У Беларусі працягваецца судовы перасьлед праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі. Свабода сочыць за ператрусамі, арыштамі і выракамі ў крымінальных справах. Абнаўляецца.
«Таптаў нагамі чырвона-зялёны сьцяг» — год «хіміі»
Пракуратура Цэнтральнага раёну Менску падтрымала ў судзе дзяржаўнае абвінавачаньне ў крымінальнай справе супраць жыхара Віцебску за «зьнявагу дзяржаўных сымбаляў», паведамляе БелТА.
Ноччу 25 лютага мужчына сарваў чырвона-зялёны сьцяг з будынкаў галоўнай управы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС і УП «Менскграду», а затым кінуў яго пад зямлю і таптаў нагамі.
У судзе абвінавачаны прызнаў віну. Яго асудзілі да 1 году «хіміі». Вырак яшчэ можна абскардзіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць былога актывіста БРСМ, які сарваў чырвона-зялёны сьцяг з будынку ГУБАЗіКа. Што ён кажаАмапавец пакрыўдзіўся на слова, напісанае з памылкай — яго аўтару прысудзілі 2 гады «хатняй хіміі»
У судзе Цэнтральнага раёну Менску 30-гадовага Дзьмітрыя Чахуту прызналі вінаватым паводле 369 артыкулу Крымінальнага кодэксу і асудзілі да 2 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, на так званую «хатнюю хімію». Таксама суд абавязаў спагнаць з абвінавачанага тысячу рублёў маральнай шкоды на карысьць пацярпелага міліцыянта, які пакрыўдзіўся на расейскае слова «дрыщ».
Справу разглядала судзьдзя Вікторыя Шабуня, дзяржабвінавачаньне падтрымаў Арцём Цьвяткоў.
Чахута, паводле матэрыялаў сьледзтва, абразіў міліцыянта Ўладзіслава Шукайлу, разьмясьціўшы ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі» тэкст пад каляжом, дзе на выяве быў і Шукайла, тэкст з надпісам «Позывной дрыщ».
Экспэрт Юлія Папко ў сьнежні 2020 году прызнала слова «дрыщ» ненарматыўным, «калі мы ацэньваем асобу», адзначыўшы, што праводзіла ацэнку з улікам артаграфічнай памылкі: правільны варыянт напісаньня слова — «дрищ». Паводле экспэртызы, у слове маецца нэгатыўная ацэнка Шукайлы.
Яе экспэртызу пацьвердзіў прадстаўнік кіраваньня дзяржкамітэту судовых экспэртызаў па Берасьцейскай вобласьці Дзьмітры Клюеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На мяжы зь Літвой затрымалі віцябляніна, якога вінавацяць у абразе камандзіра менскага АМАПу БалабыДзьмітры Чахута дапусьціў, што камэнтар мог абразіць, аднак адзначыў, што на той момант не разумеў, што пацярпелы служыць у міліцыі. Ён не чытаў камэнтары да фотаздымку, а мог толькі меркаваць, што гэтая асоба магла быць супрацоўнікам АМАПу, бо ў дадзеным канале разьмяшчаліся іх дадзеныя. Чахута адзначыў, што чалавек на фотаздымку быў худы, менавіта таму ён так і напісаў. Але ўспрымае свой камэнтар выключна жартоўным, да таго ж ён адносіўся да ўсёй групы людзей, якіх разьмясьцілі на каляжы.
Пракурор Цьвяткоў палічыў, што дадзены тэкст зганьбіў гонар і годнасьць як канкрэтна Шукайлы, так і супрацоўнікаў унутраных спраў у цэлым. Ён папрасіў суд прызнаць, што Чахута кіраваўся матывамі палітычнай і ідэалягічнай варожасьці і пакараць падсуднага 2 гадамі «хатняй хіміі».
Адвакат заявіў, што матыў, згаданы пракурорам, сьледзтва не даказала. Таму прасіў пакараць свайго падабароннага толькі папраўчымі работамі і абмежавацца сумай маральнай шкоды ў 1000 рублёў: яе перавялі пацярпеламу, якому падсудны прынёс прабачэньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суды і выракі 19 красавіка: тры прысуды за абразу Лукашэнкі за адзін дзень, да 4 гадоў турмы3 гады калёніі за перавезеныя шыны
У судзе Фрунзэнскага раёну Менску 20 красавіка асудзілі палітвязьня, грамадзяніна Расеі Аляксандра Геджадзэ. Яго абвінавацілі паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Групавыя дзеяньні, што груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Судзьдзя Андрэй Млечка пакараў Геджадзэ 3 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, як і прасіў пракурор.
Крымінальную справу на Аляксандра завялі за тое, што ён на каршэрынгавым аўтамабілі перавёз шыны, зь якіх потым на дарозе ў жылым комплексе «Каскад» пратэстоўцы збудавалі барыкады. Гэта адбылося ўвечары 12 кастрычніка. У той дзень на «Маршы пэнсіянэраў» супраць пратэстоўцаў сілавікі ўжылі газ, сьвятлашумавыя гранаты і іншыя спэцсродкі, у адказ на гэта людзі ў многіх раёнах сталіцы выйшлі на вечаровыя акцыі пратэсту.
Аляксандра затрымалі 27 кастрычніка, і да суду ён знаходзіўся ў СІЗА-1 на Валадарскага. Мужчыну прызналі палітычным зьняволеным. Геджадзэ сваю віну прызнаў часткова: на судзе ён не адмаўляў, што перавозіў шыны, але сказаў, што ня ведаў, для чаго іх будуць выкарыстоўваць. Да пачатку слуханьняў палітвязень кампэнсаваў пазоў ад МНС на пакрыцьцё шкоды ў памеры 66,36 рубля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Слоніме канфіскавалі аўтамабіль за налепку з «Пагоняй» і белыя палосы на чырвоным даху3 гады «хатняй хіміі» за развоз людзей пасьля пратэстаў
У судзе Першамайскага раёну Менска 20 красавіка вынесьлі прысуд у крымінальнай справе палітзьняволенай Ганны Сунгуравай. Яе абвінавацілі паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Справу разглядала судзьдзя Сьвятлана Чараповіч. Прадстаўнік абвінавачаньня — пракурор Зубко.
Сунгурава ўдзельнічала ў акцыях пратэсту пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня. Яна дапамагала развозіць людзей па дамах пасьля мітынгаў, а таксама забірала на машыне затрыманых, якіх выпускалі з ізалятару на Акрэсьціна.
Жанчыну затрымалі 25 верасьня. Да яе прыехалі зь ператрусам, канфіскавалі два кампутары і тэлефон, а затым павезьлі ў Сьледчы камітэт. Ганна да свайго затрыманьня працавала мэнэджарам у мэблевай кампаніі. Мае траіх дзяцей. Вольны час прысьвячала валянтэрству. Да суду яе ўтрымлівалі ў СІЗА-1 Менску.
Судзьдзя Чараповіч прызнала Сунгураву вінаватай і асудзіла яе на 3 гады «хатняй хіміі». Таксама жанчыне залічаць у тэрмін адбыцьця пакараньня пэрыяд, які яна знаходзілася пад сьледзтвам, з разьліку адзін дзень за два.
Матэрыяльны пазоў «Менскрансу» ў памеры 2 361 рубель 50 капеек будзе разгледжаны ў грамадзянскім працэсе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам сыгналілі ў падтрымку». Менскую мастачку абвінавачваюць у перакрыцьці дарожнага рухуПракурор запатрабаваў 12 гадоў калёніі для менчука за наезд на вайскоўцаў
20 красавіка ў Менскім гарадзкім судзе ідуць судовыя спрэчкі ў крымінальнай справе супраць 25-гадовага інжынэра БНТУ Ціхана Восіпава. Яго абвінавачваюць адразу паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: замах на забойства вайскоўцаў (ч.1 арт. 14 і 362), удзел у масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293), сьвядома лжывы данос (ч. 1 арт. 400).
Справа разглядаецца пад старшынствам судзьдзі Дзьмітрыя Цыкалы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суды і выракі 12 красавіка: За наезд на сілавікоў судзяць інжынэра, яму пагражае да 25 гадоў турмыПаводле вэрсіі абвінавачваньня, у ноч на 11 жніўня малады чалавек удзельнічаў у акцыях пратэсту і наехаў на сваім BMW на пяць вайскоўцаў. Пасьля гэтага наўмысна ўтапіў аўтамабіль у вадаёме і заявіў у міліцыю, што яго ўкралі.
Віну Ціхан Восіпаў прызнаў толькі паводле ч. 1 арт. 400 КК (сьвядома лжывы данос), два іншыя цалкам адхіліў. Сказаў, што ў яго не было намеру забойства, а проста ён спалохаўся, убачыўшы, як людзі ў форме разьбіваюць машыны і выцягваюць адтуль кіроўцаў. Таму зьехаў, выпадкова зачапіўшы вайскоўцаў.
Па яго словах, яму разьбілі задняю правую шыбу, адзін сілавік накіроўваў на яго зброю. Ён прыгнуўся і ўжо не кантраляваў дарожную сытуацыю, але чуў, як па машыне з усіх бакоў б’юць дубінкамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Увесь час білі па машыне». Інжынэра вінавацяць у наезьдзе на пяцёх вайскоўцаўДзяржабвінаваўца Антон Цюменцаў лічыць, што віна Ціхана Восіпава цалкам даказаная і папрасіў суд пакараць яго 12 гадамі калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму (ч. 2 арт. 293 КК — 4 гады, ч. 1 арт. 400 — 1 год, ч. 1 арт. 14 і арт. 362 — 11 гадоў, сумарна — 12). Таксама зь яго патрабуюць спагнаць судовыя выдаткі на суму 2670 рублёў.
Пацярпелымі выступаюць кантрактнікі вайсковай часткі 5524 Васільчанка, Астапенка, Протас, Воліс, Ляпёшкін. Яны заявілі патрабаваньні аб кампэнсацыі маральнай шкоды агулам на 1300 рублёў: Васільчанка — 500, Воліс, Ляпёшкін, Ратас, Астапенка — па 200. Усе сумы кампэнасаваныя да суду. Пацярпелыя заявілі, што прэтэнзій да абвінавачанага ня маюць.
Вырак за абразу супрацоўніцы АМАП, якую раней укусіла аптэкарка
Жыхарку Горадні Анастасію Каламейчанку асудзілі на паўтара года «хатняй хіміі» за абразу супрацоўніцы АМАП. Вырак вынес суд Кастрычніцкага раёну Горадні 20 красавіка. Суд таксама пастанавіў канфіскаваць айфон Каламейчанкі.
Судзьдзя — Маргарыта Ланцэвіч, пракурор — Алена Пронька.
Анастасіі Каламейчанцы 31 год, у яе двое малых дзяцей.
Паводле абвінавачаньня, гарадзенка 3 верасьня ў сторыз абразіла супрацоўніцу АМАП Дар’ю Бандарчук.
Каламейчанка сваёй віны не прызнала. Яна расказала, што заходзіла ў свой акаўнт у сацыяльных сетках таксама з прыладаў сваіх знаёмых, таму нехта іншы мог атрымаць доступ да яе старонкі і напісаць нешта замест яе.
У сьнежні жанчыну затрымлівалі на 72 гадзіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскую пэнсіянэрку, якая ўкусіла амапаўку, пакаралі 2 гадамі «хатняй хіміі». За тое, што яе пабілі, справы нямаДарʼя Бандарчук вядомая па справе з 55-гадовай аптэкаркай Марынай Палікарпавай. Яе затрымалі ўвечары 9 жніўня горадзенскія амапаўкі Дарʼя Бандарчук і Марыя Мазуркевіч. Яны прадставіліся затрыманай як Маша і Даша Лукашэнкі. Пры затрыманьні Палікарпава ўкусіла Бандарчук за руку. Яе асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі». Жанчына заяўляла ў судзе, што ўкусіла, каб абараніцца, бо яе білі і душылі.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Вырак за камэнтар у сацсетцы пра супрацоўніка ДАІ
Судзьдзя Ленінскага раёну Магілёва Алена Літвіна 20 красавіка прысудзіла магілёўцу Канстанціну Шаўнёву два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.
Роўна столькі патрабаваў і дзяржабвінаваўца Аляксандар Драздоўскі.
Як паведамляе праваабарончы рэсурс MAYDAY, Шаўнёва прызналі вінаватым у тым, што ён пакінуў абразьлівы камэнтар пра супрацоўніка ДАІ Аляксандра Кіркалава ў групе «Народный репортёр» у сацыяльнай сетцы «УКантакце» ў верасьні 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магілёўца пакаралі двума гадамі «хіміі» за зьнявагу міліцыянтаў. Тыя патрабавалі 13 тысяч рублёў за «маральныя пакуты»Раней за абразу Кіркалава да крымінальнай адказнасьці прыцягнулі другога магілёўца — Ігара Міцянкова.
Шаўнёў сваю віну прызнаў. Ён абавязаны таксама кампэнсаваць Кіркалаву маральную шкоду — 700 рублёў, з якіх 600 Шаўнёў ужо выплаціў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сваякі фігурантаў «пінскай справы»: начальнік міліцыі даў загад «адкрыць агонь», справакаваў сутычку з пратэстоўцамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Захапляюся маладымі. Яны дакладна не здадуцца». Цяжка пабіты пры затрыманьні архітэктар Дзьмітранок выйшаў на волю перад «хіміяй»