Залатавалютныя рэзэрвы Беларусі на 1 траўня 2021 году склалі $7 млрд 277,9 млн. З пачатку году яны скараціліся на 2,6%, або на $190,6 млн, гаворыцца ў паведамленьні Нацыянальнага банка.
За красавік рэзэрвы вырасьлі на 4,9% (на $337,9 млн) пасьля зьніжэньня на 2,5% (на $174,5 млн) у сакавіку і на 1,2% (на $88,9 млн) у лютым.
«Рост узроўню залатавалютных рэзэрваў у красавіку ў асноўным абумоўлены купляй Нацыянальным банкам замежнай валюты на таргах ААТ „Беларуская валютна-фондавая біржа“, павелічэньнем кошту манэтарнага золата, а таксама паступленьнем замежнай валюты ў бюджэт», — гаворыцца ў паведамленьні Нацбанку.
У красавіку ўрад выканаў вонкавыя і ўнутраныя абавязаньні ў замежнай валюце на $105 млн. За студзень–красавік выкананьне абавязаньняў у замежнай валюце перавысіла $1 млрд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можа адбыцца сцэнар МММ». Былы дарадца Савету бясьпекі пра сытуацыю з дэпазытаміУ 2020 годзе залатавалютныя рэзэрвы Беларусі ўпалі ажно на 20,5% (на $1,9 млрд), да $ 7,47 млрд пасьля росту на 31,2% у 2019 годзе. У сувязі з плянавым пагашэньнем замежных і ўнутраных абавязаньняў у замежнай валюце ў 2021 годзе Нацбанк прагназуе іх зьніжэньне да канца 2021 году да $6 млрд.
Насельніцтва працягвае скупляць замежную валюту
Як паведамляе БелаПАН, беларусы толькі за красавік скупілі 123,1 млн даляраў, застаючыся чыстымі пакупнікамі валюты. Банкі ў мінулым месяцы прадалі замежнай валюты на 81,5 млн даляраў больш, чым купілі. Чысты продаж замежнай валюты з боку суб’ектаў гаспадараньня (нерэзыдэнтаў) склаў 28 млн даляраў.
У той жа час суб’екты гаспадараньня (рэзыдэнты) у красавіку купілі замежнай валюты на 411,8 млн даляраў больш, чым прадалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У краіне высокая няпэўнасьць». Кіраўнік Нацбанку Беларусі патлумачыў павышэньне стаўкі рэфінансаваньня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Санкцыі: «за» і «супраць». Дыскусія экспэртаў