Як паведамляе БелТА, новым міністрам інфарамацыі Аляксандар Лукашэнка прызначыў Уладзімера Пярцова. Лукашэнка пры гэтым заявіў, што ў Беларусі ідзе «інфармацыйная вайна».
«Таму трэба рэагаваць апэратыўна, такім чынам, каб не біць па хвастах, як кажуць у народзе, а плянаваць працу СМІ па замяшчэньню інфармацыйнага поля нашым, дзяржаўным кантэнтам у эпоху такога інфармацыйнага проціборства. Каб наш кантэнт быў дамінуючым, каб праца нашых журналістаў была яшчэ больш яркай, якаснай », — сказаў Пярцоў, якога цытуе БелТА.
«У нашым мэдыяляндшафце, гэта яшчэ трэба будзе дакладна вывучыць, маецца досыць вялікая доля кантэнту, які сфарміраваны ня вытворцамі Беларусі, адпаведна, парадак дня, настроі людзей фармуюць у тым ліку і замежныя вытворцы, вяшчальнікі. Мы будзем у роўнай ступені дэмакратычныя, як лідзіруючыя дэмакратычныя дзяржавы — вось якія правілы яны распрацавалі і ўжываюць у сябе, вы іх добра ведаеце, такія ж мы павінны ўжываць у сябе, таму што час прымушае », — заявіў новы міністар.
Што вядома пра новага міністра
Да сёньня Пярцоў займаў пасаду дырэктара прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі. Ён нарадзіўся ў 1974 годзе ў Віцебску. У 1996-м скончыў Віцебскі дзяржаўны унівэрсытэт ім. Машэрава, у 2007 годзе — Акадэмію кіраваньня.
У 1995–1999 гадах — рэдактар Віцебскага абласнога тэлерадыёаб’яднаньня, у 1999–2002 — галоўны рэдактар абласнога радыё. У 2002-2003 гадах узначальваў Гродзенскае абласное тэлерадыёабʼяднанне. У 2003–2008 гадах — дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства радыётэлецэнтра «Тэлерадыёкампанія Гродна».
З 2010 году працаваў на пасадзе дырэктара прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі.
Пярцоў — пастаянны ўдзельнік праграмы «Клюб рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь-1», дзе крытыкуюць і шальмуюць незалежныя мэдыя.
Чым запомніўся стары міністар
Ігар Луцкі займаў пасаду міністра з чэрвеня 2020 году, замяніўшы на пасадзе Алеся Карлюкевіча. Яго кіраваньне запомніцца ціскам на недзяржаўныя мэдыя: дзясяткі сайтаў незалежных мэдыя заблякавалі, Tut.by пазбавілі статусу СМІ, незалежным выданьням выносілі папярэджаньні.
Акрамя таго, у жніўні «Народная воля» і «Камсамольская праўда» перасталі друкавацца ў Беларусі, а ў другой палове году некалькі рэгіянальных СМІ наогул спынілі выхад на паперы.
Пры кіраваньні Луцкага адбылося больш за 400 затрыманьняў журналістаў, 12 застаюцца ў турмах па крымінальных справах пры ўхвальным маўчаньні міністэрства. «Напэўна, ёсьць за што», — адказаў Луцкі на пытаньне, як ставіцца да прысуду Кацярыне Барысевіч.
У сакавіку 2021 году рэпрэсіі распаўсюдзіліся і на не грамадзка-палітычныя беларускамоўныя выданьні. Часопісы «Наша гісторыя», «Дуду» і «Асьцярожна: дзеці!» выключылі зь дзяржаўных сетак распаўсюду, пры гэтым захоўваецца шырокае прадстаўніцтва расейскамоўных часопісаў.