Чаму ўлады заблякавалі сайт парталу Тut.by і пачалі крымінальную справу супраць кіраўніцтва кампаніі? Што цяпер будуць чытаць беларусы? Якой будзе рэакцыя Захаду і міжнароднай журналісцкай супольнасьці? Як будзе разьвівацца сытуацыя далей?
Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец і палітычны аналітык Валер Карбалевіч.
Бастунец
- Паводле Камітэту дзяржкантролю (КДК), рэч у недаплаце падаткаў
- Але мы выдатна ведаем, як такія справы робяцца
- Мы памятаем і справу Алеся Бяляцкага, і справу Алеся Ліпая, і справу таго ж Тut.by у 2018 годзе
- Для мяне відавочна, што гэтая справа зьвязаная з той роляй, якую гэты партал адыгрывае ў інфармацыйнай прасторы краіны
- Я б пакуль не казаў пра зьнішчэньне парталу, я ўпэўнены, што яны будуць працягваць працаваць як інфармацыйны рэсурс, магчыма, праз сацсеткі, магчыма, праз Тэлеграм
- Але зразумела, што гэтая справа — вялікі ўдар па фінансавай дзейнасьці Тut.by, які будзе цяжка вытрымаць
- Калі партал спыніць дзейнасьць, цяжка сказаць, куды пойдзе яго аўдыторыя
- На месца рэсурсу, які вэрыфікаваў інфармацыю, які прытрымліваўся журналісцкіх стандартаў, прыйдуць іншыя рэсурсы, якія ўлады ўжо сёньня называюць экстрэмісцкімі
- А магчыма, хтосьці пяройдзе на расейскія рэсурсы, ролю якіх мы ўсьведамляем
- У нас, у БАЖ, мала магчымасьцяў уплываць на сытуацыю. Мы ўжо зрабілі заяву, якая тычыцца сытуацыі з Тut.by. Мы ўжо разаслалі яе ў міжнародныя журналісцкія арганізацыі
- Міжнародныя журналісцкія і праваабарончыя арганізацыі апошнія паўгода ня толькі прымалі адпаведныя заявы наконт парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, але і зьвярталіся ва ўрадавыя структуры сваіх краінаў, каб тыя вялі перамовы зь беларускімі ўладамі
- Адна з маіх замежных калегаў сказала, што цяпер Беларусь стала «тэрыторыяй свабоднага паляваньня» на журналістаў
- І тыя, хто гэта робіць, ужо не зьвяртаюць увагі на тую зьнешнюю рэакцыю
- Яны думаюць, што ўсё дазволена — Бога няма
- Тое, што сёньня ўспрымаецца як дрэннае, заўтра можа выглядаць яшчэ ня самым горшым. Але пройдзе і гэта
- Сытуацыя раней ці пазьней павернецца ў іншы бок
- Шмат што можа паўплываць на сытуацыю: і ціск з боку ўсходніх партнэраў, і інфармацыйная небясьпека зь іх боку, і эканамічная сытуацыя
- Але на найбліжэйшы час у мяне ня самыя аптымістычныя прагнозы
Карбалевіч
- КДК дае адну вэрсію пагрому Тut.by, а Міністэрства інфармацыі — зусім іншую
- З «Газпрамбанкам», з Бабарыкам, была адна вэрсія — крымінальнае эканамічнае злачынства, хабар
- А тут два ведамствы вылучаюць абсалютна розныя абвінавачаньні
- Гэта дае асаблівыя падставы казаць, што рэч не ў падатках, што справа палітычная
- Пасьля таго як вулічныя пратэсты спыніліся, улады агледзеліся і пачалі татальную зачыстку ўсёй палітычнай прасторы
- Узяліся за адвакатаў, за Саюз палякаў, за праваабаронцаў, цяпер чарга дайшла і да найбуйнейшых мэдыйных рэсурсаў
- Тut.by — самы вялікі незалежны інфармацыйны рэсурс
- Для ўладаў было відавочна, што пагром Тut.by выкліча незадаволенасьць вялікай часткі грамадзтва
- Парталам карысталася траціна беларускага грамадзтва, многія карысталіся поштай tut.by
- Цяпер пытаньне, куды пойдзе гэтая траціна насельніцтва па інфармацыю. У Тэлеграм?
- Мяркую, што адсутнасьць адказу на гэтае пытаньне стрымлівала ўлады ад рэпрэсіяў супраць парталу
- Цяпер вырашылі, што няма чаго баяцца і саромецца, цяпер усё можна
- Я ня думаю, што рэакцыя Захаду на пагром Тut.by будзе надта радыкальнай
- Крокі Захаду ў адказ на рэпрэсіі ў Беларусі часткова былі зробленыя, часткова яшчэ будуць зробленыя
- Магчыма, гэта паскорыць прыняцьцё чацьвёртага пакету санкцыяў ЭЗ, магчыма, у адказ гэты пакет санкцыяў будзе больш моцны
- Магчымасьці Захаду ўплываць на беларускую сытуацыю цяпер абмежаваныя
- Я пакуль ня бачу мяжы рэпрэсіяў, дзе ўлады могуць спыніцца
- Рэпрэсіі захопліваюць усё новыя слаі грамадзянскай супольнасьці
- Тут ёсьць псыхалягічны матыў — адпомсьціць усім, хто браў удзел у пратэстах мінулага году
- Зь іншага боку, наперадзе электаральныя кампаніі — рэфэрэндум аб Канстытуцыі, мясцовыя выбары
- Лукашэнка памятае, чым скончылася электаральная кампанія мінулага году, і ён ня хоча, каб гэтая сытуацыя паўтарылася
- Таму ён хоча, каб да таго часу сытуацыя ў грамадзтве стала стэрыльнай, каб нэўтралізаваць усіх, хто здольны «баламуціць» народ
Што здарылася
- Сілавікі прыйшлі ў цэнтральны і рэгіянальныя офісы кампаніі Tut.bу, а таксама ў афіліяваныя зь ёю Hoster.by і av.by. Вобшукі праводзіліся таксама і ў кватэрах журналістаў.
- Камітэт Дзяржкантролю паведаміў, што ў адносінах да службовых асоб ААТ «Тут Бай мэдыя» пачалі крымінальную справу паводле ч.2 арт.243 КК (ухіленьне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).
- Нібыта з 2019 году, калі ААТ стала рэзыдэнтам Парку высокіх тэхналёгіяў, была атрымана выручка, «не абумоўленая дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў ПВТ».
- Шэраг супрацоўнікаў парталу не выходзяць на сувязь, імаверна, што іх дапытваюць.
- Дзьверы ў менскі офіс інтэрнэт-выданьня зафарбаваныя альбо залепленыя поліэтыленам. Па стане на 11.50 сайт перастаў працаваць.
- Мінінфарм пацьвердзіў, што абмежаваў доступ да інтэрнэт-рэсурсу.