцьцё віны нам заўсёды кімсьці „падорана“, — падкрэсьлівае псыхоляг. — Калі віна наша, мы бяром адказнасьць за ўчынак на сабе і можам тое выправіць. Такая віна ня будзе ціснуць на псыхіку, у адрозьненьне ад навязанай звонку. Таму, як і ў сытуацыі са страхам, важна раздрабніць пачуцьцё віны пытаньнямі і зразумець, ці сапраўды яна ваша. І калі яна ня ваша, то і прысвойваць яе сабе няма сэнсу. Трэба задаць сабе пытаньні: „За што я сябе вінавачу?“, „Ці мая гэта віна?“.
Напрыклад, родныя вінавацяць вас, што вы пайшлі на мітынг, вас затрымалі, завялі справу, у выніку ўсім блізкім дрэнна. І вы сапраўды адчуваеце, што вінаваты — цяпер усе пакутуюць праз вас. Гэта рэальна маральна цяжка. Задайце сабе пытаньні:
- „Ці вінаваціў/вінаваціла б я сам/сама сябе, калі б мне такое не сказалі блізкія?“
- „А ці сапраўды мне ня трэба было туды ісьці?“
- „Што я зрабіў/зрабіла такога, што мне павінна быць сорамна?“
- „Калі гэта не ганебны ўчынак, тады ў чым сябе вінаваціць?“
- „У тым, што я думаю толькі пра сябе?“
- „Ці сапраўды я пайшоў/пайшла толькі за сябе?“
- „Ці хацеў/хацела я гэтым учынкам дамагчыся чагосьці для сябе, ці і для іншых?“
- „Нават калі толькі для сябе, хіба я ня маю на тое права?“
І так можна прыйсьці да высновы, што віна навязаная іншымі людзьмі. Але чалавек павінен браць на сябе адказнасьць толькі за свае ўчынкі. Якія б ні былі блізкія людзі, калі нам ня блізка, што яны кажуць, мы маем права гэта не прымаць. Ня трэба браць на сябе віну за чужыя меркаваньні.
Гэта складана, бо наша выхаваньне не дазваляе адмаўляць блізкім, бацькам. Цяжка выкараскацца зь віны, калі вы ў цесным кантакце з тымі, хто яе навязвае. Тут патрэбна падтрымка таго, хто ня будзе вінаваціць. Таму варта разгледзець працу з псыхолягам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хлопца, які ўчыніў суіцыд пасьля перасьледу за пратэсты, крэміраваліШто рабіць, калі ўжо зусім на краі?
Калі чалавек ужо, умоўна кажучы, на даху і ад сьмерці яго аддзяляе маленькі крок, што яму трэба зрабіць, каб спыніцца?
«Пачаць тэлефанаваць усім спрэс і расказваць, што вы зьбіраецеся зрабіць і што хочаце разьвітацца, — раіць Юлія Мяцеліца. — Насамрэч ніводзін чалавек ня хоча паміраць. Проста ён ня ведае іншага выйсьця на дадзены момант. Суіцыд — вельмі страшны крок. І чым даўжэй цягнецца час перад актам, тым больш сумневаў можа ўзьнікнуць. Размовы праз тэлефон зацягнуць час, і будзе шанец перадумаць.
Тым жа, каму чалавек патэлефанаваў, трэба перш за ўсё спытаць: „Дзе ты?“, і далей паспрабаваць завязаць размову. Не вінаваціць, ня лаяць, а задаваць пытаньні, успамінаць нешта добрае з сумеснага жыцьця. „Я хацеў табе сказаць важнае, але ўвесь час адкладаў. Калі ты пойдзеш з жыцьця, я ўжо не пасьпею тое сказаць, а гэта вельмі важна, таму паслухай цяпер...“ Важна не спыняць размову. І ў гэты час зьвязвацца (прасіць іншых) са службай выратаваньня 112».
Як пазбавіцца ад згубных думак у зьняволеньні?
Дасьледаваньні паказваюць, што ў групу павышанай суіцыдальнай рызыкі ўваходзяць зьняволеныя, асабліва на працягу першых трох месяцаў адбыцьця пакараньня. Гэта таму, што ў людзей кардынальна і раптоўна зьмяніліся ўмовы жыцьця, і яны да гэтага не былі гатовыя, тлумачыць спэцыяліст.
Што рабіць зьняволеным? Агледзецца і спытаць сябе: «Што я магу палепшыць, каб мне не было дрэнна?» (знаёмства з сукамэрнікамі, чытаньне, ранішняя гімнастыка, ліставаньне...)
«Галоўны мэтад, як адагнаць згубныя думкі, — заняць сябе справай, — кажа Юлія Мяцеліца. — Калі мы нічым не занятыя, мозг пачынае займаць сябе сам думкамі, часьцей за ўсё дрэннымі, бо якое месца, такія і думкі. Таксама важна даць сабе ўстаноўку: «Мае дзеяньні не павінны прыносіць шкоду мне і навакольным», каб не прыдумаць сабе дэструктыўныя заняткі, напрыклад, самапашкоджаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Начальніка полацкага ізалятара знайшлі нежывымШто рабіць родным і сябрам?
Псыхоляг падкрэсьлівае, што суіцыд — гэта не спантанны, а заўсёды прадуманы ўчынак. Таму заўсёды ёсьць першыя званочкі, да якіх родным важна паставіцца вельмі сурʼёзна, з разуменьнем і бяз крытыкі.
Першыя званочкі — гэта фразы пра самагубства, нават сказаныя з жартам ці між іншым.
«Калі блізкі некалькі разоў кінуў фразу, напрыклад, „прасьцей застрэліцца, чым так жыць“, на гэта абавязкова варта зьвярнуць увагу. Значыць, чалавек ужо задумаўся, і рана ці позна паспрабуе давесьці справу да канца, — кажа псыхоляг. — Будучы самагубца заўсёды адчувае бясьсільле. Таму таксама вартыя ўвагі фразы накшталт: „Я ня магу нічога зрабіць“, „Я ня бачу аніякага выйсьця“. Яшчэ адзін сыгнал — рэзкая зьмена паводзін: напрыклад, чалавек быў душой кампаніі і раптам перастаў сустракацца зь сябрамі. Родныя павінны ўдакладніць, што адбываецца».
Юлія Мяцеліца пералічыла рэакцыі і дзеяньні, якія ні ў якім разе нельга рабіць блізкім у такіх сытуацыях:
- Нельга абясцэньваць гэтыя перажываньні: «Не займайся глупствам!»;
- Нельга іх забараняць: «Такое казаць нельга!»;
- Нельга палохаць (калі гаворка пра падлеткаў): «Калі яшчэ такое скажаш, я цябе да псыхіятра павяду або пакараю»;
- Нельга крытыкаваць, адмаўляць перажываньні, сьмяяцца зь іх.
Самае правільнае ў такіх сытуацыях — праявіць шчырую ўвагу, паказаць, што мы пачулі чалавека, гатовыя абмяркоўваць яго праблему і дапамагчы, падкрэсьлівае спэцыялістка:
«Можна сказаць: «Я чую цябе, мяне гэта палохае, але я гатовы абмеркаваць: чаму ты так кажаш/ што цябе гняце/ якая патрэбна дапамога/ з кім бы ты хацеў пра гэта пагаварыць яшчэ?».
Той, хто зьбіраецца зьдзейсьніць суіцыд, перш за ўсё — адзінокі чалавек, нават калі ён жыве ўдзесяцёх. Таму і важна працягнуць яму руку дапамогі і паказаць, што ён не адзін. Можна сказаць: «Ты мне вельмі дарагі, я хачу, каб ты быў побач, я прымаю цябе, гатова дапамагаць, разам мы знойдзем выйсьце, як табе дапамагчы?».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ByPol паведаміў пра самагубства адстаўнога міліцэйскага начальніка ў Берасьці, які летась браў удзел у разгонах пратэстаўВыпадак Стахоўскага: што за гэтым стаяла?
Суіцыдоляг прааналізавала перадсьмяротнае паведамленьне Дзьмітрыя Стахоўскага, каб патлумачыць, чаму ён такое зрабіў і як можна было б яму дапамагчы.
«Мяркуючы па тэксьце, юнак быў вельмі напалоханы і ня бачыў іншага выйсьця. Калі вяртацца да мэтаў суіцыду, то тут відавочны страх пакараньня і жаданьне пазьбегнуць пакут. Тое, што ён вінаваціць Сьледчы камітэт, — гэта ня «помста крыўдзіцелю». Проста ён хацеў, каб іншыя разумелі, чаму ён так зрабіў: што яму не пакінулі іншага выйсьця, што сытуацыя для яго была значна страшнейшая, чым ступіць з даху. Відавочна, ён не разумеў, да каго можна зьвярнуцца па дапамогу. Да родных? Але ён сірата. Да іншых дарослых? Але я чытала, што быццам бы работнікі інтэрнату самі ж і здалі яго міліцыі. Так, ён казаў пра свой страх сябрам, і тыя яго падтрымлівалі, маўляў, «ня бойся, усё будзе добра». Але ж яны самі не былі ў такой сытуацыі. І гэтая фраза чароўным чынам ня зьменіць рэальнасьць. У такой сытуацыі трэба дапамагчы чалавеку легалізаваць страх і разам шукаць выйсьце: «Так, гэта сапраўды страшна, калі б са мной такое здарылася, мне б таксама было страшна, але давай падумаем, што мы можам зрабіць».
Жыцьцё — бясцэнны дар. І калі зьяўляюцца думкі пра самагубства, калі ласка, зьвяртайцеся па дапамогу! — заклікае Юлія Мяцеліца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома пра суіцыд 18-гадовага падазраванага па справе за масавыя беспарадкіАтрымаць неадкладную псыхалягічную дапамогу можна кругласуткава праз тэлефоны:
- Менск: 8017 3524444, 8017 3044370 (для дарослых)
- 8017 2630303 (для дзяцей)
- Берасьцейская вобласьць: 8016 2255727
- Віцебская вобласьць: 80212 616060
- Гомельская вобласьць: 80232 315161
- Горадзенская вобласьць: 80152 170, 80152 752390
- Менская вобласьць: 80172 702401, 8029 8990401
- Магілёўская вобласьць: 8022 711161
- Рэспубліканская дзіцячая тэлефонная лінія: 8-801-100-1611