Гэтаму прысьвечана дасьледаваньне, праведзенае праграмай «Схемы» ўкраінскай службы Радыё Свабода і телеканалам «Белсат». Дасьледаваньне як пацьвердзіла раней вядомыя факты, так і выявіла новыя.
Мікалай Варабей — беларускі прадпрымальнік, набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі. Летась стаў адным зь нешматлікіх беларускіх бізнэсоўцаў, якія трапілі пад санкцыі Эўразьвязу, уведзеныя за фальсыфікацыю выбараў і масавыя парушэньні правоў чалавека.
Віктар Медзьвядчук — украінскі палітык, адзін зь лідэраў партыі «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё». Сёлета ва Ўкраіне былі ўведзеныя санкцыі супраць расейскага прадпрыемства «Новашахцінскі завод нафтапрадуктаў», якое належала сваякам Медзьведчука і яго палітычнага і бізнэс-партнэра Тараса Козака. Прадпрыемства абвінавацілі ў гандлі з сэпаратыстамі ў Данбасе.
Санкцыі таксама былі ўведзеныя супраць прадуктаправоду «Прикарпатзахідтранс», які, паводле ўкраінскіх уладаў, быў незаконна прыватызаваны Козакам, Медзьведчуком і жонкай апошняга Аксанай Марчанкай.
У траўні Медзьведчуку і Козаку пракуратура прад’явіла абвінавачаньне ў дзяржаўнай здрадзе. Медзьведчука пакінулі пад хатнім арыштам, Козак знаходзіцца за межамі Ўкраіны, паводле зьвестак Медзьведчука, у Беларусі.
Паводле расьсьледаваньня «Схемаў», Козак пакінуў тэрыторыю Ўкраіны 24 лютага на самалёце, якім карыстаецца Мікалай Варабей. Самалёт прыляцеў у Менск, а адтуль у Маскву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі дэпутат, абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе, знаходзіцца ў Беларусі на лячэньніПры чым тут беларускі бізнэсовец Мікалай Варабей?
Дасьледчыкі са «Схемаў» і «Белсату» высьветлілі, што шмат пры чым.
- У 2019 годзе 51% акцыяў «Прикарпатзахідтранс» трапілі ва ўласнасьць менавіта Вараб’я. Цяпер ва Ўкраіне шукаюць прэтэндэнтаў на кіраваньне гэтымі яго арыштаванымі актывамі.
- У 2020 годзе беларуская кампанія Вараб'я «Белказтранс» увозіла ва Ўкраіну дызэльнае паліва пераважна расейскага паходжаньня. А ў некаторых выпадках быў нават пазначаны вытворца дызпаліва — гэтая расейская «Башнафта», якая знаходзіцца пад украінскімі санкцыямі з 2016 году. Атрымальнікамі ж тавару былі кампаніі, зьвязаныя зь Медзведчуком: «Анвітрэйд» і «Глуско Украіна».
- Паводле дэклярацыяў аб даходах Медзьведчука і Козака за 2020 год ладную частку сваіх сродкаў яны трымалі ў «Абсалютбанку», які належыць Мікалаю Вараб’ю.
- Продажам нафтапрадуктаў з расейскага «Новашахцінскага заводу нафтапрадуктаў» займаліся зарэгістраваныя ў Эстоніі кампаніі NT Bunkering і NT Marine. Абедзьве яны належаць эстонскаму бізнесоўцу Аляксею Чульцу. Актывамі Вараб’я і Чульца ў Расеі кіруе адзін і той жа чалавек – Аляксей Лысянкоў. Ён дырэктар вараб’ёўскага «Белказтрансу» ў Маскве і адначасова фірмы «Юларус», падкантрольнай Чульцу.
- Медзьвядчук на пытаньне пра адносіны з Вараб’ём адказаў: «Мы сябруем». А на пытаньне пра супольныя бізнэс-інтарэсы заявіў: «Няма і ніколі не было».
Дальледчыкі са «Схемаў» знайшлі яшчэ некаторыя ўкраінскія бізнэс-структуры, ускосна зьвязаныя зь беларускім бізнэсоўцам.
Ва Ўкраіне жыве яго першая жонка, а таксама іх супольныя дзеці.
Мікалай Варабей-малодшы — дырэктар кампанії «Белказтранс Украіна». Кампанія займаецца імпартам бітуму зь беларускага прадпрыемства Мікалая Вараб’я-старэйшага.
- Да 2019 году Ўкраіна атрымлівалі бітум з Беларусі ад двух НПЗ — Мазырскага і Наваполацакага. Але ў 2019 годзе зьявіўся новы пастаўнік — беларускі «Нафтабітумны завод», уладальнік якога — Мікалай Варабей. Цяпер на гэтае прадпрыемства прыпадае 10% імпарту бітуму ва Ўкраіну зь Беларусі.
- У 2020 годзе Расея аднавіла экспарт вугалю ва Ўкраіну. З адной умовай — украінскія імпэртэры павінны карыстацца экспэдытарскімі паслугамі толькі адной фірмы — «Белказтранс Украіна».
- У 2021 годзе сярод імпартэраў вугалю ва Ўкраіну зьявіліся і прыгаданыя вышэй эстонскія кампаніі NT Bunkering і NT Marine, зьвязаныя з Вараб’ём-старэйшым.
Паводле інфармацыі «Белсату», пасьля таго, як Мікалай Варабей трапіў пад санкцыі ЭЗ, ён перавёў свае актывы на іншых асобаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бітум як сродак уплыву. Ці страціць украінскі рынак ад амэрыканскіх санкцый супраць наваполацкага «Нафтану»