Хостынг-правайдэр Hoster.by працягвае падтрымку кліенцкіх сайтаў і працуе ў звычайным рэжыме. Пра гэта 19 траўня паведаміла PR-дырэктар кампаніі Вольга Кузеева, паведамляе reform.by.
«Учора мы атрымалі шмат словаў падтрымкі і падзякі, што вельмі прыемна. Мы заставаліся на сувязі з кліентамі, вырашалі ўсе працоўныя пытаньні, і чамусьці вас гэта зьдзівіла. Няхай вас гэта не зьдзіўляе. Бо наш дэвіз — „трымаем вашы сайты, нягледзячы ні на што“. Мы свае абяцаньні выконваем».
Hoster.by — правайдэр хостынгу і рашэньняў для бізнэсу па захаваньні інфармацыі ў «аблокі», найбуйнейшы рэгістратар і тэхнічны адміністратар нацыянальных дамэнных зонаў .BY / .БЕЛ, а таксама адзіны ў Беларусі акрэдытаваны ICANN рэгістратар міжнародных дамэнаў.
18 траўня адначасова з атакай на Tut.by, сілавікі прыйшлі з ператрусам і ў офіс Hoster.by, які месьціцца побач, паколькі кампаніі зьвязаныя паміж сабой. Ператрус працягваўся некалькі гадзін, пасьля чаго сілавікі павезьлі з сабой дырэктара кампаніі Сяргея Павалішава. Наколькі вядома, цяпер ён затрыманы.
19 траўня кампанія таксама аб’явіла, што працягвае свой дабрачынна аўкцыён, за час якога перавяла ўжо звыш 700 тысяч дзіцячым дамам.