Дачка Юліі Чарняўскай Яўгенія напісала ў Фэйсбуку, што хатні арышт азначае, што маці знаходзіцца ў статусе падазраванай па справе.
«Сутнасьць хатняга арышту: чалавек абмежаваны ў рухах і ў камунікацыі. Ён ня можа пакідаць кватэру, і ў яго адсутнічаюць усе сродкі сувязі са зьнешнім сьветам. Поўная ізаляцыя. Нават права на ліставаньне папяровымі лістамі няма. З моманту прымяненьня хатняга арышту можа прайсьці максымум 10 дзён, на працягу якіх павінна быць агучана абвінавачаньне. Калі гэтага не адбываецца, арышт аўтаматычна скончаны і чалавек можа пакінуць дом», — тлумачыць дачка Юліі Чарняўскай.
Паводле яе, маці павінна быць забясьпечана магчымасьць зносін з адвакатам у любым аб’ёме, і родныя вельмі спадзяюцца, што гэтае грамадзянскае права будзе выканана. Яўгенія спасылаецца на адваката, які сьведчыць, што да Юліі Чарняўскай ставяцца паважліва і ветліва, трымаюць дыстанцыю, надзяюць маскі пры зносінах.
«Мэдыкамэнты забясьпечваюцца. Наогул больш за ўсё яна хвалявалася, што можа застацца адна безь фізычнай падтрымкі, але быццам бы, як я зразумела, базавыя патрэбы забясьпечаныя. Мама вельмі перажывае, курыць не спыняючыся, вельмі нэрвуецца. Цуд і шчасьце, што побач ёсьць любімы сабака Жулька... Маміна адвакатка Вольга ўсьміхнулася: «Пытаньні, якія мама задае, вельмі наіўныя. Культуроляг, філёзаф — адразу відаць, што чалавек далёкі ад бухгальтэрыі і бізнэс-адміністраваньня».
Юлію Чарняўскую ня бачылі з 18 траўня. Сёньня днём яна знайшлася ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў КДК, дзе зь ёю праводзілі сьледчыя дзеяньні. Раней дачка Юліі Чарняўскай Яўгенія напісала ў фэйсбуку, што адвакат атрымаў званок ад супрацоўнікаў ДФР, што цяпер над ёй будуць адбывацца сьледчыя дзеяньні (верагодна, допыт).
- Юлія Чарняўская перастала выходзіць на сувязь з блізкімі раніцай 18 траўня, у дзень ператрусаў у офісе Tut.by і затрыманьня топ-мэнэджараў і супрацоўнікаў кампаніі. У той жа дзень яе бачылі ў кардыялягічным аддзяленьні 1-й лякарні ў Менску. Яна перанесла гіпэртанічны крыз, мэдыкі аказалі ёй дапамогу. Увесь гэты час побач знаходзіўся апэратыўнік. Пазьней у прыёмным пакоі адказалі, што Юлію Чарняўскую адпусьцілі дадому, аднак туды яна не вярнулася.
- Юлія Чарняўская не зьяўляецца ўласьніцай Tut.by, найбольшы пакет акцый кампаніі мае яе дачка Яўгенія.