На пачатак 2021 году ў асацыяцыі было больш за 1200 сябраў, яна мае пяць філій. Арганізацыя існуе на складкі сяброў і ахвяраваньні. БАЖ — асацыяваны сябра Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў (IFJ). Сабралі яскравыя факты пра дзейнасьць БАЖ за апошні год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшынём БАЖ перавыбралі Бастунца. Ён заявіў аб прававым дэфолце ў краіне. ФОТА1. 16 лютага 2021 году ў супрацоўнікаў, а таксама ў менскім офісе адбыліся ператрусы. У прыватнасьці, абшукалі кватэры старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, ягоных намесьнікаў Алега Агеева і Барыса Гарэцкага. Офіс БАЖ доўгі час заставаўся апячатаным. Андрэй Бастунец зьвязаў гэтыя падзеі з агульным ціскам на грамадзянскую супольнасьць.
2. БАЖ адсочвае і неадкладна рэагуе на рэпрэсіі, якія абрынуліся на журналістаў з часу прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і ў поствыбарчы пэрыяд. Усе яны зьбіраюцца ў асобны маніторынг на сайце арганізацыі. Цяпер у няволі 12 журналістаў і статыстыка рэпрэсій няўхільна нарастае. Гэтак, у лютым БАЖ паведамляў пра 477 затрыманьняў журналістаў, 62 пацярпелых ад гвалту супрацоўнікаў мэдыя і больш як 1200 дзён, якія журналісты агулам правялі за кратамі.
9 лютага БАЖ зьвярнуўся па падтрымку да калегаў усяго сьвету ў сувязі з пачаткам суду над журналісткамі Белсату Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Раней выступіў на абарону журналісткі TUT.by Кацярыны Барысевіч, якую арыштавалі пасьля трагічнай сьмерці пратэстоўца Рамана Бандарэнкі.
3. БАЖ падтрымлівае рэпрэсаваных і зьняволеных журналістаў.
Разам зь міжнароднымі партнэрамі зьвяртаюцца з заклікамі дабівацца вызваленьня журналістаў, якія зазнаюць перасьлед і знаходзяцца ў зьняволеньні. На сайце таксама разьмешчаныя адрасы, на якія можна напісаць лісты журналістам у турмах.
4. БАЖ салідарны з мэдыя, якія трапляюць пад рэпрэсіі. Летась у верасьні Міністэрства інфармацыі падало пазоў у Эканамічны суд аб спыненьні сеткавага выданьня TUT.BY, а міністар інфармацыі Ігар Луцкі, не чакаючы вэрдыкту суду, падпісаў загад зрабіць гэта да канца 2020 году. 1 кастрычніка БАЖ заклікаў ведамства забраць пазоў супраць TUT.BY і паспрыяў таму, каб заяву падпісалі больш за 30 рэдакцый. Хоць суд і пазбавіў партал статусу мэдыя, рэсурс працягвае дзейнічаць як інтэрнэт-плятформа.
Летась БАЖ рабіў заявы ў абарону старэйшага незалежнага выданьня «Народная Воля», якому адмовілі ў друкаваньні ў Беларусі і скралі наклад.
5. Ня першы год дзеля ўдасканаленьня прафэсійнага майстэрства супрацоўнікаў мэдыя БАЖ ладзіць конкурс «Вольнае слова». У 2020 годзе на конкурс было даслана больш за 150 тэкстаў 50 аўтараў з розных выданьняў у 5 намінацыях: інфармацыйныя, аналітычныя, мастацка-публіцыстычныя жанры, журналісцкае расьсьледаваньне і дэбют.
6. Сайт БАЖ — агрэгатар навінаў пра бясьпеку журналістаў. Адным зь першых паведамляе пра затрыманьні, вобшукі ды іншыя здарэньні, зьвязаныя з журналісцкай дзейнасьцю сваіх сябраў і незалежных выданьняў.
7. Адзін з кірункаў дзейнасьці — прававая экспэртыза законапраектаў і практык, якія тычацца дзейнасьці мэдыя. Так, БАЖ знаёміць з апошнімі зьменамі ў заканадаўстве, якія тычацца працы журналістаў. Каб прадставіць грамадзтву грунтоўны аналіз і слушныя парады, БАЖ зьвяртаецца да кампэтэнтных спэцыялістаў. Ад пачатку 2020 году праведзены дзясяткі такіх экспэртыз. Адна з апошніх — «Блякаваньне сайтаў: прававыя прылады», у якой праблему абмяркоўваюць зь юрысткай Крысьцінай Рыхтэр.
8. БАЖ разам зь іншымі праваабарончымі арганізацыямі Беларусі, рэгулярна рыхтуе справаздачы аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Штогод такія дакумэнты накіроўваюць у Камітэт правоў чалавека ААН ды іншым міжнародным партнэрам. Беларуская асацыяцыя журналістаў са свайго боку маніторыць становішча з правам на свабоду слова і распаўсюд інфармацыі. Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву факты перасьледу беларускіх журналістаў становяцца шырока вядомыя ў сьвеце.
9. Ад заснаваньня БАЖ у 1995 годзе пры ім дзейнічае камісія па этыцы, якая кіруецца кодэксам аб этыцы, прынятым зьездам арганізацыі. Гэтая камісія — адзіны рэальна дзейны орган журналісцкай самарэгуляцыі ў Беларусі, на ёй разглядаюцца канфліктныя сытуацыі ў дзейнасьці журналістаў і мэдыя. Так, у 2020 годзе пад разгляд камісіі трапілі тэлеграм-каналы «Беларусь головного мозга» і «#МотолькоПомоги». «Наша рашэньне заўсёды адназначнае: ёсьць парушэньне этыкі ці яго няма», — казаў яе старшыня Сяргей Ваганаў.
10. У 2021 годзе камісія па этыцы выказала сябрам арганізацыі свае рэкамэндацыі, як ім дзейнічаць ва ўмовах ціску ўладаў.