На гэтыя пытаньні каналу Свабода Premium адказаў дырэктар праграмы «Ўсходняга партнэрства» ЭЗ і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных адносінаў Аркадзь Мошас.
Мошас
- Я ня ўпэўнены, што на зьмест чацьвёртага пакету санкцыяў ЭЗ паўплывае тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, у прыватнасьці справа Tut.by.
- Такія пакеты звычайна зацьвярджаюцца доўга, мяркую, што ён ужо нават гатовы.
- Але імаверна, што адразу ж пачнуць рыхтаваць пяты пакет санкцыяў.
- Мне здаецца, што стаўленьне ЭЗ пачынае мяняцца.
- Ён вельмі доўга чакаў, вельмі доўга тлумачыў, чаму ён невялікія крокі ў санкцыйнай палітыцы выдаваў за гіганцкія дасягненьні.
- Існуе «чырвоная лінія», перайшоўшы якую, рэжым ужо ня зможа вярнуцца ў папярэдні стан.
- Нават зімой нейкія мадальнасьці дыялёгу Менску з ЭЗ яшчэ існавалі.
- Прыхільнікі гэтага ў ЭЗ застаюцца, але іх робіцца менш, і ім цяжэй аргумэнтаваць свой пункт гледжаньня.
- Махавік рэпрэсіяў, які раскручваецца ў Беларусі — гэта ў Эўропе пачынае ўспрымацца ня толькі як клішэ.
- Тыя сілы ў ЭЗ, якія выступаюць за ўзмацненьне санкцыяў, атрымалі вельмі сур’ёзную дадатковую аргумэнтацыю.
- Журналісцкая супольнасьць дастаткова ўплывовая ў Эўропе, і яна сёньня будзе выказваць салідарнасьць зь беларускімі журналістамі і ўдзяляць большую, чым раней, увагу падзеям у Беларусі.
- На Захадзе прыслухоўваюцца да папярэджаньня Макея, што ў адказ на ўзмацненьне санкцыяў грамадзянская супольнасьць у Беларусі будзе зьнішчаная.
- Гэты аргумэнт можна перагарнуць і сказаць, што санкцыі павінныя быць такімі моцнымі, каб адбіць у Менску ахвоту ціснуць на грамадзянскую супольнасьць.
- Але цяжка сказаць, хто перамагае ў спрэчках наконт рэакцыі на гэтую пагрозу.
- Гэты аргумэнт гучыць на аналітычных абмеркаваньнях у Эўропе.
- Цяпер на гэтых абмеркаваньнях менш гучыць аргумэнт наконт таго, што ціск Захаду можа падштурхнуць Лукашэнку да больш шчыльнага збліжэньня з Расеяй, у тым ліку і ў вайсковай сфэры.
- За апошнія месяцы дыскусія на тэму Беларусі некуды зьнікла.
- На сёньняшні дзень працэс выпрацоўкі санкцыяў не палітычны, а бюракратычны.
- Узаемадзеяньне з апазыцыяй, найперш з колам Ціханоўскай, даволі фармальнае.
- Калі яна сустрэнецца з Байдэнам, гэта будзе гучная інфармацыйная нагода. Але гэта мае быць сустрэча такога ўзроўню, ня нешта меншае.
- Летась вырашалася будучыня Беларусі, яна вырашалася на вуліцах яе гарадоў і ў сурʼёзных кабінэтах на Захадзе.
- Што было на вуліцах, мы ведаем. У кабінэтах на Захадзе, гледзячы па ўсім, прайшлі да высновы, што ня трэба наконт Беларусі ісьці на жорсткую канфрантацыю з Расеяй, ня трэба рабіць так, як было ва Ўкраіне.
- Францускі амбасадар раптоўна зьехаў у Парыж, калі надышоў час уручаць даверчыя граматы.
- У гэтым сэнсе амбасадарка ЗША павяла сябе больш годна, яна не прыехала ў Менск на тых умовах, якія Менск выстаўляў.
- Гэтыя рашэньні былі прынятыя яшчэ ўвосень.
- Тое, што амбасадарка Фішэр ня едзе ў Менск, гэта сурʼёзны індыкатар.
- І санкцыі амэрыканскія больш сурʼёзныя, чым эўрапейскія, а ў будучыні будуць рабіцца яшчэ больш сурʼёзнымі.
- Пазыцыя ЗША больш прынцыповая, але яны не гатовыя быць лідэрам у выпрацоўцы заходняй палітыкі адносна Беларусі.
- Яны лічаць, што гэта эўрапейскае пытаньне, і Эўропа мусіць за яго несьці адказнасьць. А Эўропа яе несьці ня хоча.
- Напярэдадні саміту Байдэн — Пуцін некаторыя амэрыканскія аналітыкі выказвалі думку, што ў абмен на стрыманасьць ва ўкраінскіх справах Байдэн можа даць Пуціну свабоду рук у дзеяньнях адносна Беларусі.
- Я ня ўпэўнены, што так і будзе, але гэтая думка заслугоўвае ўвагі.
- Амэрыканцаў, па сутнасьці, цікавіць адно — каб у Беларусі не было новых расейскіх вайсковых базаў. Гэтаму яны будуць супрацьдзейнічаць.
- А перанакіраваньне патоку нафтапрадуктаў з Клайпэды ў Усьць-Лугу іх не цікавіць.
- І наконт такіх крокаў Расеі ў Беларусі амэрыканцы напружвацца ня будуць.
Што было напярэдадні
- Першы пакет санкцый у дачыненьні да Беларусі Эўразьвяз увёў 2 кастрычніка 2020 году.
- Пасьля сьпіс асобаў, якія падпадаюць пад іх дзеяньне, быў пашыраны другім і трэцім пакетамі 6 лістапада і 17 сьнежня адпаведна.
- Адметнасьцю трэцяга пакету стала тое, што, акрамя пэрсаналій, у яго ўключылі арганізацыі.
- Абмежавальныя меры прадугледжваюць забарону на паездкі ў Эўразьвяз і замарозку актываў асоб з санкцыйнага сьпісу, які цяпер налічвае 88 чалавек, уключна з Лукашэнкам, а таксама замарозку актываў сямі арганізацый.
- Акрамя таго, фізычным і юрыдычным асобам — прадстаўнікам ЭЗ — забаронена наўпрост ці ўскосна даваць сродкі асобам з санкцыйнага сьпісу.
- Латвія, Літва і Эстонія 25 сакавіка ўвялі новыя нацыянальныя санкцыі ў дачыненьні да 118 беларускіх супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і юстыцыі, а таксама мясцовых органаў улады.