На Менскім моры АМАП прыйшоў на пляж і затрымаў 7 чалавек за нацыянальныя сьцягі. Сёньня траіх пакаралі арыштамі да 15 сутак

Менскае мора

У міліцыі паведамілі, што АМАП выклікаў мясцовы жыхар.

Затрыманьне адбылося пасьля таго, як 11 траўня каля 9 гадзіны вечара ў міліцыю Ждановічаў зьвярнуўся мясцовы жыхар, паведамляе прэс-служба МУС. Ён расказаў, што на пятым пляжы Заслаўскага вадасховішча сабралася каля дзясятка чалавек зь беларускай нацыянальнай бел-чырвона-белай сымболікай.

Супрацоўнікі АМАПу прыбылі на месца і затрымалі семярых грамадзян ва ўзросьце ад 19 да 23 гадоў. Затрыманых даставілі ў Менскі РУУС і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. На іх склалі пратаколы па артыкуле 24.23 КаАП «Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў».

Затрыманых караюць арыштамі да 15 сутак

12 траўня іх справы разглядаюць судзьдзі Менскага раёну Антон Колабаў і Алена Новікава, піша «Вясна». Выракі:

  • 21-гадовую Кацярыну Кірычэнку судзьдзя Новікава пакарала арыштам на 15 сутак. Кацярына віны не прызнала і на судзе расказала, што яны зь сябрамі сабраліся на шашлыкі, гулялі ў бадмінтон і карты. Сьцяг на плячах аднаго хлопца ўбачыла толькі ў момант затрыманьня.
  • Маргарыце Вежнавец судзьдзя Новікава дала 5 сутак арышту. Тая таксама не прызнала віны, бо сьцяг убачыла толькі на фатаздымку ў матэрыялах сваёй справы.
  • 23-гадовага Рамана Цянюру судзьдзя Колабаў асудзіў на 15 сутак. Хлопец сьцьвярджае, што ніякіх лёзунгаў яны не выкрыквалі і ён ня ведае, адкуль узяўся сьцяг.
  • У справах Андрэя і Сяргея Лашкевічаў судзьдзя Колабаў зрабіў перапынак да 13 траўня.
  • Чакаюцца суды яшчэ над двума затрыманымі з гэтай кампаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд за «несанкцыянаваную акцыю» ў жодзінскай лазьні перанесьлі, сказалі чакаць новай позвы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Салідарнасьць — гэта сіла і моц». Улады Жодзіна перадумалі забіраць прыёмнае дзіця зь сям’і пасьля затрыманьня на «акцыі ў лазьні»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара Гомля судзяць за дапамогу ў замене чырвона-зялёнага сьцяга на бел-чырвона-белы