Тры беларускі расказваюць свае гісторыі, а псыхоляг-кансультант Алена Лаўрыновіч тлумачыць, як захаваць спакой у стасунках з блізкімі.
«Бацька заўсёды кажа, што не вялікі прыхільнік гэтай улады, але на ютубе глядзіць Азаронка»
У Аліны канфлікты з маці і бацькам пачаліся падчас перадвыбарчай кампаніі, калі дзяўчына трапіла на вялікі мітынг у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай.
«Напачатку мне падавалася, што я размаўляю не з бацькамі, а зь незнаёмымі мне людзьмі. У нейкі момант мне падалося, што я магу рассыпацца ўнутры ад крыўды, злосьці і болю. Пасьля размоў шмат плакала. А цяпер я не дазваляю ў сваёй прысутнасьці падымаць гэтую тэму, каб не рабіць балюча сабе зноў», — кажа яна.
Галоўная праблема ў тым, лічыць Аліна, што абмеркаваньня за ўвесь час так і не атрымалася. Размова з бацькамі кожны раз ператваралася ў адну вялікую спрэчку.
«Бацька нават жартаваў, што выходзяць не за грошы, а за булачкі. Маці заўсёды расказвала ўсім, які ў нас цудоўны прэзыдэнт, гэта я памятаю яшчэ зь дзяцінства. Ужо тады былі людзі, зь якімі маці мусіла спрачацца, калі Лукашэнка ім не падабаўся, — тлумачыць дзяўчына. — Бацька заўсёды кажа, што не вялікі прыхільнік гэтай улады, але на ютубе глядзіць Азаронка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкія адвакаты ад імя 10 рэпрэсаваных беларусаў патрабуюць прызнаць Лукашэнку і ягоны рэжым «тэрарыстычнымі»Аліна дагэтуль узрушаная паводзінамі бацькоў і кажа, што не абавязкова разумець яе меркаваньне, дастаткова яго проста прыняць. Паводле яе, маці добра ўмее даводзіць сваю рацыю.
«Яна як шахматыст, ведае некалькі хадоў наперад. Напрыклад, глядзіць навіны, і там кажуць штосьці дрэннае пра пратэстоўцаў і добрае пра прэзыдэнта. Маці пачынае з таго, што хваліць уладу, а потым пытаецца, навошта людзі ў Менску вітрыны б’юць, разгромы робяць, чаму не на працы, а таксама — што АМАП вельмі клясны і правільна робіць, калі іх б’е».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Катаваньні ў Беларусі: Кіраўнік міжнароднай плятформы тлумачыць, як сілавікоў прыцягнуць да адказнасьціДзяўчына прызнаецца, што пасьля кожнай спрэчкі кепска сябе адчувае, шмат плача і нават пачынае шкадаваць, што прыехала дадому на выходныя.
«Ад вялікага непаразуменьня, якое існуе паміж намі, мне складана падзяліцца нейкімі асабістымі справамі і посьпехамі. Кожная спрэчка — адно і тое ж. Спачатку бацькі правакуюць, я маўчу, маўчу, а потым усё ж такі не вытрымліваю і пачынаю спрачацца. Аднойчы я бацьку сказала, што наступным разам прыеду праз паўгода, ён сапраўды спужаўся і нават увесь вечар не жартаваў», — кажа дзяўчына.
Аліна ўпэўненая, што бліжэйшым часам не атрымаецца наладзіць стасункі з роднымі, бо тыя яе ня чуюць.
«Родных не выбіраюць, але любіць іх пазыцыю мы не абавязаныя»
У сям’і Аляксандры ніколі не было згоды ў тэме палітыкі, але 2020 агаліў усе праблемы.
«Як толькі пачалася перадвыбарчая кампанія, мне захацелася расказаць бабулі пра тое, што, акрамя Лукашэнкі, ёсьць іншыя кандыдаты, і чаму наогул трэба нешта мяняць менавіта цяпер. Зь дзядулем гутаркі весьці бессэнсоўна, бо ён лічыць Пуціна — царом, а Расею — самай разьвітай краінай на плянэце Зямля. У дзень, калі выступ Сьвятланы Ціханоўскай паказвалі па тэлевізары, я папрасіла бабулю яго паглядзець. Пасьля мы паспрабавалі абмеркаваць гэта, але мне было сказана, што як кандыдат яна нічога не прапанавала для Беларусі і яе кампанія не зразумелая», — кажа Аляксандра і дадае, што ў той дзень моцна раззлавалася.
Больш унучка не размаўляла з бабуляй на гэтую тэму. Перад выбарамі пераканаць бабулю ўзяліся сястра і маці Аляксандры.
«Наведаўшы дом 8 жніўня, я выпадкова пачула размову бабулі праз тэлефон, у якой яна пераканаўча пазытыўным голасам сказала: „Я сёньня схадзіла на датэрміновае галасаваньне, за Лукашэнку“, — кажа дзяўчына. — Расхістаныя нэрвы далі збой, і я проста сышла з дому і прараўла дзесьці паўтары гадзіны на вуліцы. Маме я сказала, што дадому цяпер прыяжджаць ня буду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Са сваякамі размаўляем праз тэлефон». Бацька і сын Кузьнечыкі восьмы месяц жывуць у швэдзкай амбасадзеДзявятага жніўня, як толькі абвясьцілі вынікі выбараў, Аляксандра зразумела, што цяпер усе ў небясьпецы.
«Я праглядала сьпісы затрыманых, і паўсюль былі знаёмыя, сябры. Мне хацелася крычаць родным, што гэта іх віна ў тым ліку, што менавіта такі пласт насельніцтва адказны за факты гвалту над добрымі, прыстойнымі і адукаванымі людзьмі».
Дзядуля і бабуля Аляксандры глядзяць толькі тэлевізар, хоць ёсьць інтэрнэт і можна чытаць навіны з альтэрнатыўных крыніц.
«Мама ўключала ім відэа з пратэстаў, паказвала кадры гвалту і расказы пра ўмовы ўтрыманьня на Акрэсьціна і ў Жодзіне. Дзядуля сказаў: „Усё гэта фаташоп!“. Пасьля 16 жніўня зьявілася магчымасьць купіць газэты, у якіх гаварылася праўда. Я знайшла толькі адзін асобнік і прынесла яго дадому. Паклала бабулі і не сказала нічога больш, у надзеі, што яна прачытае, паглядзіць на факты „не ў тваіх тэлефонах“ і паверыць. Да гэтага часу ня ведаю, чытала яна яе ці проста выкінула».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Доктар тэмпэратуру памераў рукой». Як хварэюць на COVID-19 у беларускіх турмахАляксандра расказала бабулі, што яе знаёмых катавалі, зь іх зьдзекаваліся і чынілі абсалютна нялюдзкія рэчы, але тая не рэагавала. Дзядуля ж вельмі любіць паказваць сваю адрозную пазыцыю.
«Па расейскіх каналах кажуць пра Навальнага, а дзядуля ківае і дадае: „Як добра, што гэтага нягодніка злавілі!“. На мае пытаньні, што ж такога зрабіў Навальны, адказу няма, адны бурчаньні, што яго паводзіны непатрыятычныя, — кажа дзяўчына. — На гэтай тэме мяне падрывае кожны раз, бо паняцьце патрыятызму ў людзей старэйшых — гэта суботнікі, канцэрты з ушанаваньнем чыноўнікаў рознага рангу і бясконцы змрок „усе так жывуць“. Нікому не жадаю такой падмены паняцьцяў, як у майго дзядулі. Родных не выбіраюць, але любіць іх пазыцыю мы не абавязаныя».
Больш на палітычную тэму дзяўчына стараецца не гаварыць. Калі чуе дома каналы кшталту АНТ і БТ, то просіць выключыць ці пераключыць, пакуль яна побач.
«Падчас УНС мой дзядуля радаваўся, як дзіця, бо „вырашаецца лёс краіны“! Ён сеў адзін перад вялікім тэлевізарам і слухаў на высокай гучнасьці па ўсёй кватэры. Гэта цяжка трываць, але сэнсу спрачацца і даказваць няма, бо, паводле яго, пратэстоўцы расхістваюць стабільнасьць, створаную Лукашэнкам, а жаданьне працаваць пасьля ВНУ па спэцыяльнасьці не за 300 рублёў — гэта эгаізм, адсутнасьць патрыятызму і наогул агідныя паводзіны. Старэйшае пакаленьне глядзіць на мяне дома як на немаўля, якое спрабуе нешта зрабіць само: замілавана і спачувальна. Я ў адказ не гляджу», — сканчае свой аповед Аляксандра.
«Спадзяюся, надыдзе час, калі мы будзем усе разам за тое, каб паляпшаць сваё жыцьцё»
У Натальлі іншая сытуацыя — адразу пасьля выбараў зьявіліся праблемы ў стасунках з блізкімі сябрамі.
«Мне патэлефанавала сяброўка і сказала: „Ты там хоць ня ходзіш на вуліцу? А твае знаёмыя? Туды ідуць толькі наркаманы і сядзельцы, і нават носа не высоўвайце, таму што там нічога добрага няма, гэта поўная падстава“. Яна тады працавала ў органах. Але я не разумела, як так? Як чалавек, якога я даўно ведаю, кажа такое глупства? На той момант я была ў вёсцы зь дзецьмі і ня бачыла ўсяго на ўласныя вочы, але мне дасылалі інфармацыю пра гвалт мае родныя, якім я давяраю, і ў мяне ўжо склалася свая карцінка. Тады я толькі знайшла сілы адказаць сяброўцы, што мы жывём ня ў той час, калі можна вырашаць пытаньні сілай і запалохваньнем».
Натальля кажа, што гэтая размова яе ўзрушыла і абурыла.
«Праз пару дзён сяброўка зноў патэлефанавала і выбачылася за свае рэзкія выказваньні. Пазьней мы пабачыліся разам зь яе сям’ёй, абмеркавалі спакойна тое, што адбываецца, падзяліліся перажываньнямі. І гэта дапамагло, я бачу, як у людзей паступова зьмяняюцца думкі», — расказвае Натальля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паўстаньне мэдыкаў», сытуацыя ў цэнтры дзіцячай анкалёгіі, Дон Кіхоты ў белых халатах. Доктарка Пятроўская — ня толькі пра здароўеЖанчына кажа, што сярод яе блізкіх сяброў знайшліся і тыя, хто хутка памяняў сваю пазыцыю, каб атрымаць лепшую пасаду.
«Мне было балюча, крыўдна. Я разумела, што надышла тая сытуацыя, калі людзям трэба вызначыцца, а хлусьня прасьлізгвала паўсюль. Тыя, хто быў няшчыры, вельмі хутка выявіліся. Мне спатрэбіўся некаторы час, каб абстрагавацца і зразумець, што мы ня маем права мяняць нечую думку, саміх людзей, але мы можам проста прамаўляць тое, што мы адчуваем, што бачым і што адбываецца», — кажа яна.
Натальля лічыць, што агрэсіўнае стаўленьне да перамен, непрыманьне новага закладзена выхаваньнем.
«Гэта як малым дзеткам у садочку ці школе не даюць выбару. Ёсьць катлета — адкрывай рот і еж катлету. Вось людзі дарослыя потым прывыкаюць толькі адкрываць рот, ім закінуць абы-што, і яны гэта зьядуць. Гэта звычка ня думаць, чаго ж я хачу сёньня? Ці сапраўды я хачу таго, што мне прапануюць? Ці сапраўды мушу спажываць тое, што мне кажуць па тэлевізіі?».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Некаторыя „сілавікі“ катавалі людзей з асалодай». Беларускі праваабаронца расказаў, як зьбіраюць доказы злачынстваўКаб захаваць сваё псыхалягічнае здароўе, ня раніць сябе падчас спрэчак, Натальля мусіць абмяжоўваць свае стасункі.
«Я прыняла, што ў мяне ў сэрцы ёсьць свая думка, і толькі час пакажа, хто чаго варты. Са знаёмымі, якія выбралі іншы бок, я проста менш кантактую, каб не хвалявацца. Я паважаю мінулае, вельмі шмат было добрых момантаў, якія мы пражывалі разам. І я спадзяюся, што надыдзе той час, калі мы будзем усе разам за тое, каб паляпшаць сваё жыцьцё».
Як сябе паводзіць падчас канфліктаў
Псыхоляг-кансультант, коўч ICF (Міжнародная фэдэрацыя коўчынгу), трэнэр асабістага разьвіцьця Алена Лаўрыновіч патлумачыла, як не нашкодзіць сабе падчас канфліктаў з роднымі і дапамагчы перажыць «разбуральныя» сытуацыі.
Алена Лаўрыновіч кажа, што канфлікты з блізкімі людзьмі падрываюць нашу псыхалягічную ўстойлівасьць. Сутыкаючыся з моцным неразуменьнем з боку блізкага чалавека, мы адчуваем сапраўдны боль.
«У сваёй гісторыі Аліна вельмі добра гэта апісала: „Здавалася, што я магу рассыпацца“. Сытуацыю можа пагаршаць нежаданьне пачуць адно аднаго, негатовасьць прыняць рознасьць поглядаў, жаданьне выйсьці з сытуацыі пераможцам, сьцьвердзіць сваю праўду. Сутыкаючыся з такімі паводзінамі з боку блізкіх, мы часта можам адчуваць, быццам страчваем магчымасьць падзяліць перажываньні з тым, хто складае для нас важную частку жыцьця», — тлумачыць псыхоляг.
Каб вас зразумелі і пачулі, варта быць гатовым прымаць пазыцыю, якая можа кардынальна адрозьнівацца ад вашай, раіць экспэртка.
Але калі з вамі пачалі непажаданую і рэзкую размову, спытайце, зь якой мэтай чалавек гэта робіць. «Важна памятаць, што вы заўжды можаце сысьці ад размовы, якая вам не падабаецца», — нагадвае яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Суд будзе месяцаў празь пяць». Мастак Пушкін просіць не перадаваць перадачы, каб не адбіраць грошы ў дзяцейПсыхоляг апісвае нярэдкую сытуацыю, калі, трапляючы ў канфлікт, мы выяўляем сябе ўжо ў момантах, калі моцна злуемся, крычым адно на аднаго, плачам. Яна раіць не абвінавачваць адзін аднаго, а гаварыць толькі пра сябе.
«Адчуйце розьніцу: „Ты мяне не разумееш!“ ці „Мне шкада, што ў нас не атрымліваецца адзін аднаго зразумець“; „Ты ня маеш рацыі!“ ці „Я бачу, што ў цябе іншая думка, і мне цяжка гэта прыняць“, і г.д. Чым больш вы апэлюеце да таго, што ваш блізкі ня мае рацыі, тым больш узмацняецца эмацыйны напал», — папярэджвае Алена.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страціў 11 кг, губляў прытомнасьць: алімпіец Краўчанка скончыў галадоўку на знак салідарнасьці з палітвязьняміАдначасова ў такіх канфліктах важна «выбудаваць» свае межы, калі вамі спрабуюць маніпуляваць і навязваць пачуцьцё віны.
«Як бачым з гісторыі Аліны, калі яна сказала, што прыедзе дадому толькі праз паўгода, калі працягнуцца непрымальныя размовы, сытуацыя адразу ж пачала мяняцца. Важна ня толькі казаць пра гэта, але і выконваць, каб блізкія ведалі, што ў вашых слоў ёсьць сапраўдныя наступствы. Таму падумайце, што будзе для вас прымальнай цаной за спробу навязаць вам пачуцьцё віны?» — тлумачыць псыхоляг.
Таксама можна паспрабаваць выбудаваць унутры сямʼі дамоўленасьці аб тым, як абмяркоўваць тэму палітыкі ці, можа, не чапаць яе зусім.