«Калі мяне забіралі сілавікі, я больш перажываў за ўнівэрсытэт»
Мікіта Камянецкі — былы студэнт БДПУ. Цяпер навучаецца ў Музычнай акадэміі Ковенскага ўнівэрсытэту Вітаўта Вялікага. У Беларусі ў Мікіты пачаліся праблемы праз тое, што ён выступаў у дварах, граў на акардэоне. Пасьля чарговага канцэрту хлопца вывезьлі сілавікі. Да гэтага, кажа Мікіта, яму шанцавала, заўжды ўдавалася ўцячы.
«Я ведаў, што мяне зловяць, але працягваў граць. Я прыехаў, папрасіў людзей не даставаць сьцяжкі і парасоны, каб мы ня кідаліся ў вочы і ўсе спакойна слухалі музыку. Быў цудоўны канцэрт, і тут прыяжджае міліцыя. У мяне ўжо адладжаная сыстэма: кладу акардэон і бягу ў пад’езд. Я схаваўся, потым у жыхароў двара папіў гарбаты, паразмаўлялі, і я вырашыў, што ўжо можна ехаць дамоў. Сеў я ў таксоўку, праходзіць хвіліна, падʼяжджаюць два бусы, выбягаюць АМАПаўцы ў бронекамізэльках з балёнчыкамі газавымі (быццам я тэрарыст з акардэонам) і як пачынаюць гарлаць: «Выйшаў з машыны!». А я ім і кажу: «Дык я ж яшчэ не прыехаў», — сьмяецца Мікіта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Музыкі з «Разьбітага сэрца пацана» пераехалі ў Кіеў. Кажуць, што часоваХлопец параўноўвае сваё затрыманьне з блокбастэрам. Далей ён у судзе сам папрасіў суткі, каб хутчэй забраць акардэон і тэлефон, бо калі б прысудзілі штраф, забіраць рэчы было б нашмат даўжэй.
«Я іх [сілавікоў. — РС] не зусім баяўся, калі мяне забіралі, а больш перажываў за ўнівэрсытэт. Але мне было цікава, што са мной будзе далей — прага адрэналіну. На Акрэсьціна са мной былі айцішнік, лекар, рабочыя і музыкі (у нас цэлы аркестар і жаночы хор атрымаўся), а вось у Жодзіне любяць пазьдзекавацца супрацоўнікі, хоць нас і ня білі. Мне было страшна, што могуць даць нейкі яшчэ артыкул, нешта прыляпіць».
Мікіта даведаўся пра сваё магчымае адлічэньне. Вырашыў, што варта спрабаваць паступіць у Літву, бо неўзабаве маглі забраць у войска.
«Я даслаў відэа, як я граю, і мне прапанавалі навучацца адразу з другога курсу ў Музычнай акадэміі. У Беларусі я вучыўся на настаўніка музыкі, а тут мне прапанавалі, так бы мовіць, круцейшае навучаньне, бо Акадэмія — гэта вышэй па складанасьці і па выніку больш прэстыжна».
Мікіта зьехаў зь Беларусі ў лютым. Кажа, што страху пераяжджаць не было, бо загадзя рыхтаваўся. Больш за ўсё пужаў праход празь мяжу.
«Я баяўся мяжы, бо ня ведаў, якая будзе сытуацыя. Здавалася, па дакумэнтах я магу праехаць спакойна, але ж мытнікі могуць павесьці сябе абсалютна непрадказальна. Я чуў шмат навін, калі хлопцаў забіралі проста зь мяжы і адпраўлялі ў войска адразу ж. Я нікому не расказваў, што зьяжджаю, нават сябрам, перастрахаваўся. На мяжы мяне доўга надглядалі, але ўсё ж такі выпусьцілі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белыя дні Менску». Як дырыгент мюнхэнскага аркестру напісаў кнігу пра беларускую рэвалюцыюМікіта кажа, што бацькі моцна перажывалі празь ягоную «прагу адрэналіну». Таму ня толькі падтрымалі ідэю зь пераездам, але нават паставілі ўльтыматум: калі ня зьедзе, то перастануць зь ім кантактаваць.
«Я без сумневаў зьехаў, і бацькі задаволеныя. Вядома, некаторы час, як я прыехаў, я не разумеў, што я раблю, навошта я тут. Страхі былі, быў культурны шок, але мне гэтае адчуваньне знаёмае, бо я шмат падарожнічаў. Я сабраўся і пачаў рыхтавацца да вучобы і даведвацца, як тут усё наладжана».
Цяпер у Мікіты навучаньне на ангельскай мове, але выкладчыкі дапамагаюць і сёе-тое тлумачаць па-расейску. Літоўцы ўвогуле добра ставяцца да беларусаў, кажа хлопец.
«Я заўсёды імкнуся мінусаў не знаходзіць. Вядома, складанасьць у тым, што ў Беларусі ў мяне атрымлівалася сьпісваць, выкручвацца, а ў Літве трэба ўсё вучыць, выконваць, — жартуе Мікіта. — Цяпер я атрымаў часовы від на жыхарства і буду старацца ўладкавацца на працу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паеду дахаты і буду сьпяваць „Разбурылі турмы муры“», — Маргарыта Ляўчук пра дзень перамогі, удзел у «Эўравізіі» і Лукашэнку ў «Лебядзіным»На пытаньне, што варта зьмяніць у беларускай сыстэме адукацыі, Мікіта адказвае так:
«У беларускай сыстэме трэба шмат чаго прыбіраць, і кірунак варта браць не на вось гэтую савецкую дысцыплінаванасьць, а на асабістую адказнасьць студэнта. Калі чалавек сам зразумее, што яму трэба, тады ён і вучыць гэта значна хутчэй, больш старанна і правільна. Таму што ў Беларусі нас прымушалі „сядзець“ на занятках і завучваць, да таго ж вельмі шмат лішніх прадметаў. У Літве такога няма. Ёсьць канкрэтна мая спэцыяльнасьць як музыкі, даецца толькі тое, што неабходна. У Беларусі я б зрабіў так, каб наведваньне было вольным, прыбраў бы непатрэбныя прадметы, каб чалавек проста сфакусаваўся на асноўным. А яшчэ патрабаваў бы менавіта ведаў, каб студэнт на іспыце ня сьпісваў і ўсё сам расказваў».
Мікіта хоча вярнуцца ў Беларусь, але ці будзе жыць там, яшчэ ня ведае.
«Я б з прыемнасьцю вярнуўся. Мяне цягнуць людзі. Нават падчас мітынгаў я з многімі даволі шчыльна пасябраваў, яны мне шмат дапамагалі, усё гэта ўзгадваю зь цеплынёй на душы. У мяне пыталіся, кім я буду ў новай Беларусі, я адказваў: «Хоць кім, толькі не прэзыдэнтам, усё ж такі мая справа — музыка».
«Паліцыянтка давезла мяне да інтэрнату»
Уладзіслаў — былы студэнт БНТУ. Цяпер навучаецца на факультэце інфарматыкі ў Коўне.
«Першапачаткова я разглядаў „праграму Каліноўскага“ ў Польшчы, але захацелася больш у Літву, бо мне сымпатычныя невялікія краіны. У мяне былі цяжкасьці з ангельскай, але многія выкладчыкі тут гавораць на расейскай. Да таго ж у нас былі курсы літоўскай. Ёсьць невялікі бонус на факультэце інфарматыкі, бо ў нас свая мова — праграмаваньня», — кажа Ўладзіслаў.
Пра Беларусь цяпер хлопец выказваецца даволі рэзка.
«Я ўспамінаю пра Беларусь, і мне проста сорамна пасьля таго, што адбылося. Многіх людзей я перастаў „пераварваць“. У мяне сытуацыя крыху лепшая, чым у некаторых студэнтаў, якія ня могуць вярнуцца, бо праходзяць па нейкіх крымінальных справах. Я магу і буду езьдзіць у Беларусь, але жыць там я не хачу. Я чалавек з разраду „веру ў лепшае, але рыхтуюся да горшага“. Я паспрабаваў нешта зьмяніць, але гэта кропля ў моры. Калі б кожны гэтую кроплю паднёс, то, можа, нешта і было б лепш».
Уладзіслаў, як і Мікіта, таксама зьвяртае ўвагу, што ў літоўскім унівэрсытэце няма такога мноства няпрофільных прадметаў, як у Беларусі.
«У Беларусі вас могуць адлічыць з тэхнічнай ВНУ з прычыны фізкультуры. У Літве няма ніякіх прадметаў кшталту „асноў жыцьцядзейнасьці“ ці „ідэалёгіі“. Ёсьць тыя, што наўпрост зьвязаныя са спэцыяльнасьцю. Мне падабаецца яшчэ, што тут свае дэдлайны: калі вы не пасьпяваеце зрабіць свой праект, можаце дамовіцца з выкладчыкам і здаць трошкі пазьней, альбо зрабіць раней і не прыходзіць на пару. Тут уся сыстэма больш унівэрсальная, гібрыдная, яна можа рухацца і падладжвацца. А не як у Беларусі: вы павінны хадзіць на кожную пару, галоўнае — прысутнасьць. Ну, а сэнс тады ў чым? У БНТУ стварылі такія ўмовы, пры якіх ты цярпець ня можаш гэты ўнівэр».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Занадта шмат бед абрынулася на яго». Што кажуць сябры пра загінулага 18-гадовага Дзьмітрыя Стахоўскага?Праз зручны графік вучобы студэнты маюць магчымасьць працаваць.
«Цяпер я працую ў расейскім сэрвісе па вэрыфікацыі дадзеных. Атрымліваю каля 500 даляраў: 150 ідзе на ежу, частка на заняткі з рэпэтытарам, і можна штосьці адкласьці. У Беларусі я рабіў столькі ж працы, але заробак быў у два разы меншы. Літва мне падабаецца значна больш, бо людзі тут больш ветлівыя. Ва ўнівэры, нават калі чалавек вас ня ведае, ён заўсёды з вамі вітаецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кропля за кропляй, і дапамога становіцца такой вялікай, што наступае перамога». Ганна Шапуцька пра суткі і салідарнасьцьХлопец кажа, што яму зусім не было самотна ў новай краіне.
«Я быў завочна знаёмы зь некаторымі студэнтамі яшчэ да таго, як прыляцеў, у нас была група ў тэлеграме. Калі я прыехаў, я ўжо ведаў, што, куды і як рабіць. Пасьля я засяліўся ў адзін пакой са сваім сябрам. Мне наогул не было сумна, нават на карантыне. Тут людзі неяк спрабуюць наладжваць камунікацыю».
«Аднойчы я заблукаў у Коўне, падышоў у бліжэйшы паліцэйскі ўчастак, там была супрацоўніца да 30 гадоў, і я паказваю ёй мапу, тлумачу, куды мне трэба дабрацца, а інтэрнат у мяне дзесьці 6 км ад гораду і даехаць складана. І яна мне кажа: „Прыпынак далёка, аўтобус яшчэ ня хутка, давайце я вас падвязу“. І вось з самай Коўны мяне давезла паліцыянтка да параднага ўваходу інтэрната».
«Тут свабодна і бясьпечна»
Зьміцер Грамадзкі — былы студэнт МДЛУ, сябра Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. Хлопца адлічылі за ўдзел у забастоўцы 26–29 кастрычніка.
«Тады яшчэ не было „справы студэнтаў“, і мы ня думалі пра крымінальную адказнасьць. Выключэньне з унівэру было чаканым, хоць у мяне была выдатная пасьпяховасьць. Мне пашанцавала, што я зьехаў. Я прыйшоў ва ўнівэрсытэт 30-га, вырашыў некаторыя справы, разьвітаўся зь сябрамі, і 1 лістапада я зьехаў у Кіеў, пэўны час жыў паміж ім і Львовам. Да мяне пераехала дзяўчына, і мы вырашалі, дзе нам будзе камфортней спыніцца, як нам быць з адукацыяй. І вось якраз Ковенскі ўнівэрсытэт прапанаваў нам перавесьціся на трэці курс з чатырох. Цяпер я вывучаю ангельскую філялёгію, крыху адрозную ад спэцыяльнасьці, што была ў Беларусі», — кажа Зьміцер Грамадзкі.
Зьміцер разам са сваёй дзяўчынай 4 месяцы жылі ва Ўкраіне, бо праз праблемы з дакумэнтамі пара не магла выехаць у Літву. Але Зьміцер кажа, што быў гатовы да магчымых цяжкасьцяў.
«Мяне ўся сям’я выпіхвала зь Беларусі „ад граху далей“, што не было часу абдумаць усё, быў проста шэраг задач: сабраць рэчы, дакумэнты, разьвітацца зь сябрамі. Раман Бандарэнка быў яшчэ жывы, „плошча Перамен“ не разрабаваная, не было пачуцьця, што мы перайшлі ў доўгую стадыю барацьбы, што ад’езд стане катастрафічным. А вось пасьля сьмерці Рамана накрыла хваля нэгатыву. Я ж зьехаў за пару тыдняў да таго, таму спакойна ўспрымаў пераезд».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 70 беларускіх кампаній падпісалі з урадам Літвы дамовы на рэлякацыюЗьміцер кажа, што адчувае сябе добра ў новым горадзе.
«Па самім горадзе цячэ Нёман, што вельмі прыемна, бо гэта сваё. Коўна мне нагадвае ўсё лепшае, што ёсьць у Полацку. Тут файна. Канечне, бывае сумна і самотна, што ты ня дома, і але тут ёсьць заўжды з кім пагаварыць».
Хлопец кажа, што ў Літве адчувае сябе ў бясьпецы.
«Калі бачыш паліцыю, ты разумееш, што яны табе нічога ня зробяць. У Літве вельмі паважаюць усіх прадстаўнікоў закону. Тут свабодна і бясьпечна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі дэпутат: спрэчак пра Вільню і спадчыну ўжо няма, ёсьць адчуваньне супольнага лёсуУ Ковенскім унівэрсытэце дзейнічае сыстэма «mid-term», што робіць ацэньваньне студэнтаў больш аб’ектыўным, лічыць Зьміцер.
«Адзнака тут складаецца з трох частак: хатняя праца (можа быць адзін праект ці некалькі частак, напрыклад, эсэ), сярэднесэмэстравы іспыт і кантрольная работа. Ёсьць студэнты, якія любяць сядзець на занятках ціха, але яны ва ўсім разьбіраюцца. Для іх такая сыстэма будзе добрая», — тлумачыць перавагі Зьміцер.
«Мяне ўразіла, што адсутнічае вучэбная група, мне вельмі падабаецца такі фармат, бо ты ў выніку больш узаемадзейнічаеш з рознымі людзьмі, хоць навучаньне і дыстанцыйнае. Гэта, канечне, вельмі складаная арганізацыя раскладу, але я лічу такое навучаньне больш эфэктыўным».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наўседа: Літва прапануе «вельмі сур’ёзныя» санкцыі ў дачыненьні да БеларусіЦяпер Зьміцер пастаянна жыве ў Коўне і выбіраецца на акцыі салідарнасьці ў Вільню.
Калі пачаліся масавыя рэпрэсіі супраць беларускіх студэнтаў, унівэрсытэт Вітаўта Вялікага стварыў адмысловы фонд падтрымкі. Цяпер тут навучаюцца 59 студэнтаў зь Беларусі. Дзякуючы фонду 17 студэнтаў былі прынятыя ў Акадэмію адукацыі і на факультэты паліталёгіі і дыпляматыі, інфарматыкі, натуральных навук, эканомікі і кіраваньня, адзначаецца на сайце ўнівэрсытэту.
«Наша ініцыятыва аказалася карыснай, і мы рады, што можам аказаць рэальную падтрымку. Мы будзем працягваць аказваць яе да таго часу, пакуль будзе патрэба заставацца ў суседняй дзяржаве», — сказала дацэнт, прафэсар Вільма Біейкене. У паведамленьні на сайце ўнівэрсытэту яна дадае, што вельмі важна, каб падтрымка беларусаў літоўцамі і іншымі дэмакратычнымі краінамі заставалася непахіснай, і што гэтая барацьба супраць бязьлітаснай сыстэмы не павінна стаць проста штодзённай навіной у сродках масавай інфармацыі.