У Малдове распусьцілі парлямэнт і прызначылі новыя выбары на 11 ліпеня

Парлямэнт Малдовы

Прэзыдэнт Мая Санду спадзяецца, што прарасейскія сілы ня будуць мець большасьці ў новым складзе парлямэнту. У распушчаным скліканьні яны сабатавалі яе рэформы і намагаліся сарваць датэрміновыя выбары.

Прэзыдэнт Малдовы Мая Санду распусьціла парлямэнт краіны і прызначыла новыя выбары на 11 ліпеня. Гэта адбылося пасьля таго, як Канстытуцыйны суд скасаваў надзвычайнае становішча ў сувязі з пандэміяй COVID-19 — яшчэ пры яго прыняцьці ў штабе прэзыдэнта заявілі, што гэта пастанову адмыслова прынялі пры шырокай падтрымцы прарасейскіх сілаў, каб не дапусьціць датэрміновых парлямэнцкіх выбараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова абвясьціла надзвычайны стан на 2 месяцы, каб стрымаць пандэмію COVID-19

Большасьць дэпутатаў распушчанага парлямэнту складалі сацыялісты з партыі папярэдняга кіраўніка Малдовы Ігара Дадона, які летась прайграў выбары праэўрапейскаму палітыку Маі Санду.

Санду вінаваціла парлямэнцкую большасьць у тым, што тая сабатавала яе рэформы і супрацьдзейнічала плянам прызначыць новыя парлямэнцкія выбары. Цяпер прэзыдэнтка разьлічвае дамагчыся посьпеху на выбарах і заваяваць большасьць мандатаў у заканадаўчым органе на 101 месца.

«Канстытуцыйны суд адкрыў грамадзянам Малдовы шлях да выбару новага парлямэнту» — паведаміла Санду ў час тэлевізійнага выступу пасьля падпісаньня рашэньня аб роспуску парлямэнту і новых выбарах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Максім Гаруноў: Беларусь і Расея ідуць у розныя бакі: першая — у 1918 год, другая — у часы імпэрыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы прэзыдэнт Кіргізстану Аскар Акаеў шкадуе, што ў 2005 годзе не перадаў уладу законным шляхам