Ягор вывучыўся на кухара і крыху больш за год таму пераехаў у Менск, каб быць бліжэй да дзяўчыны. Яны пазнаёміліся, калі ёй было 13, а яму 16. Спачатку размаўлялі праз скайп, сетку «УКантакце», а калі сталі старэйшымі, хлопец неаднаразова наведваўся да яе ў госьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзянку Расеі Соф’ю Сапегу падазраюць у «злачынствах» цягам жніўня-верасьня 2020 годуБыло каханьне, плянавалі сумеснае жыцьцё. Але мінулагодні жнівень, па сутнасьці, усё перавярнуў.
«Ягор стаяў на каленях, у кайданках»
Ягора Дуднікава затрымалі 5 траўня а палове першай ночы.
«Мы пра гэта не адразу даведаліся, толькі калі змаглі датэлефанавацца да гаспадара кватэры, дзе ён наймаў пакой. Паднялі ўначы як панятога, бо ў пакоі праводзілі вобшук, — кажа ягоная маці Юлія. — Калі гаспадар зайшоў у пакой, Ягор стаяў на каленях, у кайданках. Знайшлі і вынялі толькі мікрафон».
Двое сутак бацькі ня ведалі, дзе іх сын і што зь ім, у РУУСах не давалі ніякай інфармацыі. 7 траўня, калі Юлія выяжджала ў Менск, зь ёй зьвязаўся дзяжурны адвакат. Сказаў, што яго запрасілі на допыт Ягора і яму інкрымінуюць частку 1 артыкула 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Бацькі нанялі новага адваката, але яго пакуль не дапусьцілі да Ягора. Спадзяюцца, што на гэтым тыдні атрымаецца прарвацца.
Паводле Юліі, паколькі Ягор ня змог знайсьці працу па спэцыяльнасьці, ён стаў агучваць кампутарныя гульні, анімэ і рэкляму.
«Ён займаўся аўдыёагучваньнем. Але паколькі адукацыі не было, гэта аматарскае аўдыёагучваньне, проста голас вельмі прыгожы, таму многім падабалася. У яго, як у Джыгурды, хрыплівы такі бас. Уласна, апошнім часам ён гэтым і падзарабляў. А калі такой магчымасьці не было, то падзарабляў грузчыкам. Што яму інкрымінуюць, толькі можам меркаваць».
«Уявіце, гэта 20-гадовы хлопчык»
Юлія кажа, што дзеля працы і сям'і (у Ягора яшчэ ёсьць 7-гадовы брат) не змагла доўга быць у Менску і вярнулася ў Саратаў. А да таго зьвярнулася па дапамогу ў амбасаду Расеі ў Менску.
«Мне сказалі, што пакуль ім афіцыйна ніхто не адказаў. Яны зьвярталіся да беларускага боку наконт таго, што пра затрыманьне грамадзяніна Расеі ім не паведамілі. Плянавалі наведаць. Але пакуль ні адвакат, ні дыпляматы да яго ня трапілі, — кажа маці. — Уявіце, гэта 20-гадовы хлопчык. У яго былі зусім іншыя пляны: будаваць адносіны зь дзяўчынай, далей займацца агучваньнем, разьвівацца. І раптам такое, гэта для нас як гром сярод яснага неба, і ўся сям’я вельмі перажывае. Адной з бабуляў Ягора 92 гады, для яе быў вялікі шок, калі яна даведалася пра затрыманьне ўнука».
Другая бабуля чакала ўнука на свой юбілей 10 траўня. Паводле маці, самае цяжкае, што пра Ягора няма канкрэтнай інфармацыі, толькі нейкія здагадкі. Сваякі ў Саратаве не атрымалі ад яго ніводнага ліста.
«У лістах да дзяўчыны зь Менску ён піша, што з нашага боку ён атрымаў адзін ці два лісты, хоць я пісала, і астатнія сваякі яму шмат пісалі».
Юліі таксама адмовілі ў спатканьні з сынам, маўляў, ідзе сьледзтва.
«Стала дрэнна з сэрцам, і яго адвезьлі ў лякарню»
Ці затрымлівалі Ягора ў мінулым годзе, падчас пратэстаў?
«У кастрычніку, калі ён вяртаўся зь сябрамі з дня народзінаў, трапіў на мітынг. Убачыў, як затрымлівалі дзіця гадоў 13-ці. Ён казаў, што ня мог стаяць убаку, бо гэта ж дзіця. Зь сябрам заступіліся, іх пабілі. Ягору стала дрэнна з сэрцам, і яго адвезьлі ў лякарню. То бок для яго гэта скончылася сінякамі і нэрвовым зрывам. Ён быў у жаху, што іх ні за што зьбілі».
Паводле Юліі, тое, што сваякі жывуць у Саратаве, а Ягор у Менску, абмяжоўвае іх дзеяньні.
«Ад сытуацыі ў Беларусі я ў шоку. Калі ў мяне затрымалі сына, я была ў жаху, што могуць затрымаць і даць рэальны тэрмін, зьнявечыць чалавеку жыцьцё за нейкі малюнак, за нейкую майку, я нават не ўяўляла, што такое бывае. Яму 20 год, усё жыцьцё наперадзе. А тут яму пагражае рэальны тэрмін, які проста можа перакрэсьліць усё».