Адмову прыняць перадачы ад сваякоў, якія адстаялі ў чарзе пад дажджом, патлумачылі тым, што затрыманых адвезьлі з ізалятара ў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю — на допыт, паведамляе «Эўрарадыё».
Сваякі хацелі ў тым ліку перадаць цёплыя рэчы, бо ацяпленьне ў ізалятары адключанае, а надвор’е стаіць халоднае.
Праўда, пасьля 18-ай гадзіны вечара Tut.by паведаміў, што родным некаторых супрацоўнікаў парталу ўсё ж удалося аддаць перадачы на Акрэсьціна. Перадачы прынялі для галоўнага рэдактара Tut.by Марыны Золатавай, рэдактара Вольгі Лойкі і журналісткі Алены Талкачовай.
Як пазьней паведамілі валянтэры з ініцыятывы «Сьпісы затрыманых», супрацоўнікаў парталу сёньня вывозілі з Акрэсьціна на сьледчыя дзеяньні, і ў момант, калі журналістаў не было на Акрэсьціна, адміністрацыя адмаўлялася прымаць перадачы. Але калі журналістаў па чарзе вярталі назад – перадачы прымаліся. У канцы дня прынялі перадачы ва ўсіх, хто быў у чарзе.
18 траўня сілавікі з ДФР прыйшлі ў офіс Tut.by, да рэдактараў і журналістаў, а таксама ў афіліяваныя праекты. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што на службовых асобаў ТАА «Тут Бай Мэдыя» завялі крымінальную справу па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Маючы статус рэзыдэнта ПВТ, кампанія нібыта атрымлівала выручку, «не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў».
На 20 траўня затрыманыя 13 чалавек:
- рэдактарка Вольга Лойка
- журналістка Алена Талкачова
- галоўны рэдактар Марына Золатава
- генэральны дырэктар Людміла Чэкіна
- галоўная бухгальтарка Анжэла Асад
- намесьніца дырэктара Ірына Рыбалка
- галоўны інжынэр Ала Лапатко
- юрыстка Кацярына Ткачэнка
- намесьніца галоўнага бухгальтара Марыя Новік
- намесьнік генэральнага дырэктара па тэхнічных пытаньнях Аляксандар Дайнека
- мэнэджар Андрэй Аўдзееў
- генэральны дырэктар зьвязанай з Tut.by плятформы Hoster.by Сяргей Павалішаў
- удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера драматург Юлія Чарняўская (пад хатнім арыштам).
Юлія Чарняўская не зьяўляецца ўласьніцай Tut.by, найбольшы пакет акцый кампаніі мае яе дачка Яўгенія.