Гэтак сказаў былы прэзыдэнт Кіргізстану Аскар Акаеў у інтэрвію каналу «Автор ТБ» на ютубе.
«У мяне былі памылкі. Але я лічу, што ў той жа час я зрабіў шмат карыснага для Кіргізстану. Палітычныя авантурнікі ведалі, што ў свабодных выбарах ня змогуць выйграць, таму наладзілі пераварот за паўгода да заканчэньня майго тэрміну і сілай захапілі ўладу. І адмоўныя наступствы гэтага працягваюцца па гэты дзень», — адзначыў Акаеў.
24 сакавіка 2005 году ў Кіргізстане адбыліся народныя хваляваньні, якія ўвайшлі ў гісторыю як «цюльпанавая рэвалюцыя». Нагодай для выказваньня незадаволенасьці грамадзян тады сталі вынікі парлямэнцкіх выбараў. Пачынаючы з 4 сакавіка ўлада на месцах у краіне пераходзіла ў рукі апазыцыі. А 24 сакавіка ў Бішкеку прайшоў буйны мітынг некалькіх палітычных сіл, у выніку якога быў зрынуты першы прэзыдэнт краіны Аскар Акаеў, які да таго моманту кіраваў краінай 15 гадоў. Ён уцёк зь сям’ёй у Маскву.
У інтэрвію Акаеў таксама дадаў, што ў Кіргізстане стала заканамерным мяняць уладу сілавымі мэтадамі, выказаўшы думку, што кастрычніцкія падзеі зноў гэта пацьвердзілі. У кастрычніку летась у Кіргізстане прайшлі масавыя пратэсты адразу пасьля абвяшчэньня папярэдніх вынікаў галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах. Лідэры і прыхільнікі апазыцыйных партый захапілі адміністрацыйныя будынкі і вызвалілі з-за кратаў шэраг палітыкаў.