На падсуднай лаве 11 чалавек:
- Ільля Бохан
- Сяргей Волкаў
- Валянцін Колб (мае інваліднасьць праз хваробу сэрца, раней Валянцін перанёс інфаркт, пасьля затрыманьня ў яго здарыўся сардэчны прыступ. – РС)
- Леанід Германовіч
- Аляксандар Лапух
- Андрэй Мацук
- Сяргей Цібец
- Андрэй Хвескавец
- Аляксандр і Сяргей Шаламіцкія
- Уладзімер Хаміцэвіч на суд не зьявіўся.
- Аляксандар Шандыба
Большасьць з вышэйпералічаных абвінавачаных затрымалі ў Пінску 24 сакавіка, да гэтага вялікая колькасьць зь іх была ў статусе падазраваных і знаходзілася пад падпіскай аб нявыезьдзе. Пазьней затрыманых зьмясьцілі ў Баранавіцкае СІЗА №6. Перад пачаткам суду абвінавачаныя знаходзіліся ў СІЗА №7 ў Берасьці.
У чым вінавацяць фігурантаў:
- ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі,
- закліках дэмантаваць тратуарную плітку,
- закліках «біць сілавікоў»,
- пашкоджаньні маёмасьці,
- кіданьні камянёў, фрагмэнтаў тратуарнай пліткі, палак, бутэлек,
- ударах па сілавіках рукамі і нагамі.
Паводле вэрсіі абвінавачаньня, падсудныя далучыліся да дзеяньняў іншых асобаў і адзін да аднаго «ў мэтах дасягненьня адзінага выніку, што праявілася ў непасрэдным гвалце над асобай, а таксама ў пагромах, пашкоджаньнях і зьнішчэньні маёмасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адседжу ўвесь тэрмін, але на калені перад уладай ня стану». Што вядома пра фігурантаў «пінскай справы» пасьля прысудуГэта ўжо другі суд над фігурантамі «пінскай справы». Раней 30 красавіка 14 пінскім палітвязьням (сярод іх Сяргей Маўшук і яго жонка шматдзетная маці Алена Маўшук, Алянсандар Цярэшка, Раман Багнавец, Данііл Богнат, Рыгор Гунько, Сяргей Ляжэнка, Станіслаў Міхайлаў, шматдзетны бацька Вячаслаў Рагашчук, Ігар Салавей, Артур Халімончык, Дэвід Масьціцкі, Алег Рубец, Вячаслаў Шэлямет), абвінавачаным ва ўдзеле ў масавых беспарадках, судзьдзя Яўген Брэган прысудзіў ад 5,5 да 6,5 года калёніі агульнага і ўзмоцненага рэжыму.
Усе 14 палітвязьняў таксама павінны выплаціць каля 200 тысяч рублёў кампэнсацыі сілавікам і чыноўнікам (агульная сума кампэнсацыі складае цяпер 201 028 рублёў 94 капейкі, у тым ліку матэрыяльная шкода – 24 237 рублёў 94 капейкі, маральная шкода пацярпелым сілавікам – 148 500 рублёў, судовыя выдаткі – 10 000 рублёў, і яшчэ 10% ад цэлай сумы, калі ня выплаціць кампэнсацыю цягам месяца ад уступленьня ў сілу прысуду. — РС).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адкрыць агонь!» і пагроза вялікіх тэрмінаў. Асноўныя пытаньні да рэзананснай «пінскай справы»Што расказвалі пінчукі пра падзеі 9–10 жніўня
Паводле жыхароў Пінску, зь якімі раней пагаварыла Свабода, 9 жніўня пасьля 20:00 людзі прыйшлі да выбарчых участкаў, каб паглядзець на выніковыя пратаколы. Аднак сябры выбарчых камісій паведамілі, што ўжо перадалі вынікі ў Пінскі гарадзкі выканаўчы камітэт.
Каля 21:00 некалькі тысяч чалавек наблізіліся да будынку гарвыканкаму, падыход да якога заблякавалі супрацоўнікі ГАУС і РАУС. Да людзей выйшлі начальнік ГАУС Дзьмітры Каравякоўскі. Ён прапанаваў вылучыць 5 дэлегатаў для перамоваў з кіраўніцтвам гораду.
Цягам дзьвюх з паловай гадзінаў пратэстоўцы чакалі вяртаньня сваіх дэлегатаў. У выніку да гарвыканкаму прыехала падмацаваньне сілавых структур. Яны ўзялі некалькі дзясяткаў людзей у кола, зь якога пратэстоўцы вырашылі прарывацца.
Пазьней людзі пачалі адціскаць сілавікоў, выкарыстоўваючы для абароны падручныя матэрыялы (выламаныя з лавак дошкі, сьметніцы). Прагнаўшы АМАП, пінчукі празь некаторы час разышліся па дамах. На наступны дзень, 10 жніўня, людзі зноў выйшлі на пратэст, аднак ён скончыўся масавымі жорсткімі затрыманьнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як бы я глядзеў у вочы сваім дзецям?» Што сказалі фігуранты «пінскай справы» ў апошнім словеНачальнік міліцыі справакаваў сутычку з пратэстоўцамі?
Паводле словаў сваякоў пінчукоў, якім 30 красавіка ўжо агучылі прысуд, на адным зь відэафайлаў, які пракуроры прадставілі ў ходзе судовага пасяджэньня 13 красавіка, высьветлілася, што сутыкненьні паміж грамадзянамі і сілавікамі пачаліся пасьля каманды начальніка пінскага ГАУС Дзьмітрыя Каравякоўскага «Да бою» і ягонага закліку на выцясьненьне.
На скрыжаваньні вуліц Заслонава і Леніна ў момант сутыкненьняў начальнік ГАУС прамаўляў таксама «Усім здацца» і «Атачаем і затрымліваем усіх». А крыху пазьней у мэгафон ён даў распараджэньне: «Адкрыць агонь!».
Усе гэтыя каманды 10 жніўня чулі і пратэстоўцы. Паводле прадстаўнікоў абароны абвінавачаных, людзі ўспрымалі іх літаральна. Думалі, што да іх прыменяць сілу, таму і пачалі абараняцца. Адвакаты падсудных таксама сьцьвярджаюць, што падзеі маглі б разьвівацца інакш, калі б начальнік міліцыі агучваў каманды ў завуаляванай форме, якую маглі б зразумець выключна сілавікі.
Пры гэтым сам Каравякоўскі раней у судзе заяўляў, што ніякіх загадаў асабіста не аддаваў. А самі міліцыянты, згодна з матэрыяламі справы, дзейнічалі ў межах паўнамоцтваў, не чынілі гвалту ў адносінах да пратэстоўцаў і ажыцьцяўлялі ахову грамадзкага парадку «з мэтай спыненьня несанкцыянаванай масавай акцыі каля будынку гарвыканкаму».
Родныя ж палітвязьняў кажуць, што на паседжаньні 13 красавіка паказалі таксама фота і відэа падсудных, зробленыя пасьля іх затрыманьня 10–11 жніўня. Сваякі фігурантаў прызналіся, што былі ў шоку. На прадстаўленых кадрах, кажуць яны, «хлопцы былі страшна зьбітыя».