Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявіўся законапраект, які забараняе адвакатам-індывідуалам абараняць у крымінальных і адміністрацыйных справах


Дзьмітры Лаеўскі, адвакат палітвязьня Віктара Бабарыкі. Архіўнае фота.
Дзьмітры Лаеўскі, адвакат палітвязьня Віктара Бабарыкі. Архіўнае фота.

Падрыхтаваны адпаведны законапраект. Адвакат Дзьмітры Лаеўскі назваў гэта пагрозай незалежнасьці прафэсіі.

Улады Беларусі прапануюць законапраект, які можа ўвесьці значныя абмежаваньні, а то і забарону для бюро і індывідуальных адвакатаў на дапамогу кліентам у крымінальных і адміністрацыйных справах, піша тэлеграм-канал «Мотолькопомоги».

У Беларусі ёсьць тры віды арганізацыйнай формы адвакацкай дзейнасьці: адвакацкія бюро, юрыдычныя кансультацыі і адвакаты, якія ажыцьцяўляюць індывідуальную дзейнасьць.

У новым праекце артыкул 33 Закону «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасьці ў Рэспубліцы Беларусь» пачынаецца з паўнамоцтваў індывідуальных адвакатаў, зь якіх выключаецца юрыдычная дапамога ў крымінальных і адміністрацыйных справах:

«Індывідуальная адвакацкая дзейнасьць ажыцьцяўляецца ў мэтах аказаньня юрыдычнай дапамогі, прадугледжанай артыкулам 26 гэтага Закона, за выключэньнем юрыдычнай дапамогі па пытаньнях крымінальнага, крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэньнях і працэсуальна-выканаўчага заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэньнях».

Адвакат Дзьмітры Лаеўскі, які, у прыватнасьці, працуе зь Віктарам Бабарыкам, сказаў Onliner, што праца ў бюро і індывідуальная практыка ў меншай ступені за юрыдычную кансультацыю зазнаюць вонкавы ўплыў.

«Я не хачу сказаць, што адвакаты юрыдычнай кансультацыі ў чымсьці менш карысныя. Натальлі Мацкевіч, зь якой я абараняю Віктара Бабарыку, статус работніка кансультацыі не перашкаджае выконваць свае абавязкі. Але ёсьць рычагі, якімі можна скарыстацца ў дачыненьні адвакатаў юркансультацыі».

Раней Лаеўскі даслаў пытаньні ў Міністэрства юстыцыі, Рэспубліканскую і Менскую калегіі адвакатаў, назваўшы законапраект пагрозай для незалежнасьці прафэсіі. Цяпер у бюро і індывідуальнай практыцы працуе прыкладна траціна ўсіх адвакатаў у Беларусі.

Лаеўскі кажа, што гэта прамежкавы праект зьменаў у закон. Але ён лічыць важным, каб адвакаты неадкладна выказалі сваё стаўленьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG