Плякаты, сьпевы і шэсьце ў падтрымку Tut.by. ФОТА і ВІДЭА

Рэдакцыя Tut by. Архіўнае фота.

Беларусы, у тым ліку і ў замежжы, правялі шэраг акцый у падтрымку мэдыяпарталу, які зазнаў велізарны ціск з боку дзяржавы.

18 траўня сілавікі з ДФР прыйшлі ў офіс Tut.by, да рэдактараў і журналістаў, а таксама ў афіляваныя праекты. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што на службовых асобаў ТАА «Тут Бай Мэдыя» завялі крымінальную справу па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Маючы статус рэзыдэнта ПВТ, кампанія нібыта атрымлівала выручку, «не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У топ-мэнэджараў знайшлі грошы? Сэнсацыя». Tut.by адказаў на абвінавачаньні зь сюжэту АНТ

На 20 траўня затрыманыя:

  • рэдактарка Вольга Лойка (знаходзіцца на Акрэсьціна)
  • журналістка Алена Талкачова (знаходзіцца на Акрэсьціна)
  • галоўны рэдактар Марына Золатава
  • генэральны дырэктар Людміла Чэкіна
  • галоўная бухгальтарка Анжэла Асад
  • намесьніца дырэктара Ірына Рыбалка
  • галоўны інжынэр Ала Лапатко
  • юрыстка Кацярына Ткачэнка
  • намесьніца галоўнага бухгальтара Марыя Новік
  • намесьнік генэральнага дырэктара па тэхнічных пытаньнях Аляксандар Дайнека
  • мэнэджар Андрэй Аўдзееў
  • былы юрыст парталу Ірына Касьцючэнка
  • генэральны дырэктар зьвязанай з Tut.by плятформы Hoster.by Сяргей Павалішаў

Невядома дагэтуль, дзе знаходзіцца ўдава заснавальніка парталу Юрыя Зісера драматург Юлія Чарняўская. Вядома, што пасьля прыходу сілавікоў у яе здарыўся гіпэртанічны крыз, яе пад канвоем дастаўлялі ў шпіталь, а потым вывезьлі адтуль у невядомым кірунку.

Беспрэцэдэнтны ўціск, які чыняць улады супраць мэдыяпарталу, не застаўся без увагі ў Беларусі і за мяжой. У розных гарадах адбыўся шэраг акцый у падтрымку журналістаў Tut.by.

Сваю акцыю ў сталіцы зладзіў «Вольны хор», таксама ў Менску ў мікрараёне Ўсход адбыўся марш у падтрымку сайту і акцыі ў розных раёнах гораду. Акрамя таго, акцыі салідарнасьці прайшлі ў Барысаве, Койданаве, Кобрыні і Горадні.

У адным з раёнаў беларускай сталіцы зьявіўся надпіс буйнымі літарамі ў падтрымку Tut.by, зафарбоўваць пяць літар і адну кропку ўлады загадалі чатыром супрацоўнікам камунальных службаў.

Не засталася ўбаку і дыяспара — беларусы выказалі салідарнасьць з Tut.by у Тарту (Эстонія), Беластоку і Варшаве (Польшча), Маскве (Расея), Кіеве (Украіна) і іншых гарадах.

Таксама на ўціск парталу зрэагавалі вядомыя беларусы, праявілі салідарнасьць з калегамі нямецкія журналісты, у абарону Tut.by выказаліся МЗС Эстоніі, Латвіі і Літвы, а таксама шэраг міжнародных арганізацый, улічваючы Эўразьвяз і Злучаныя Штаты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як байнэт адрэагаваў на блякаваньне Tut.by
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мэта ўладаў — зьнішчыць Тut.by як бізнэс», — аналітык
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе адрэагавалі на «справу Tut.by»: «Вінаватыя ня могуць застацца беспакаранымі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародныя арганізацыі і суседнія Беларусі краіны выступілі ў абарону Tut.by