Шэфства над беларускімі палітвязьнямі дэпутаты ўзялі ў межах кампаніі, ініцыяванай нямецка-швайцарскай праваабарончай арганізацыяй Libereco. Усяго ў ёй удзельнічаюць 164 палітыкі — сярод іх дэпутаты Эўрапарлямэнту і сямі нацыянальных парлямэнтаў эўрапейскіх краінаў.
Дэпутат Бундэстагу, сацыял-дэмакрат Карл-Хайнц Брунэр (Karl-Heinz Brunner) шэфствуе над сынам Віктара Бабарыкі Эдуардам:
— Ёсьць прымаўка пра тое, што ўрэшце заўсёды перамагае праўда. І праўда ў выніку возьме верх над Лукашэнкам. Я ўпэўнены, што нават калі пратэсты на вуліцах згасаюць, людзі стаміліся і губляюць сілы, яны ня страчваюць волю жыць у свабоднай, дэмакратычнай і лібэральнай краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутаты зь Літвы, Нідэрляндаў і Швайцарыі сталі «хроснымі» яшчэ трох беларускіх палітвязьняўСтаршыня парлямэнцкага камітэту ў правах чалавека Гідэ Енсэн (Gyde Jensen) кажа, што падтрымка зь Нямеччыны магла адыграць ролю ў вызваленьні некаторых зь беларускіх палітвязьняў. Гідэ Енсэн — самая маладая дэпутатка ў цяперашнім Бундэстагу, ёй 31 год. Яна ўпэўненая, што пратэсты ў Беларусі далёкія ад завяршэньня:
— Таму што людзі стаяць на слушным баку гісторыі... Можа, свой пратэст і акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня яны перанесьлі на іншы ўзровень — можа, быць больш лічбавы, — але яны ня змоўклі...
Як кажа Гідэ Енсэн, праграма шэфства над палітвязьнямі дае магчымасьць дэпутатам яшчэ раз выказаць сваю пазыцыю з нагоды падзеяў у Беларусі. Яе падапечнага Арцёма Сакава, які быў апэратарам у Сяргея Ціханоўскага, затрымалі яшчэ ў канцы траўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ трое нямецкіх дэпутатаў сталі «хроснымі» беларускіх палітвязьняў Тацяны Канеўскай, Максіма Знака і Акіхіра ХанадыДэпутат ад партыі Саюз-90 / «Зялёныя» Амід Нурыпур (Omid Nouripour) падтрымлівае блогера зь Берасьця Сяргея Пятрухіна. Ён піша лісты ў Менск, адпраўляе запыты ва ўрад Нямечыны пра стан здароўя свайго падапечнага і лічыць, што пратэставы рух яшчэ не задушаны:
— Мы ведаем, што нават сымбалічныя акцыі прыцягваюць увагу і робяць унёсак у тое, што людзі, якіх перасьледуюць, аказваюцца ў фокусе грамадзкай увагі. У сытуацыі, у якой знаходзіцца Сяргей Пятрухін, увага — гэта адзіная абарона.
Для нямецкіх дэпутатаў важна падкрэсьліць, што на Захадзе не забыліся пра Беларусь і не зьбіраюцца ігнараваць рэпрэсіі, скіраваныя супраць крытыкаў Лукашэнкі, піша Deutsche Welle.
Як кажа сацыял-дэмакрат Брунэр, дэпутаты шэфствуюць над палітвязьнямі, «каб сьвет, Эўропа і Беларусь ведалі — мы думаем пра вас, мы не забываем і мы спынімся толькі тады, калі палітвязьні будуць выпушчаныя на свабоду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэскія палітыкі зьвярнуліся з адкрытым лістом да беларускіх уладаў у справе Ігара Лосіка