Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны трэнэр зборнай Беларусі ў футболе пайшоў у адстаўку пасьля паразы ад Бэльгіі зь лікам 0:8


Крыўдзіцелі беларусаў. Зборная Бэльгіі (у чырвонай форме)
Крыўдзіцелі беларусаў. Зборная Бэльгіі (у чырвонай форме)

Беларуская фэдэрацыя футболу адрэагавала на патрабаваньні заўзятараў адправіць у адстаўку галоўнага трэнэра нацыянальнай зборнай Міхаіла Мархеля.

Пад яго кіраваньнем каманда адзначылася новым антырэкордам — паразай 0:8 ад Бэльгіі ў рамках адборачнага турніру на чэмпіянат сьвету – 2022.

«Прызнаемся: скрышальная параза ў Бэльгіі балюча ўдарыла і па работніках фэдэрацыі — ад кіраўніцтва да шараговых супрацоўнікаў. Бо менавіта па выніках нацыянальнай зборнай большасьць людзей мяркуе пра разьвіцьцё гэтага віду спорту ў краіне. І такія гульні дрэнна адбіваюцца на іміджы беларускага футболу», — гаворыцца ў распаўсюджанай заяве.

Пры гэтым кіраўніцтва фэдэрацыі запэўнвае, што «кожны дзень арганізацыя разьвівае гульню»: павялічвае масавасьць, паляпшае інфраструктуру, рыхтуе трэнэраў, праводзіць турніры, арганізоўвае сэмінары. Аднак немагчыма дамагчыся выніку за адзін сэзон, лічаць спартовыя функцыянэры.

«Мы ўсьцешаныя, што заўзятары неабыякавыя да вынікаў зборнай Беларусі. Гэтыя лісты для нас — паказьнік таго, што футбол займае важную частку ў вашых сэрцах. Так, зборная Бэльгіі мацнейшая за нашу, але так прайграваць нельга. І вінаваты тут ня толькі трэнэр. Падзяліць адказнасьць зь Міхаілам Мархелем мусяць і футбалісты. Пры гэтым цяпер важней аб’яднацца, а не шукаць вінаватых. Той матч — гісторыя. Мы абавязкова зробім высновы», — адзначаецца ў афіцыйным камэнтары.

Міхаіл Мархель падаў у адстаўку. Пра гэта першым ў сваім тэлеграм-канале паведаміў журналіст Уладзіслаў Татур, звольнены летась за грамадзянскую пазыцыю зь дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-5». Пазьней гэта пацьвердзілі і ў офісе Беларускай фэдэрацыі футболу.

30 сакавіка нацыянальная каманда Беларусі пацярпела самую буйную паразу ў сваёй гісторыі — 0:8 ад зборнай Бэльгіі. Да таго самы вялікі пройгрыш быў камандзе Аўстрыі (0:5) у рамках кваліфікацыі да Эўра-2004.

Наступны матч адбору да чэмпіянату сьвету беларусы згуляюць 2 верасьня супраць Чэхіі. Напярэдадні старту адборачнага цыклю старшыня фэдэрацыі футборлу Ўладзімер Базанаў агучваў аптымістычныя пляны, што беларусам цалкам па сілах змагацца за 2-е месца ў групе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG