Актыўныя заўзятары клюбаў Найвышэйшай беларускай лігі «Дынама» (Берасьце); «Нёман» (Горадня); «Слуцак», БАТЭ (Барысаў) заявілі, што актыўныя фанацкія сэктары каманд будуць адсутнічаць як на хатніх, так і на гасьцявых матчах «да поўнай перамогі народу», піша Tribuna.
Як стала вядома Sport.tut.by, да байкоту таксама далучаюцца фанаты жодзінскага «Тарпэда-БелАЗ», сталічных «Менску» і «Тарпэда», «Шахцёра», «Віцебску» і «Маладэчна». Верагодна, сьпіс яшчэ можа папоўніцца.
Адзін з ультрас, як яшчэ называюць актыўных фанатаў, Мікіта Крыўцоў, які заўзеў за футбольны клюб «Маладэчна», загінуў пасьля пратэстаў у жніўні. Па факце ягонай гібелі сілавікі не заводзілі крымінальнай справы, афіцыйная вэрсія — самагубства, у што ня вераць ні сям’я, ні сябры Крыўцова.
Байкоты футбольных матчаў з боку актыўных заўзятараў пачаліся яшчэ ў другой палове 2020 году. Тады фанаты шэрагу каманд усіх беларускіх ліг перасталі вывешваць банэры і зьбірацца на адным канкрэтным сэктары дзеля падтрымкі камандаў.
Летась у канцы сэзону актыўнай падтрымкі ня меў амаль ніхто.
У мінулыя гады шэраг футбольных фанатаў апынуўся пад перасьледам сілавікоў. Іх адпраўлялі за краты за масавыя беспарадкі, распаўсюд парнаграфіі і па іншых артыкулах. Самі фанаты называлі гэта ціскам за палітычныя погляды і тлумачылі боязьзю ўлады перад магчымым «украінскім сцэнаром» на вуліцах, калі менавіта футбольныя заўзятары згулялі важную ролю ў аднаўленьні дэмакратыі.
Раней ад рэпрэсій больш за іншых пацярпелі фанаты менскіх клюбаў «Партызан» і «Дынама». Магчыма, гэта зьвязана зь іх найбольшымі масавасьцю і арганізаванасьцю. Некаторых зь іх пакаралі зьняволеньнем на працяглыя тэрміны.