Гэты ўчастак трубаправоду выкарыстоўвала прадпрыемства «Прикарпатзахідтранс», кантрольны пакет акцый якога належыць беларускаму бізнэсоўцу Мікалаю Вараб’ю.
«На выкананьне рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны ад 19 лютага адбылося вяртаньне стратэгічнага нафтаправоду, незаконна адчужанага ў дзяржавы. У працэсе перадачы выявілася, што цягам 2017-2019 гадоў было зьнішчана амаль 400 кілямэтраў нафтаправоду. Гэта дывэрсія, наступствам якой будуць крымінальныя справы і крымінальная адказнасьць. Датычным да гэтага асобам скажу коратка, цытатай зь вядомай камэдыі: «Ваша справа — труба», — заявіў Уладзімір Зяленскі пасьля пасяджэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.
19 лютага паводле рашэньня Рады нацбясьпекі ўвялі санкцыі супраць лідэра партыі «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё» Віктара Медведчука, ягонай жонкі Аксаны Марчанкі і ягонага аднапартыйца Тараса Козака, якіх лічаць датычнымі да незаконнай прыватызацыі дзяржаўнага прадпрыемства «Прикарпатзахідтранс». Яны ўвесь час абвяргаюць сваю датычнасьць да гэтага.Беларускі бізнэсовец Мікалай Варабей выкупіў 51 адсотак акцый гэтага прадпрыемства ў сакавіку 2019 году і ўнёс у статутны капітал кампаніі амаль 54 мільёны грыўняў (на той момант — амаль 2 мільёны даляраў у эквіваленце.
З дэклярацыі аб даходах Віктара Медведчука ў 2020 годзе стала вядома, што ён летась у кастрычніку стварыў у Беларусі траставы фонд і адкрыў у банку Мікалая Варабʼя «Абсалютбанк» два траставыя рахункі. Траст лічыцца адным з найбольш эфэктыўных мэханізмаў абароны ўласнасьці і актываў.