Па гэтых тэмах у «Праскім акцэнце» спрачаюцца былыя дыпляматы: кіраўнік Кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі і палітычны аналітык Павал Мацукевіч.
Кавалеўскі
- Упэўнены, што санкцыі могуць дасягнуць сваёй мэты
- Важна, каб гэтыя мэты былі акрэсьленыя, каб яны былі дасягальныя
- І трэба, каб краіны і арганізацыі, якія ўводзяць санкцыі, былі пасьлядоўныя ў сваіх дзеяньнях
- У беларускай гісторыі мы неаднойчы бачылі, як санкцыі здымаліся на паўдарозе
- Вызваляліся палітвязьні ці некаторыя зь іх, і для заходніх дзяржаваў гэта было дастатковай падставай, каб зьняць санкцыі
- Ніякіх сыстэмных зьменаў у Беларусі не было зроблена
- Тое, што мы бачылі ў 2020 годзе, — гэта вынік таго, што санкцыі не давялі да канца
- Мэта стратэгіі дэмакратычных сілаў — гэта раскол элітаў, якія ўключаюць у сябе і алігархаў, і пазбаўленьне рэжыму рэсурсаў
- Санкцыі скіраваныя на дасягненьне гэтых мэтаў
- Эканамічныя санкцыі адбіраюць у Лукашэнкі рэсурсы, якія дазваляюць яму заставацца на плыву
- Санкцыі ЭЗ, структураваныя ў некалькі пакетаў, адмыслова зробленыя так, каб рэжым мог на іх пазытыўна адрэагаваць
- Вельмі простае рашэньне — спыненьне рэпрэсіяў, вызваленьне палітвязьняў, правядзеньне новых выбараў
- Гэта тое, што Лукашэнка можа зрабіць у любы момант, гэта ў межах ягонай кампэтэнцыі
- Санкцыі маюць сэнс, толькі калі гэта частка інтэгральнага падыходу
- Аснова зьнешняй палітыкі Сьвятланы Ціханоўскай — гэта тое, што Лукашэнка ня мае легітымнасьці
- Лукашэнка баіцца Расеі больш за ўсё, больш, чым ЗША і NATO
- Ён разумее, што NATO ня будзе рабіць уварваньня ў Беларусь, а Расея можа
- І ён разумее, што наблізіўся да той рысы, за якой ён стане незапатрабаваным Расеяй
- Ён увесь час манэўруе, летась ён яшчэ вёў размовы пра канстытуцыйную рэформу, сёлета ён адмаўляе ў рэгістрацыі прарасейскім партыям
- Лукашэнка сфармаваў залежнасьць Расеі ад сябе
Мацукевіч
- На працягу 26 гадоў Беларусь адчувала на сабе санкцыі рознай ступені цяжкасьці
- Тым ня менш Лукашэнка заставаўся ва ўладзе, і я думаю, што ён пераседзіць і Джо Байдэна
- Ёсьць прыклады, дзе санкцыі былі сапраўды жорсткія, гэта, напрыклад, Югаславія
- Там санкцыі далі адваротны вынік: яны зрабілі Мілошавіча яшчэ больш папулярным, яны ня выклікалі эканамічных бунтаў
- Зрынуты ён быў у выніку пратэсту, які з санкцыямі ня быў зьвязаны
- Санкцыі, якія цяпер уводзяцца адносна Беларусі, вельмі адчувальныя для Беларусі
- Нават візавыя санкцыі для кіраўніцтва краіны, бо гэта сур’ёзны ўдар па рэпутацыі любой краіны
- Які плён ад таго, што «Нафтан» ня зможа купляць нафту нідзе, акрамя Расеі? Па вялікім рахунку, ніякага
- Трэба задаваць пытаньне — якую шкоду робяць санкцыі менавіта рэжыму?
- Тыя санкцыі, што прымаліся дагэтуль, адно псавалі настрой Лукашэнку
- Санкцыі прымаюцца без уліку рэальных уразьлівасьцяў Лукашэнкі
- Прыгадваецца стары савецкі анэкдот. Тата-алькаголік кажа сыну, што яму скарацілі заробак. — Дык цяпер ты, тата, будзеш менш піць? — Не, сынок, цяпер ты будзеш менш есьці
- Вось такі эфэкт санкцыяў
- Гэтая ўлада мае ўнікальны вопыт абыходу санкцыяў
- Санкцыі ніяк не скарачаюць маштабы рэпрэсіяў
- Пратэстаў на сёньняшні дзень няма, яны зьніклі
- Санкцыі не працуюць, рэпрэсіі — працуюць
- Без пратэстаў да беларускай сытуацыі падыходзяць чыста геапалітычна
- І заходнія краіны будуць глядзець на беларускую сытуацыю праз прызму стасункаў з Расеяй
- Уразьлівасьць Лукашэнкі — гэта Расея. Але зь ёй ніхто не працаваў
Што было напярэдадні
- Зь верасьня мінулага году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцыяў адносна Беларусі за парушэньне правоў чалавека. Гэтыя санкцыі прадугледжваюць візавыя забароны для асобаў, датычных да фальсыфікацыі выбараў і рэпрэсіяў супраць мірных пратэстоўцаў. Таксама былі ўведзеныя эканамічныя санкцыі адносна шэрагу беларускіх прадпрыемстваў
- Пасьля выбараў у Беларусі і жорсткага падаўленьня пратэстаў ЗША ўвялі візавыя санкцыі адносна шэрагу беларускіх урадоўцаў
- Міністэрства фінансаў ЗША прыняла рашэньне не працягваць чарговы раз прыпыненьне эканамічных санкцыяў адносна 9 беларускіх прадпрыемстваў, з 3 чэрвеня дзеяньне гэтых санкцыяў адновіцца
- Эўразьвяз перанёс разгляд пытаньня аб чацьвёртым пакеце санкцыяў адносна Беларусі з траўня на чэрвень