Іх вінавацяць у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках і падрыхтоўцы беспарадкаў. Такія ж абвінавачаньні выстаўленыя і актывісту «Народнай грамады» Сяргею Спарышу, хоць пакуль незразумела, якое ён мае дачыненьне да каналу «Армія з народам». Да таго ж Спарыша вінавацяць у тым, што перашкаджаў дзейнасьці Цэнтравыбаркаму.
«Дайце кнігу скаргаў»
Амаль з 50 чалавек, якія прыйшлі на суд падтрымаць фігурантаў справы «Арміі з народам» і Сяргея Спарыша, ахоўнікі дазволілі прайсьці ў залю толькі 10 сваякам. У тым ліку не пусьцілі на працэс журналістаў і праваабаронцаў. «У сувязі з каранавірусам», — патлумачыла абмежаваньні супрацоўніца суду і ўвогуле не адказала на пытаньне, чаму для гучнага працэсу выдзелілі самую малую залю. Пасьля такога тлумачэньня тыя, каму не хапіла месцаў на працэсе, запатрабавалі кнігу скаргаў. Ахоўнік накіраваў людзей у прыёмную старшыні. Некаторыя грамадзяне сапраўды пайшлі пісаць скаргі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сядзім за тое, што раскрылі вочы». Што вядома пра фігурантаў справы «Армія з народам»
«Суду не давяраю, бо прызначыў Лукашэнка»
Літаральна праз 10 хвілін ад пачатку працэсу на ім абвясьцілі перапынак, каб вырашыць хадайніцтва, якое заявіў падсудны Сяргей Спарыш. Актывіст «Народнай грамады» абвясьціў пра недавер судзьдзі Аляксандру Епіхаву, а прычыну недаверу патлумачыў тым, што «судзьдзя быў прызначаны нелегітымным прэзыдэнтам Лукашэнкам». Гэтую заяву Сяргея Спарыша судзьдзя палічыў абразай і выдаліў падсуднага з працэсу, а ягонае хадайніцтва адхіліў. Калі Сяргея Спарыша выводзілі з судовай залі ў калідор, ён пасьпеў выгукнуць «Жыве Беларусь!», некаторыя прысутныя адгукнуліся — «Жыве!».
Што вядома пра стаўленьне падсудных да абвінавачаньня?
Пасьля зачытваньня абвінавачаньня суд па чарзе запытаў у падсудных, ці прызнаюць яны сябе вінаватымі. Толькі Яўген Прывалаў прызнаў віну часткова, а ўсе іншыя не прызнаюць віну цалкам. Сяргей Ярашэвіч, як і Сяргей Спарыш, таксама адмовіўся даваць паказаньні. У выніку суд вырашыў пачаць судовае расьсьледаваньне з вывучэньня матэрыялаў справы, што звычайна адбываецца ў канцы гэтай асноўнай стадыі працэсу, і толькі потым перайсьці да допыту сьведак і абвінавачаных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура: пасьля выбараў 9 жніўня супраць беларусаў завялі звыш 3 тысяч крымінальных спраў за пратэсты
Што расказалі сваякі, якіх дапусьцілі на працэс
«Гэта ня суд, а нейкая гульня ў правасудзьдзе. Пачынаючы з таго, што на суд не пусьцілі публіку і праваабаронцаў. А сама справа — нейкі вінэгрэт бязглузьдзіцы», — сказала Свабодзе маці аднаго з абвінавачаных.
Блогер Яўген Прывалаў патлумачыў сваю пазыцыю адносна частковага прызнаньня віны гэтак: «Прызнаю толькі тое, што тычыцца майго ўдзелу ў самім чаце, але ў ніякай падрыхтоўцы да беспарадкаў я ня ўдзельнічаў, усё гэта няпраўда». Ён адзіны з абвінавачаных не пад вартай, зь яго ўзятая падпіска аб неразгалошваньні.
Больш за іншых, яшчэ зь ліпеня, знаходзіцца за кратамі актывіст «Народнай грамады» Сяргей Спарыш. Сваякі Сяргея пераказалі зьмест ягоных апошніх лістоў на волю.
«Такі ж бадзёры і ўпарты, як раней, не здаецца. Ды вы самі бачылі ў судзе, як ён трымаецца. Напісаў, што вучыць замежныя мовы, нават пачаў вершы пісаць па-нямецку. Віну не прызнае цалкам, гэта дакладна ведаем, а дэталяў няма. І пра ўмовы нічога ня піша — не дазваляюць», — сказалі сваячкі Сяргея Спарыша.
Сяргей Спарыш больш за 5 гадоў актыўна займаецца апазыцыйнай дзейнасьцю, ён паплечнік Мікалая Статкевіча. Да арышту працаваў на Менскім заводзе колавых цягачоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка Статкевіча: Мікалаю выставілі артыкул за арганізацыю масавых беспарадкаў. Пойдзе як рэцыдывіст«Сышоў туды працаваць, каб быць бліжэй да народу», — так ён казаў сваякам, калі кінуў вучобу ў Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі, дзе вучыўся на кампазытара. Сваячкі актывіста расказалі, што пакуль Сяргей Спарыш вучыўся ў кансэрваторыі, ён напісаў сымфонію, яго музычныя здольнасьці хвалілі настаўнікі.
«Але Сяргей расчараваўся ў музыцы. Назаўсёды ці не — час пакажа», — сказалі жанчыны.
Сваякі абвінавачанага Сяргея Коршуна расказалі пра свае ўражаньні.
«Сяргей трымаецца і выглядае добра. Нібыта не схуднеў і такі ж, як быў, прынцыповы».
Сяргей Коршун — былы міліцыянт, перад арыштам працаваў ахоўнікам у вялікай краме. У тэлеграм-канале «Армія з народам» апублікаваў пост пра міліцыю.
Адзіная жанчына сярод падсудных — Антаніна Канавалава. Яна таксама не прызнае сваёй віны. Жанчыне 32 гады, яна маці двух малых дзяцей: дзяўчынкі і хлопчыка, узростам 4 і 6 гадоў, цяпер іх глядзіць бабуля. Бацька Антаніны Сяргей Канавалаў непакоіцца, што перад судом ад дачкі рэдка прыходзілі лісты.
«То прыйшла маленькая цыдулка, а то быў малюнак для дзяцей, а ліста ўвогуле няма. Няйначай гэта дзейнічае цэнзура „Валадаркі“», — мяркуе Сяргей Канавалаў.
Падтрымаць Антаніну Канавалаву прыйшла ў Менскі абласны суд палітвязень Аляксандра Патрасаева, якую месяц таму суд пакараў «хіміяй» за аказаньне мэдычнай дапамогі ўдзельнікам жнівеньскіх пратэстаў каля ўнівэрсаму «Рыга». У СІЗА на Валадарскага Аляксандра Патрасаева сядзела ў адной камэры з Антанінай Канавалавай і згадвае пра яе як пра «лідэра каманды аднадумцаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што пішуць жанчыны-палітвязьні«Калі б не яе маральная падтрымка, мне было б значна цяжэй перажыць усё, з чым сутыкнулася за кратамі. Яшчэ ў яе ўражальная здольнасьць размаўляць з адміністрацыяй, дамагацца вырашэньня праблем камэры. Бо ўмее настойліва і ў той жа час дыпляматычна дамагацца свайго, малайчына», — згадала пра Антаніну Канавалаву Аляксандра Патрасаева.
На адной лаве падсудных разам з Канавалавай — яе муж, меркаваны адміністратар «Арміі з народам» Сяргей Ярашэвіч. Паводле зьвестак сваякоў іншых падсудных, ён таксама трымаецца годна, віны не прызнае.
«Сёньня ягоны бацька ня змог прыйсьці на суд, бо дзяжурыць. Але зьбіраецца прыйсьці ў іншыя дні», — сказаў бацька Антаніны Канавалавай.