У першым і другім чытаньні. Палата прадстаўнікоў прыняла «рэпрэсіўныя законапраекты»

Палата прадстаўнікоў

Дэпутаты за паўдня прынялі тры законы ў першым чытаньні, восем у другім, унесьлі зьмены ў тры кодэксы і 12 законаў. Што ў іх новага?

У парадак дня Палаты прадстаўнікоў на 16 красавіка ўнесеныя ў 1-м чытаньні тры законапраекты — пра крымінальную адказнасьць, адвакацкую дзейнасьць і турызм. У 2-м чытаньні зьбіраліся пасьпець разгледзець восем законапраектаў, у тым ліку пра экстрэмізм, масавыя мерапрымствы, рэабілітацыю нацызму, дзейнасьць СМІ і абарону сілавікоў.

Таксама дэпутаты плянавалі ўнесьці зьмены ў Працоўны і Грамадзянскі працэсуальны кодэксы, а таксама ў законы аб:

  • дзяржаўнай абароне судзьдзяў, адказных асоб праваахоўных і кантрольных (наглядных) органаў, супрацоўнікаў органа дзяржаўнай аховы,
  • дзяржаўнай ахове,
  • дзяржаўнай мяжы,
  • масавых мерапрыемствах,
  • органах дзяржаўнай бясьпекі,
  • органах памежнай службы,
  • органах унутраных спраў,
  • прамысловай бясьпецы,
  • сродках масавай інфармацыі.
  • супрацьдзеяньні экстрэмізму,
  • унутраных войсках МУС,
  • электрасувязі.

Ніякіх акцый без дазволаў, дадатковыя абмежаваньні журналістам

У 2-м чытаньні прынялі зьмены ў закон «Аб масавых мерапрыемствах», перадае БелТА.

  • Скасавалі паведамляльны парадак для акцый у вызначаных месцах.
  • На ўсе акцыі патрэбны дазвол уладаў.
  • Пакуль няма дазволу, нельга нават абвяшчаць пра акцыю ў СМІ, ня тое што закліка́ць на яе.
  • Забаранілі жывыя эфіры зь несанкцыянаваных акцый.
  • Да журналістаў на акцыях будуць ставіцца гэтак жа, як да ўдзельнікаў ці арганізатараў.
  • Палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні будуць адказваць за заклікі іх чальцоў да арганізацыі і правядзеньня несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў.
  • Забаранілі зьбіраць грошы і хоць як дапамагаць людзям, пакараным за парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Закон «Аб масавых мерапрыемствах» за 24 гады мянялі дзясятак разоў. Як гэта было

Крыміналізавалі пратэсты і «зьлівы»

Палата прадстаўнікоў прыняла ў 1-м чытаньні зьмены ў тры кодэксы: Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны і Крымінальна-выканаўчы, паведаміла БелТА.

Што стане крымінальным злачынствам

  • незаконная перадача інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестак іншай асобы бязь ейнае згоды, — у тым ліку ў дачыненьні да асобы або яе блізкіх у сувязі з ажыцьцяўленьнем ёю службовай дзейнасьці або выкананьнем грамадзкага абавязку;
  • распаўсюд уладальнікам інтэрнэт-рэсурсу, не зарэгістраванага ў якасьці сеткавага выданьня, інфармацыі, распаўсюд якой забаронены, калі гэта ўчынена цягам году пасьля адміністрацыйнага спагнаньня за гэткае ж правапарушэньне;
  • неаднаразовае парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў пасьля двух адміністрацыйных спагнаньняў цягам году;
  • невыкананьне рашэньня аб прызнаньні арганізацыі экстрэмісцкай і аб прыпыненьні ейнай дзейнасьці.

За што ўзмацнілі крымінальнае пакараньне

  • паклёп,
  • дзеяньні, скіраваныя на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы,
  • наўмыснае несанкцыянаванае капіяваньне, перахоп або заўладаньне кампутарнай інфармацыяй, якое нанесла істотную шкоду,
  • супраціўленьне сілавіку,
  • гвалт або пагрозу гвалтам сілавіку альбо ягоным блізкім з мэтай перашкодзіць, зьмяніць характар ягонай дзейнасьці або адпомсьціць за яе,
  • зьнявагу дзяржаўных сымбаляў.

Скасоўваюць адвакацкія бюро і адвакатаў-індывідуалаў

16 красавіка быў ухвалены ў 1-м чытаньні законапраект «Аб зьмяненьні законаў аб адвакацкай дзейнасьці», паведамляе БелТА.

У ім, сярод іншага, скасоўваецца дзейнасьць адвакатаў у складзе адвакацкіх бюро і індывідуальна. Адзінай арганізацыйнай формай цяпер будуць юрыдычныя кансультацыі. Беларускія адвакаты выступілі супраць такога палажэньня законапраекту, але да іх не прыслухаліся.

Былых сілавікоў і судзьдзяў будуць прымаць у адвакаты паводле спрошчанай працэдуры, бо ў іх ужо ёсьць досьвед юрыдычнай работы. Міністэрства юстыцыі зможа праводзіць любыя праверкі, уплываць на фармаваньне органаў адвакацкага самакіраваньня і ўдзельнічаць у іхнай рабоце. Па сутнасьці, усталёўваецца татальны кантроль адвакатуры, што супярэчыць прынцыпам ААН, адзначае Tut.by.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіўся законапраект, які забараняе адвакатам-індывідуалам абараняць у крымінальных і адміністрацыйных справах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура: пасьля выбараў 9 жніўня супраць беларусаў завялі звыш 3 тысяч крымінальных спраў за пратэсты

Папраўкі для сілавікоў

Дэпутаты прынялі ў 2-м чытаньні папраўкі ў законы, якія тычацца правоў сілавікоў. Як гаворыцца ў паведамленьні БелТА, — «з улікам практыкі прымяненьня дзейнага заканадаўства».

У свабодным доступе закону няма, але праўкі тычацца прымяненьня сілавікамі

  • фізычнай сілы,
  • спэцыяльных сродкаў,
  • баявой і спэцыяльнай тэхнікі,
  • зброі.

Адзіная канкрэтная зьмена, пра якую расказала дзяржагенцтва, — права сілавікоў на доступ да пэрсанальных зьвестак з інфармацыйных сыстэмаў. Бясплатна і бяз згоды чалавека.

Афіцыйнае папярэджаньне, забарона дзейнасьці, турма. Што пагражае за «рэабілітацыю нацызму»


У 2-м чытаньні прынялі законапраект «Аб недапушчэньні рэабілітацыі нацызму». Ягоны тэкст раней зьявіўся ў публічным доступе. У чым асноўныя навацыі?

У тэксьце даюцца вызначэньні некаторых паняцьцяў. Нацысцкімі злачынцамі названыя арганізатары, падбухторшчыкі, кіраўнікі ці выканаўцы ваенных злачынстваў. Памагатыя — тыя жыхары акупаваных тэрыторый, у тым ліку прызваныя на службу, хто непасрэдна выконваў або наўмысна садзейнічаў выкананьню загадаў нацысцкіх органаў.

Пералік дзеяньняў, якімі вызначаецца рэабілітацыя нацызму, дапоўнілі «гераізацыяй нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых» — праслаўленьнем іх, а таксама іх злачынстваў.

Супрацьдзейнічаць рэабілітацыі нацызму, згодна з дакумэнтам, будуць з дапамогай патрыятычнага выхаваньня грамадзянаў. Вось што пад ім разумеецца:

  • фармаваньне ў грамадзтве нецярпімасьці да нацызму і яго рэабілітацыі;
  • распаўсюд адпаведнай інфармацыі, у тым ліку ў інтэрнэце;
  • услаўленьне перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне праз мастацтва, адукацыйныя і навуковыя праекты.

Сярод суб'ектаў супрацьдзеяньня рэабілітацыі нацызму законапраект вылучае МУС — ведамства будзе каардынаваць дзейнасьць дзяржорганаў. Разам з КДБ праваахоўнікі мусяць рабіць прагнозы грамадзка-палітычнай сытуацыі, падаваць інфармацыю кіраўніку краіны і ўраду, удзельнічаць у рэалізацыі прафіляктычных захадаў.

Міністэрства юстыцыі, апарат Упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў і мясцовыя выканкамы, апроч іншага, павінны маніторыць дзейнасьць партый, прафсаюзаў, грамадзкіх абʼяднаньняў і рэлігійных арганізацый.

За парушэньні могуць вынесьці афіцыйнае папярэджаньне, прыпыніць дзейнасьць любой арганізацыі (у тым ліку замежнай і міжнароднай), прызнаць іх экстрэмісцкімі і забараніць на тэрыторыі Беларусі.

Крымінальная адказнасьць за рэабілітацыю нацызму зьявілася ў беларускім заканадаўстве 1 лютага 2020 году — тады набылі сілу папраўкі ў артыкул 130 Крымінальнага кодэксу («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці, рэабілітацыя нацызму»). Санкцыя артыкула прадугледжвае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Новы законапраект аб СМІ: абмяжоўваць, пазбаўляць, прыцягваць да адказнасьці

Палата прадстаўнікоў 16 красавіка ўхваліла ў 2-м чытаньні законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях сродкаў масавай інфармацыі». Праект апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Як вынікае з дакумэнту, будуць пашыраныя абавязкі юрыдычных асобаў, якія зьяўляюцца рэдакцыямі СМІ, уладальнікамі інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданьняў. Да 5 гадоў павялічаны тэрмін забароны на права фізычным і юрыдычным асобам выступаць у якасьці заснавальніка СМІ пасьля таго, як яго выпуск спынены. Для ўладальнікаў інтэрнэт-выданьня такое абмежаваньне — 3 гады.

Сярод падставаў для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі або перарэгістрацыі называюцца наступныя:

  • назва СМІ супадае або падобная да назвы выданьня, у дачыненьні да якога прынята рашэньне аб спыненьні выпуску;
  • назва сеткавага выданьня не супадае з назвай дамэну інтэрнэт-рэсурсу;
  • галоўны рэдактар ня мае права паводле закону займаць такую пасаду.

Таксама ў праекце дакумэнту пашыраны сьпіс падставаў для спыненьня выпуску СМІ:

  • вынясеньне цягам году двух і больш пісьмовых папярэджаньняў;
  • рашэньне міжведамаснай камісіі па бясьпецы ў інфармацыйнай сфэры аб наяўнасьці паведамленьняў або матэрыялаў, распаўсюд якіх можа прывесьці да ўзьнікненьня пагрозы нацыянальнай бясьпецы.

Зьявіліся новыя прычыны, на падставе якіх дзяржорганы могуць абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданьняў. Так, на рашэньне Міністэрства інфармацыі гэта дазволена ў наступных выпадках:

  • публікацыя інфармацыі, забароненай да распаўсюду;
  • вынясеньне ўладальніку інтэрнэт-рэсурсу цягам году двух і больш патрабаваньняў, а ўладальніку сеткавага выданьня — пісьмовых папярэджаньняў;
  • невыкананьне ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсу патрабаваньняў органа дзяржкіраваньня аб ліквідацыі парушэньняў заканадаўства аб СМІ або неперадача ў гэты орган пацьвярджальных дакумэнтаў;
  • рашэньне міжведамаснай камісіі пра наяўнасьць на інтэрнэт-рэсурсе матэрыялаў, пашырэньне якіх пагражае нацыянальнай бясьпецы.

Прыняцьце закону «будзе спрыяць найбольш эфэктыўнаму забесьпячэньню інфармацыйнай бясьпекі дзяржавы і рэалізацыі канстытуцыйных правоў грамадзян на атрыманьне поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі», — сказала намесьніца старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Лілія Ананіч, перадае БелТА.

«Экстрэмістаў» будуць караць за выкарыстаньне «Пагоні»

Таксама 16 красавіка ў 2-м чытаньні прынялі закон «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму». Раней ягоны тэкст апублікавалі на Нацыянальным прававым партале.

У «экстрэмісцкіх дзеяньнях» могуць абвінаваціць каго заўгодна — людзей, партыі, арганізацыі, у тым ліку замежныя і міжнародныя.

Экстрэмізмам назвалі дзеяньні на шкоду незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту, асновам канстытуцыйнага ладу і грамадзкай бясьпецы.

Далей ідзе пералік такіх дзеяньняў з 18 пунктаў, некаторыя зь якіх выцякаюць з сэнсу фармулёўкі экстрэмізму, а некаторыя выглядаюць нечакана.

Гэтак, поруч з гвалтоўным захопам улады, стварэньнем узброеных фармаваньняў і тэрарыстычнай дзейнасьцю, экстрэмізмам палічылі:

  • распаўсюд хлусьлівых зьвестак пра розныя сфэры жыцьця Беларусі, прававы стан беларусаў, «якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь»;
  • абразу прадстаўніка ўлады,
  • дыскрэдытацыю органаў улады і кіраваньня;
  • перашкоду працы Цэнтравыбаркаму ды іншых дзяржаўных органаў;
  • актыўны ўдзел у масавых беспарадках ці іх арганізацыю;
  • заклік на несанкцыянаваную масавую акцыю — ад мітынгу да пікету, а таксама ўцягненьне людзей ва ўдзел у іх;
  • публічнае апраўданьне такіх дзеяньняў, а тым больш заклік да іх;
  • фінансаваньне вышэйпазначаных дзеяньняў.

Экстрэмісцкай сымболікай могуць палічыць усё, што можна паказаць, прачытаць ці прасьпяваць для «экстрэмісцкай дзейнасьці». А партрэт экстрэміста — сам па сабе экстрэмізм.

Забаранілі выкарыстаньне «экстрэмістамі» сымболікі, прызнанай гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, а таксама афіцыйных сымбаляў. За гэта будуць караць.

Супрацьдзейнічаць экстрэмізму, акрамя сілавікоў, будуць улады, адказныя за інфармацыю, адукацыю і рэлігію. Для гэтага будуць выхоўваць патрыятызм у дзяцей, моладзі і астатніх грамадзян.

На дзяржаўную абарону змогуць прэтэндаваць вайскоўцы і «іншыя асобы»

Дэпутаты прынялі ў 2-м чытаньні зьмены ў закон аб дзяржаўнай абароне судзьдзяў, сілавікоў і кантралёраў, перадае БелТА.

Цяпер на дзяржаўную абарону змогуць прэтэндаваць таксама:

  • вайскоўцы Ўзброеных сілаў,
  • іншыя асобы.

А таксама іх блізкія.

Дзяржаўная абарона значыць

  • ахову катэгорый людзей, пералічаных у законе,
  • больш суровую кару для тых, хто замахнецца на іх жыцьцё, здароўе ці маёмасьць,
  • матэрыяльную кампэнсацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыянты патрабуюць ад фігурантаў «пінскай справы» 380 тысяч рублёў кампэнсацыі за «маральныя пакуты»