У судзе Маскоўскага раёну Менску 4 траўня асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» тэхніка Інстытута мяса-малочнай прамысловасьці Андрэя Цемяноўскага. Прысуд вынесьлі па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу за абразу ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі» камандзіра менскага АМАПу Дзьмітрыя Балабы, піша «Вясна».
Пацярпелы Балаба ацаніў маральную шкоду ў 1000 рублёў, суд задаволіў пазоў. Таксама суд вынес прыватнае вызначэньне кіраўніцтву Інстытута мяса-малочнай прамысловасьці, дзе працуе абвінавачаны. Ва ўстанове, па меркаваньні суду, «недастатковая прафіляктычная і тлумачальная праца ў калектыве аб недапушчальнасьці зьдзяйсьненьня злачынстваў і правапарушэньняў».
Справу разглядаў судзьдзя Сяргей Кацар, дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымліваў пракурор Яўген Сілякоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На мяжы зь Літвой затрымалі віцябляніна, якога вінавацяць у абразе камандзіра менскага АМАПу БалабыАндрэй Цемяноўскі 11 і 12 кастрычніка 2020 году пакідаў камэнтары абразьлівага зьместу ў адрас Балабы. Пры гэтым гэтыя камэнтары, што сталі прычынай судовага разьбіральніцтва, у судзе не цытавалі.
На судзе абвінавачаны Цемяноўскі віну цалкам прызнаў. Ягоны тэлефон Sony канфіскавалі на карысьць дзяржавы як «сродак зьдзяйсьненьня злачынства».
Акалічнасьцю, што абцяжарыла віну Цемяноўскага, прызналі матыў, бо падсудны нібыта меў палітычную і ідэалягічную варожасьць да Балабы.
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў жніўня 2020 году супраць сілавікоў не завялі ніводнай крымінальнай справы за перавышэньне паўнамоцтваў, катаваньні і забойствы пратэстоўцаў. У гэты ж час супраць пратэстоўцаў рэгулярна заводзяцца крымінальныя справы і выносяцца прысуды. У краіне па стане на вечар 4 траўня ўжо 362 палітычныя вязьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Давераных асоб Ціханоўскай з Гомля пакаралі пазбаўленьнем волі ад 6 да 6 з паловай гадоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску судзяць жанчыну, якая нібыта пакусала міліцыянтаў. Пацярпелыя ў справе 4 сілавікі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: НАК вынесла на грамадзкае абмеркаваньне праект закону аб рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсій у Беларусі