Аднавілася праца сайту Rabota.by, у офіс якога прыходзілі з ДФР. Tut.by па-ранейшаму заблякаваны

Ілюстрацыйнае фота

Сайт апынуўся ў шэрагу перасьледаваных, бо зьвязаны з Tut.by. Празь сайт-люстэрка аднавілася і праца праекту «Глёбус Беларусі».

Сайт Rabota.by — адзін з найбуйнейшых у байнэце для пошуку працы. Грамадзяне дасылаюць туды свае рэзюмэ альбо глядзяць даступныя вакансіі ў сваіх гарадах і мястэчках. Рэсурс на пэўны час прыпыніў функцыянаваньне ў сувязі зь ператрусамі ў офісах і кватэрах супрацоўнікаў зьвязаных паміж сабой праектаў Tut.by, Av.by, Hoster.by, але 20 траўня аднавіў працу.

19 траўня аб працы ў ранейшым рэжыме заявіў гостынг-правайдэр Hoster.by. Генэральны дырэктар праекту Сяргей Павалішаў затрыманы, пра нейкія абвінавачаньні ў яго бок пакуль нічога не вядома, як і пра ўмовы яго ўтрыманьня пад вартай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Hoster.by заявілі пра працяг працы і ўсіх праектаў, нягледзячы на ператрус і затрыманьне гендырэктара

Таксама стала вядома, што з дапамогай «люстэрка» аднавілася праца турыстычнага сайту Globustut.by, на якім сабраны тысячы архіўных і сучасных фатаздымкаў розных мясьцін Беларусі.

Сайт Av.by працягвае працу, нягледзячы на ціск.

18 траўня сілавікі з ДФР прыйшлі ў офіс Tut.by, да рэдактараў і журналістаў, а таксама ў афіліяваныя праекты. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што на службовых асобаў ТАА «Тут Бай Мэдыя» завялі крымінальную справу па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Маючы статус рэзыдэнта ПВТ, кампанія нібыта атрымлівала выручку, «не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі былую супрацоўніцу Tut.by, лік затрыманых у справе мэдыяпарталу складае сама меней 14 чалавек
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 13 затрыманых, дзіўная справа з ПВТ. Што адбываецца вакол Tut.by — у пытаньнях і адказах