Судзьдзя Маскоўскага раённага суду Іна Ялавая не задаволіла пазоў да БДУ дацэнта навучальнай установы Алены Лаеўскай, якую ў красавіку звольнілі з прычыны «заканчэньня тэрміну дзеяньня кантракту». Алена Лаеўская патрабавала аднаўленьня на працы.
Адвакат Дзьмітры Лаеўскі, прадстаўнік у працэсе Алены Лаеўскай, не сумняваецца ў палітычных матывах прынятага судом рашэньня.
«А як яшчэ? Відавочна, былі падставы задаволіць пазоў, і гэта бачылі ўсе прысутныя на працэсе. Адпаведна, рашэньне суду немагчыма патлумачыць нейкімі аб’ектыўнымі прычынамі, а значыць, я не магу зьвязваць яго з чымсьці іншым, акрамя спраў, дзе я працую як адвакат. Што абараняю Віктара Бабарыку і Максіма Знака, што прадстаўляў у судзе Аляксандра Пыльчанку ды іншых. Таксама не магу не зьвязаць гэтае рашэньне з шматлікімі скаргамі, якія я падаваў у пракуратуру Маскоўскага раёну і іншыя органы і якія заставаліся без задавальненьня», — сказаў Дзьмітрый Лаеўскі.
Адвакат перакананы, што дацэнт Лаеўская, якую ён прадстаўляе, будзе абскарджваць рашэньне Маскоўскага суду.
«Не мяркую, а ведаю добра, што абскардзіць. Лічыце, што мы ўжо рыхтуем гэтую скаргу. Мы адразу вырашылі, што прававая сваволя, якую ўбачылі ў гэтай справе, проста пагражае права́м вялікай колькасьці людзей. У ВНУ працуюць тысячы выкладчыкаў перадпэнсійнага ўзросту, і цяпер значыць, што іх таксама можна незаконна звольніць, парушыць іх правы. Таму мы проста абавязаны паказваць гэты абсурд. І абскарджваць мы будзем да таго моманту, пакуль ня будзе дасягнутая справядлівасьць. А справядлівасьць у гэтай справе відавочная для ўсіх, акрамя, відаць, пракурора і судзьдзі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як улады зьнішчаюць незалежную адвакатуру ў Беларусі. Фільм СвабодыПракурор Уладзіслаў Гадуноў прасіў суд не задавальняць пазоў Алены Лаеўскай.
Алена Лаеўская — дацэнт катэдры грамадзянскага права юрфаку БДУ, кандыдат юрыдычных навук, выкладала больш за 22 гады, працавала над доктарскай дысэртацыяй.
Алену Лаеўскую звольнілі 17 красавіка 2021 году на падставе таго, што зь ёй закончыўся працоўны кантракт. Алена Лаеўская палічыла звальненьне незаконным, бо ёй заставалася меней за год да пэнсійнага веку, а ў такім выпадку адміністрацыя ня мае права звальняць работніка, да якога няма заўваг па працы і які сам намераны працаваць далей. Гэта норма, паводле дацэнта, кандыдата юрыдычных навук Алены Лаеўскай, вынікае з артыкулу 261-5 Працоўнага кодэксу. У выніку выкладчыца падала на БДУ ў суд і запатрабавала прызнаць яе звальненьне незаконным ды аднавіць на працы. Пазоў Алены Лаеўскай разглядаўся ў Маскоўскім раённым судзе, на папярэднім паседжаньні прадстаўнікі БДУ адмовіліся задаволіць патрабаваньні Алены Лаеўскай. Асноўнае паседжаньне пачалося 26 траўня, на другі дзень адбыліся спрэчкі бакоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хачу пажадаць калегам і пацыентам мужнасьці», — былая загадчыца аддзяленьня РНПЦ дзіцячай анкалёгііШто казалі ў БДУ аб прычыне звальненьня дацэнта Алены Лаеўскай?
Белдзяржунівэрсытэт у судзе прадстаўлялі супрацоўніцы юрыдычнага ўпраўленьня ўстановы Тацяна Харошка і Тацяна Дзьмітрочанка. У апраўданьне загаду аб звальненьні дацэнта Алены Лаеўскай яны спаслаліся на тое, што выкладчыца не прайшла конкурс на займаньне сваёй пасады, які быў абавязковы для працягненьня кантракту ці заключэньня новага кантракту. Прадстаўніцы БДУ спасылаліся на Кодэкс аб адукацыі, які атрыманьне прафэсарска-выкладніцкіх пасад абумоўлівае праходжаньнем конкурсу. Галоўная мэта гэтых захадаў — забесьпячэньне высокай якасьці вышэйшай адукацыі, запэўнівалі суд прадстаўніцы адказьніка.
Гэты аргумэнт абаронца Алены Лаеўскай Дзьмітры Лаеўскі назваў «прыдуманай умовай». Паводле прадстаўніка пазоўніка, конкурс на замяшчэньне пасады дацэнта, якую займала Алена Лаеўская, пра які гавораць у адміністрацыі БДУ, ня быў арганізаваны самой адміністрацыяй. А значыць, гэтая справа, меркаваў абаронца, яшчэ і пра «дыскрымінацыю па абставінах, не зьвязаных зь яе працоўнымі абавязкамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Удзячны такому павароту лёсу». Звольнены за «нядобранадзейнасьць» сьледчы ўладкаваўся да фэрмэра«150 навуковых прац, 4 чалавекі абаранілі дысэртацыі пад яе кіраўніцтвам»
Алену Лаеўскую прадстаўляла ў судзе таксама юрыстка Юлія Стальмахова. Абаронца сабрала падрабязныя зьвесткі пра вучэбную нагрузку, якую кіраўніцтву катэдры грамадзянскага права, дзе працавала Алена Лаеўская, давялося разьмеркаваць паміж яе калегамі пасьля звальненьня дацэнта. З 170 гадзінаў Лаеўская не пасьпела засвоіць 114. Гэта лекцыі, практычныя заняткі, а галоўнае — іспыты, якія яшчэ наперадзе. Алена Лаеўская была сябрам дзяржаўнай экзамэнацыйнай камісіі, на яе ўдзел у працы камісіі калегі моцна разьлічвалі. Ці істотная гэта страта для навучальнага працэсу на юрфаку БДУ?
Дацэнты катэдры грамадзянскага права Алена Салей, Тацяна Аўдзеева, Людміла Царова і загадчыца катэдры Марыя Мяшчанава, калі выступалі ў судзе як сьведкі, у адзін голас казалі, што страта адчувальная. Сьведкі сышліся ў думцы, што Алена Лаеўская — адна з найлепшых выкладчыц, высокапрафэсійны спэцыяліст і пэдагог, які мае высокі рэйтынг у тым ліку сярод студэнтаў, якім яна выкладала сваю дысцыпліну. Згадвалі калегі і пра 4 кандытатаў навук, якія абаранілі дысэртацыі пад кіраўніцтвам Алены Лаеўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хоць кім, толькі не прэзыдэнтам!». Як студэнты зь Беларусі вучацца ва Ўнівэрсытэце Вітаўта Вялікага ў КоўнеЗагадчыца катэдры грамадзянскага права Марыя Мяшчанава расказала суду пра падзеі напярэдадні звальненьня дацэнта Лаеўскай. Паводле спадарыні Мяшчанавай, у лютым яна падала ў дэканат юрфаку заяўку на падаўжэньне кантракту з Лаеўскай яшчэ на 5 гадоў. Дэкан факультэту з гэтым пагадзілася, паведаміла сьведка Мяшчанава. Далей заставалася чакаць, што ў газэце БДУ, як звычайна напярэдадні конкурсаў, зьявіцца аб’ява аб конкурсе на замяшчэньне пасады дацэнта Лаеўскай, але аб’явы не было, а з рэктарату паведамілі, што кантракт з Лаеўскай вырашана не працягваць. «Карысьці ад звальненьня Алены Лаеўская не было ніякай, прынамсі я яе ня бачу», — сказала суду загадчыца катэдры.
«Гэта ня тычыцца калектыву»
У судзе сьведкі расказалі пра захады, якія рабілі, каб абараніць калегу. Што быў сход калектыву катэдры грамадзянскага права, на якім склалі ліст у рэктарат з просьбай перагледзець рашэньне і аднавіць Алену Лаеўскую на працы. Таксама ліст у абарону выкладчыцы адправілі і ў прафсаюз навучальнай установы. Маўляў, заступіцеся. Які вынік?
З рэктарату адказалі, што сытуацыя тычыцца адносін наймальнік — работнік, гэта ня справа калектыву ўмешвацца. А з прафсаюзнага камітэту адказалі, што звальненьне законнае, падстаў дамагацца яго адмены няма. Пра гэта суду расказалі сьведкі з катэдры грамадзянскага права.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цэлыя аддзелы не падпісалі ліст афіцыйных прафсаюзаў». Як з Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі звальняюць за палітыкуУ судзе ў прадстаўніц БДУ адмыслова запыталі, чаму ня быў своечасова праведзены конкурс на замяшчэньне пасады, якую да звальненьня займала дацэнт Алена Лаеўская? У рэктараце ж добра ведалі, што кантракт зь ёй заканчваецца, але яна перадпэнсійнага ўзросту і проста звольніць яе немагчыма. «Конкурс не аб’яўляўся, не пасьпелі», — прызнала прадстаўніца БДУ і дадала, што «трэба комплексна разглядаць норму, а не аднабока ўзяць адзін артыкул Працоўнага кодэксу і вакол яго будаваць сваю пазыцыю». Гэтая рэпліка выклікала сьмех у зале, дзе сабраліся больш за 10 прафэсійных юрыстаў, у тым ліку былых супрацоўнікаў судоў, адвакатаў і праваабаронцаў.
«Пазваны наўмысна стварыў умовы для незаконнага звальненьня пазоўніка», — заявіла ў выніку прадстаўніца Алены Лаеўскай Юлія Стальмахова і заклікала суд задаволіць яе пазоў да БДУ і абавязаць адміністрацыю ўнівэрсытэту аднавіць Алену Лаеўскую на былой працы.
«Агучыў рашэньне БДУ»
Па хадайніцтве прадстаўнікоў БДУ ў суд як сьведка быў выкліканы прарэктар БДУ ў пытаньнях эканомікі Міхаіл Чарапеньнікаў. Гэта ён у красавіку падпісаў загад аб звальненьні Алены Лаеўскай і 16 красавіка паведаміў ёй пра гэта на асабістай сустрэчы. Сьведка сказаў, што тады выконваў абавязкі першага прарэктара, які захварэў, а так ён за кадравыя пытаньні не адказвае. «Рашэньне аб яе звальненьні агучыў я, але гэта было рашэньне БДУ», — двойчы паўтарыў Міхаіл Чарапеньнікаў, калі яго спыталі, хто і чаму вырашыў звольніць дацэнта Алену Лаеўскую. Паводле сьведкі, размова з Аленай Лаеўскай была хуткай, хаця ён разьлічваў на большае. Нібыта ён прапанаваў Алене Лаеўскай працягнуць зь ёй працу да канца навучальнага году на падставе «тэрміновай дамовы», але «яна адразу адмовілася і сышла». На пытаньне, чаму дацэнту Лаеўскай пісьмова не прапанавалі «тэрміновую дамову», сьведка адказаў, што паколькі тая ад вуснай прапановы адмовілася, то ўжо не было сэнсу.
Ад самой Алены Лаеўскай не ўдалося атрымаць пацьверджаньня ці абвяржэньня словаў прарэктара пра вусную прапанову тэрміновага кантракту да канца навучальнага году. Жанчына на суд не зьявілася. Яе сын, абаронца Дзьмітры Лаеўскі, кажа, што «маці дагэтуль вельмі перажывае» і таму «даверыла прадстаўляць яе інтарэсы іншым юрыстам». Аднак паводле заявы, якую зрабіў Дзьмітры Лаеўскі ў судзе як прадстаўнік пазоўніка, «прапановы аб тэрміновай дамове з боку адміністрацыі БДУ не было».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стомленасьць ад Беларусі. Эўрапейскі аглядальнік пра шанцы зьмяніць сытуацыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакатка Пратасевіча падала скаргу ў Генпракуратуру, патрабуе сустрэчы і мэдыцынскага агляду палітвязьня