Кіраўнік новай міжнароднай плятформы для збору зьвестак аб катаваньнях у Беларусі датчанін Енс Модвіг распавёў у інтэрвію DW, як яна будзе працаваць і адкуль атрымліваць інфармацыю.
З пачатку пратэстаў у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году розныя беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі не раз заяўлялі пра ўжываньне катаваньняў і міліцэйскага гвалту да пратэстоўцаў. Аднак у дачыненьні да сілавікоў не пачалі ніводнай крымінальнай справы.
Міжнародная плятформа для Беларусі па прыцягненьні вінаватых да адказнасьці (IAPB) была створана для збору, праверкі і захоўваньня зьвестак аб сур’ёзных парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і пасьля іх. Гэтыя доказы плянуецца выкарыстоўваць для незалежнага крымінальнага расьсьледаваньня і пакараньня вінаватых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: НАК вынесла на грамадзкае абмеркаваньне праект закону аб рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсій у БеларусіПлятформа абʼядноўвае праваабарончыя арганізацыі, у асноўным, з краінаў Эўропы. Узначальвае яе дацкі інстытут супраць катаваньняў Dignity і, у прыватнасьці, яго дырэктар Енс Модвіг.
— Чаму інстытут Dignity вырашыў удзельнічаць у гэтым праекце?
— Dignity і іншыя арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у працы плятформы, — экспэрты ў мэдычна-прававым дакумэнтаваньні катаваньняў. Гэта добрая магчымасьць для экспэртных арганізацый зрабіць свой унёсак у дакумэнтаваньне і расьсьледаваньне грубых парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, нароўні з міжурадавымі мэханізмамі пад эгідай ААН, і дапамагчы ў зборы доказаў, пакуль яны яшчэ існуюць. У прыватнасьці, мэдычны агляд ужываньня катаваньняў і жорсткага абыходжаньня магчымы толькі на працягу некалькіх дзён ці тыдняў, таму дакумэнтаваньне павіннае адбывацца як мага хутчэй.
— Як вы будзеце ажыцьцяўляць збор і праверку зьвестак?
— Мы шчыльна супрацоўнічаем з беларускімі праваабарончымі арганізацыямі, якія ўжо сабралі шмат выпадкаў ужываньня катаваньняў і працягваюць гэтым займацца, нягледзячы на рэпрэсіі. Гэтыя дадзеныя знаходзяцца ў нашым распараджэньні, і ў наступныя месяцы яны будуць папаўняцца. У рамках плятформы мы будзем далей працаваць над паляпшэньнем эфэктыўнасьці іх збору і аналізу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі б замах быў сапраўдны, то КДБ апэравала б найвышэйшай мерай пакараньня». Алесь Міхалевіч пра тое, як «ламаюць» у СІЗА КДБ— Ці рабілі Вы раней нешта падобнае?
— Такая плятформа зьяўляецца беспрэцэдэнтнай. І хоць ва ўсіх арганізацыяў-удзельніц ёсьць вялікі вопыт у дакумэнтаваньні парушэньняў правоў чалавека, упершыню такі кансорцыюм пры падтрымцы вялікай колькасьці краінаў створаны для таго, каб запоўніць прабел, пакуль не запрацуе міжнародны мэханізм дакумэнтацыі і расьсьледаваньня на аснове ААН.
— Да вас могуць зьвярнуцца наўпрост пацярпелыя ад катаваньняў беларусы?
— Лепш за ўсё ім зьвярнуцца наўпрост у беларускую праваабарончую арганізацыю. У іх ёсьць экспэртыза для дакумэнтацыі выпадкаў і, калі неабходна, для аказаньня падтрымкі ахвярам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Доктар тэмпэратуру памераў рукой». Як хварэюць на COVID-19 у беларускіх турмах— Зь Беларусі паступаюць паведамленьні, што ўлады аказваюць ціск на тых, хто кажа пра катаваньні. У тым ліку, і на самі праваабарончыя арганізацыі. Вы гэта ўлічваеце ў сваёй працы?
— Безумоўна, мы сурʼёзна ставімся да бясьпекі нашых партнэрскіх арганізацыяў. Са жніўня мінулага году яны праяўляюць сьмеласьць і адданасьць справе, якія ўзрушаюць. Я захапляюся праведзенай імі працай, нягледзячы на рызыку. Усім, хто залучаны ў працу плятформы, важная іх бясьпека.
— Вы самі не можаце быць ні пракурорамі, ні судзьдзямі. Які юрыдычны статус у апрацаваных вамі матэрыялаў?
— Гэта так. Плятформа ні ў якім разе не заменіць функцыю пракурораў і судзьдзяў. Мы будзем зьбіраць матэрыял, які можна будзе выкарыстоўваць у якасьці доказаў у наступных крымінальных расьсьледаваньнях. Тады абвінаваўцы змогуць даць гэты матэрыял у судзе.
На жаль, мы не чакаем, што беларускія ўлады ў агляднай будучыні будуць удзельнічаць у крымінальным перасьледзе тых, хто вінаваты ў парушэньнях правоў чалавека. Таму справядлівасьць можа быць дасягнутая альбо з дапамогай міжнародных мэханізмаў, альбо шляхам унівэрсальнай юрысдыкцыі. Калі гэта стане магчымым, то тыя, каго абʼядноўвае плятформа, будуць супрацоўнічаць у рамках такіх мэханізмаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазбаўляюць кніг і сродкаў гігіены. Як ахова ізалятараў ставіцца да зьняволеных жанчын— У дачыненьні да сілавікоў, якія ўжылі катаваньні да пратэстоўцаў у Беларусі, да гэтага часу не была распачатая ніводнай справы. Якія шанцы, што вінаватыя ўсё ж паўстануць перад судом?
— Думаю, цяпер на гэтае пытаньне немагчыма адказаць. Я спадзяюся, што ўсе вінаватыя ў сурʼёзных парушэньнях правоў чалавека неўзабаве паўстануць перад судом тым ці іншым шляхам.