18 траўня Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў прыйшоў зь ператрусамі ў рэдакцыю, рэгіянальныя структуры, да журналістаў і рэдактараў найбольш папулярнага беларускага інтэрнэт-парталу. Адбыліся ператрусы таксама ў рэдакцыях сумежных бізнэсаў — Av.by, Rabota.by.
Амаль адначасова Міністэрства інфармацыі на падставе паведамленьня Генэральнай пракуратуры абмежавала доступ да інтэрнэт-рэсурсу Tut.by і яго люстэркаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 13 затрыманых, дзіўная справа з ПВТ. Што адбываецца вакол Tut.by — у пытаньнях і адказахУ той жа дзень Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю заявіў, што распачата крымінальная справа ў дачыненьні да службовых асобаў ТАА «Тут Бай Медыа» паводле прыкметаў складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).
«Мы лічым гэтыя факты працягам наступу на свабоду слова. Спасылкі ўладаў на эканамічныя парушэньні, якія нібыта сталі падставай для перасьледу, ужо шмат гадоў актыўна выкарыстоўваюцца дзеля абгрунтаваньня рэпрэсіўных захадаў супраць праваабаронцаў, СМІ, незалежных прафсаюзаў, — адзначаюць аўтары заявы. — Гэта ня першыя спробы ціску на найбуйнейшае сеткавае мэдыя. У жніўні 2018 году некалькі рэдактараў трапілі пад крымінальны перасьлед у так званай „справе БелТА“, а ў пачатку 2019-га галоўная рэдактарка Марына Золатава ў гэтай справе асуджаная. Летась партал пазбавілі статусу СМІ, неаднойчы ў яго адрас з боку службовых асобаў гучалі пагрозы заблякаваць дзейнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці будуць дадатковыя санкцыі за пагром Tut.by? Ацэнка фінскага палітолягаПаводле праваабаронцаў, такія дзеяньні ў дачыненьні да супрацоўнікаў найбуйнейшага і папулярнага ў краіне інфармацыйнага рэсурсу ёсьць працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў на абмежаваньне распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі заблякавалі дзясяткі грамадзка-палітычных і інфармацыйных сайтаў, шэраг друкаваных выданьняў вымушаны былі спыніць выхад.
Цяпер за кратамі знаходзяцца 16 журналістаў і мэдыяспэцыялістаў, 11 зь іх — па крымінальных справах. Паўтара дзясятка чалавек затрымалі ў справе Tut.by.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У турме на Акрэсьціна адмаўляліся прымаць перадачы для затрыманых супрацоўнікаў Tut.byПраваабаронцы патрабуюць ад уладаў:
- Спыніць ціск на свабоду выказваньня, журналістаў і незалежныя мэдыя;
- Спыніць палітычна матываваны перасьлед і вызваліць усіх палітычных зьняволеных.
Супольную заяву падпісалі:
- Беларуская асацыяцыя журналістаў,
- грамадзкая арганізацыя «Прававая ініцыятыва»,
- Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар,
- ініцыятыва FORB,
- Цэнтар прававой трансфармацыі Lawtrend,
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»,
- Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтар.