24 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця пачаўся працэс над чарговымі фігурантамі «карагоднай справы».
13 асобаў абвінавачваюць паводле ч. 1 артыкулу 342 за ўдзелу 13 верасьня ў карагодзе на скрыжаваньні бульвару Касманаўтаў і праспэкту Машэрава. У той дзень для разгону пратэстоўцаў сілавікі ўжылі вадамёт.
Справу разглядае судзьдзя Яўген Брэган (30 красавіка ён прысудзіў 14 фігурантам «пінскай справы» ад 5,5 да 6,5 года пазбаўленьня волі. — Свабода).
На лаве падсудных 13 чалавек:
- Ігар Вінакураў,
- Сяргей Ксянжук,
- Дзьмітры Курганаў,
- Алена Лойка,
- палітвязень Радзівон Медушэўскі (знаходзіцца ў Берасьцейскім СІЗА № 7),
- Соф'я Нішт,
- Андрэй Нямірскі,
- Андрэй Аніскевіч,
- Ільля Палхоўскі,
- Кацярына Смірнова,
- Мікіта Увараў,
- Аляксандар Храпко,
- Галіна Чугунова.
У чым абвінавачваюць падсудных?
Усіх іх абвінавачваюць паводле ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку»). Санкцыя ў гэтым выпадку прадугледжвае штраф, або арышт, ці абмежаваньне або пазбаўленьне волі на тэрмін да трох гадоў.
Згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, падсудныя ў групе зь іншымі асобамі наўмысна ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Іх дзеяньні нібыта былі спалучаныя зь непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту, арганізацый і прадпрыемстваў.
У прыватнасьці, з прычыны прастою тралейбуснаму парку была нанесеная шкода 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчаваньня. Пацярпелым бокам у справе выступаюць тралейбусны і аўтобусны паркі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такія працэсы трэба праводзіць на стадыёне». У Берасьцi cудзяць яшчэ 12 фігурантаў «карагоднай справы»У Берасьці ў «справе карагоду» раней адбыліся ўжо 3 суды. Суд над чацьвёртай часткай фігурантаў працягваецца да гэтага моманту. Агулам асудзілі ўжо 32 асобы, траіх зь іх адправілі ў калёнію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пастаялі некалькі хвілін, паглядзелі». У «карагоднай справе» будуць судзіць цяжарную жанчыну, якая мае дваіх малых дзяцейСправа аб карагодзе — адна з самых масавых палітычных справаў у Беларусі. Колькасьць абвінавачаных у ёй на гэты момант складае больш за 70 чалавек. Аднак сілавікі да сёньня працягваюць займацца пошукам удзельнікаў тых падзеяў.