Амбасадарка Злучаных Штатаў у Беларусі Джулі Фішэр, вымушаная працаваць зь Вільні, бо афіцыйны Менск не выдае ёй візы для працы непасрэдна ў Менску, паведаміла, што ЗША яшчэ паглядзяць на эфэктыўнасьць санкцый супраць дзяржпрадпрыемстваў. Пра гэта яна заявіла ў інтэрвію тэлеканалу «Белсат».
«Санкцыі, якія закранулі дзевяць дзяржпрадпрыемстваў, размарозілі, бо ўрад Лукашэнкі трымае палітвязьняў. [...] У цяперашніх умовах Дзярждэпартамэнт даў адпаведныя рэкамэндацыі Мінфіну адносна санкцыяў, улічваючы тое, што ў Беларусі сёньня больш за 350 палітвязьняў. Гэта быў магутны сыгнал ад нас — сытуацыя не дазваляе, каб санкцыі заставаліся замарожанымі. Цяпер мы паглядзім, ці будуць санкцыі эфэктыўнымі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр плянуе працаваць зь Вільні. МЗС Беларусі ўжо адрэагаваўДжулі Фішэр таксама выказалася і на іншыя тэмы беларуска-амэрыканскіх адносінаў. Яна зноў спынілася на «замаху» на Лукашэнку, які, паводле ягонага рэжыму, падрыхтаваны спэцслужбамі ЗША. Абвінавачаньні яна назвала «абсурднымі».
«Многія разумныя і рацыянальныя людзі могуць пасьмяяцца з гэтага, знайсьці несупадзеньні ці ўбачыць адсутнасьць пэўных дэталяў у гэтай гісторыі. Але што на самай справе мяне хвалюе: у Беларусі сёньня сапраўдны палітычны крызіс, але, замест таго, каб рабіць захады, Лукашэнка вырашыў засяродзіцца на пошуках вінаватых, а не на рэальных праблемах, зь якімі сутыкаюцца беларусы, не на кроках, якія трэба зрабіць, каб пераадолець гэты крызіс».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да 17 красавіка быў у Магілёве і нікога не цікавіў...», — фігурант «справы аб замаху на Лукашэнку»На пытаньне, чаму Лукашэнка абвінавачвае амэрыканцаў у «замаху», дыплямат прапанавала задаць гэтае пытаньне непасрэдна яму і дапусьціла, што гэта можа залежыць «ад дня або настрою».
Таксама Джулі Фішэр пракамэнтавала нядаўнія словы міністра замежных справаў Уладзімера Макея, які заявіў, што калі Фішэр зьбіраецца прыехаць у Беларусь і рабіць заявы пра нелегітымнасьць рэжыму, то ёй няма сэнсу прыяжджаць у краіну. Яна заявіла, што амэрыканскаму дыплямату непрымальна «згаджацца на нейкія абмежаваньні дзейнасьці».
«Паслы ЗША таксама надаюць шмат значэньня назіраньню за судовымі працэсамі, за сытуацыяй з правамі чалавека. Для мяне вельмі важна зразумець, ці змагу я выконваць свае дыпляматычныя функцыі на ўсе 100 адсоткаў, таму што ЗША не прымаюць абмежаваньняў дзейнасьці амбасадараў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей: Мы гатовыя прыняць пасла ЗША, але застаецца пытаньне пра яе статусТаксама амэрыканская амбасадарка сказала, што Лукашэнку «яшчэ ня позна прыняць рашэньні, якія пайшлі б на карысьць народу Беларусі».
«Ёсьць рашэньні, якія будзе прымаць Лукашэнка, і ёсьць рашэньні, якія будуць прымаць яго асяродзьдзе і спэцслужбы. Я зь нецярплівасьцю чакаю дня, калі Беларусь будзе сучаснай эўрапейскай нацыяй, яны ўжо сёньня могуць нешта зрабіць, каб падрыхтаваць глебу для гэтага».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадарка ЗША Джулі Фішэр правяла сустрэчу ў МЗС Польшчы, асудзіла ўціск польскай меншасьці ў Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол ЗША ў Беларусі: Лукашэнка не ўтрымаецца, калі будзе працягваць рэпрэсіі