Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне шукаюць прэтэндэнтаў на кіраваньне арыштаванымі актывамі беларускага бізнэсоўца Вараб’я


Мікалай Варабей
Мікалай Варабей


Нацыянальнае агенцтва Ўкраіны ў пытаньнях знаходжаньня, вышуку і кіраваньня актывамі, атрыманымі ад карупцыйных і іншых злачынстваў (АРМА) абвясьціла публічны конкурс для вызначэньня юрыдычнай ці фізычнай асобы, якія змогуць кіраваць арыштаванымі актывамі кампаніі «Прикарпатзахідтранс», кантрольны пакет акцый якой належыць беларускаму бізнэсоўцу Мікалаю Вараб’ю.

Конкурс абвясьцілі пасьля таго, як Вышэйшы антыкарупцыйны суд Украіны пацьвердзіў законнасьць арышту актываў, разгледзеўшы скаргу ўласьнікаў «Прикарпатзахідтрансу» — беларускага «Нафтабітумнага заводу» Мікалая Вараб’я (51 % акцый) і швайцарскай International Trading Partners AG Анатолія Шэфера (49%).

Ва ўмовах конкурсу пералічаны комплекс актываў, якімі давядзецца кіраваць новаму мэнэджару: аб’екты нерухомасьці, будынкі і збудаваньні, тэхналягічныя аб’екты і лінейныя ўчасткі, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у забесьпячэньні працы нафтаправоду, што праходзіць па тэрыторыях Закарпацкай, Львоўскай, Ровенскай і Жытомірскай абласьцей.

У агенцтве ўдакладнілі, што ў конкурсе могуць удзельнічаць кампаніі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія маюць дзейную ліцэнзію на права ажыцьцяўленьня дзейнасьці ў транспартаваньні нафты або нафтапрадуктаў магістральным трубаправодам з адпаведным досьведам у гэтай сфэры ня менш як 5 гадоў.

Конкурс будзе трываць да 9 красавіка. Кожны ягоны ўдзельнік павінен таксама прапанаваць праграму кіраваньня арыштаванымі актывамі з прагназаванымі даходамі ад дзейнасьці і адлічэньнямі ў дзяржаўны бюджэт па месяцах, а таксама з гарантыямі, што гэтыя паказчыкі будуць забясьпечвацца.

Да вызначэньня пераможцы конкурсу і падпісаньня адпаведнай дамовы за захаваньне арыштаванай маёмасьці адказвае дзяржаўная кампанія «Укртранснафта».

У сакавіку 2019 году беларускі бізнэсовец унёс у статутны капітал кампаніі «Прикарпатзахідтранс» амаль 54 мільёны грыўняў (на той момант — амаль 2 мільёны даляраў у эквіваленце).

Што папярэднічала

19 лютага Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны ўхваліла тэрміновыя захады для вяртаньня ў дзяржаўную ўласнасьць магістральнага трубаправоду, якім карысталася кампанія «Прикарпатзахідтранс». Адначасова з гэтым уведзеныя санкцыі ў дачыненьні да Віктара Медведчука, кума расейскага прэзыдэнта, лідэра фракцыі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё» і ягонай жонкі Аксаны Марчанкі.

Кампанія «Прикарпатзахідтранс» зарэгістраваная ў 2011 годзе. Зь дзяржаўнай уласнасьці Ўкраіны яе вывелі ў 2015 годзе. Тады суд пастанавіў перадаць усе актывы ў кіраваньне расейскай «Транснефти». Неўзабаве пасьля таго судовага рашэньня расейская «Транснефть» прадала трубаправод швайцарскай International Trading Partners AG, якую зьвязваюць з атачэньнем Віктара Медведчука.

Пасьля продажу ў сакавіку 2019 году 51% акцый беларускаму бізнэсоўцу Мікалаю Вараб’ю шэраг дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны заявілі, што ініцыююць перагляд судовых рашэньняў аб вывядзеньні актываў кампаніі зь дзяржаўнай уласнасьці Ўкраіны.

Сёлета 11 лютага Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны выставіла падазрэньне былому намесьніку дырэктара Інстытуту азотнай прамысловасьці і прадуктаў арганічнага сынтэзу. На падставе ягонай экспэртызы суд адмовіўся прызнаць права ўласнасьці Ўкраіны ў частцы нафтаправоду «Самара — Заходні кірунак». У выніку кантроль над часткай трубаправоду перайшоў да ТАА «Прикарпатзахідтранс», якое зьвязана зь Медведчуком і беларускім бізнэсоўцам Мікалаем Вараб’ём.

Украіна ня ўводзіла пэрсанальных санкцый супраць Мікалая Вараб’я, але ў сьнежні 2020 году Нацыянальны банк Украіны адмовіў яму ў набыцьці кантрольнага пакету акцый філіі казахстанскага «БТА Банку» ва Ўкраіне. Падставай для адмовы сталі эўрапейскія санкцыі, уведзеныя супраць беларускага бізнэсоўца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG