Ня больш за 8 тысяч рублёў. Савет Міністраў зацьвердзіў масымальныя заробкі для топавых футбалістаў

Чэмпіянат Беларусі ў футболе, ілюстрацыйнае фта

Футбольныя клюбы найвышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі атрымалі лісты з ураду. Адмысловая пастанова вызначае ліміт на заробкі для прафэсійных гульцоў.

Былы футбаліст, заснавальнік асацыяцыі юрыдычнай абароны гульцоў Аляксандар Сьвярчынскі расказаў спартоваму рэсурсу «Трыбуна», што адміністрацыі камандаў атрымалі дакумэнт з Саўміну аб ліміце на заробкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўны трэнэр зборнай Беларусі ў футболе пайшоў у адстаўку пасьля паразы ад Бэльгіі зь лікам 0:8

«Гэта абсалютна рэальны ліміт на заробкі — лічбы, якія нельга перавышаць ні пры якіх абставінах. Для кожнага клюбу ён будзе індывідуальны ў залежнасьці ад месца, занятага ў папярэднім годзе.

Напрыклад, першая тройка ня можа плаціць футбалістам звыш 8 тысяч рублёў. Выключэньне толькі для „зборнікаў“. Адпаведна, для камандаў, якія займалі ніжэйшыя месцы, апускаецца і столь — сем, шэсьць, пяць, чатыры. У некаторых максымальны заробак будзе 3 тысячы», — патлумачыў Аляксандар Сьвярчынскі.

Да нядаўняга часу кіраўніцтва камандаў магло стымуляваць гульцоў, зыходзячы найперш з паказьніка іх карыснасьці. Гэта дазваляла запрашаць легіянэраў, утрымліваць ад пераезду ў іншыя чэмпіянаты топавых беларускіх футбалістаў. Фарварды кшталту Аляксандра Глеба ці Віталя Радзівонава зараблялі ў БАТЭ ня меней за 20 тысяч даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі ў прэзыдэнцкай адміністрацыі лічаць, што ўсё ня так экстрэмальна». Глеб пра футбол падчас каранавірусу

З новай пастановай, паводле Аляксандра Сьвярчынскага, адток беларускіх футбалістаў за мяжу — справа практычна вырашаная. На фоне цяперашніх фінансавых абмежаваньняў заробкі гульцоў у Расеі, Казахстане, Польшчы, нават Украіне ў 3-4 разы вышэйшыя.

«Вельмі цікава, якім чынам сябе павядуць клюбы. Як яны будуць абыходзіць гэты дакумэнт, бо зьмест ягоны адназначны: у бюджэце няма грошай. Ці адкажуць каманды „ўзаемнасьцю і любоўю“, зь якой футбалісты падпісвалі праўладны ліст», — сказаў Аляксандар Сьвярчынскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заўзятары дзясятка футбольных клюбаў Беларусі заявілі, што да зьмены ўлады ня будуць наведваць матчы

Абсалютная большасьць клюбаў найвышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі залежыць ад дзяржаўнага фінансаваньня і прывязаная да горадаўтваральных прадпрыемстваў. Такая залежнасьць прывяла да таго, што ў загадным парадку футбалістаў і трэнэраў прымусілі падпісвацца пад праўладным лістом у падтрымку дзейнай улады. Некаторыя падпісанты апраўдваліся, што не хацелі гэтага рабіць, але былі вымушаныя, каб «захаваць каманду».